Тэатралізаваная прэзентацыя кнігі “Астравеччына вядомая і незнаёмая” адбылася на пляцоўцы раённай газеты
Да свайго 555-годдзя Астравец атрымаў шмат падарункаў. Адзін з іх – кніга Ніны Рыбік і Алены Іванцэвіч “Астравеччына вядомая і незнаёмая”. Кніга выдадзена рэдакцыяй “Астравецкай праўды” па матэрыялах праведзенага ў 2020 годзе раённай газетай краязнаўчага конкурсу “Пазнай Астравеччыну” пры фінансавай падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
Кніга напісана на дзвюх мовах, беларускай і рускай, ілюстравана гістарычнымі і сучаснымі фотаздымкамі, мае QR-коды, праз якія з дапамогай смартфона можна пабачыць відэапрэзентацыі. Яна ўяўляе вялікую цікавасць для настаўнікаў, краязнаўцаў, усіх, каго цікавіць гісторыя і сучаснасць роднага краю.
Выданне атрымалі ў якасці падарунка ганаровыя госці свята. У рамках дня горада на пляцоўцы раённай газеты адбылася тэатралізаваная міні-прэзентацыя новай кнігі.
…На свяце сустрэліся сучасны хлопчык Ігнат (вучань СШ №3 Ігнат Урбановіч) і колішняя ўладальніца Астраўца Барбара Радзівіл (карэспандэнт Алена Гануліч). Каб пазнаёміць госцю з мінулага з сучаснай Астравеччынай, Ігнат прапанаваў ёй пачытаць толькі што выдадзеную кніжку, дзе ўтрымліваюцца звесткі пра помнікі гісторыі, культуры, прыроды і ўвогуле адметныя мясціны нашага раёна.
Пазнаваць вядомую і незнаёмую Астравеччыну спадарыні Барбары дапамагалі гледачы, якія называлі адметныя мясціны, фота якіх з’яўлялася на экране, – і ў якасці заахвочвальнага прыза атрымлівалі не толькі шакаладкі з лагатыпам “Астравецкай праўды”, але і сімвалічную далоньку. Таму, хто назбірае іх найбольш, абяцалі ў падарунак толькі што выдадзеную кнігу.
Аказалася, што найлепш ведаюць родны край настаўнікі Гудагайскай школы Ірына Жалток і Галіна Шлыковіч, а некаторыя мясціны, да прыкладу, знакаміты дуб у Дубку, змог пазнаць толькі старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін.
Але Ігнат запэўніў: для тых, хто прачытае кнігу “Астравеччына знаёмая і невядомая”, невядомых мясцін на карце раёна не застанецца. А Барбара Радзівіл паабяцала не пакідаць Астравеччыну, пакуль не наведае іх усе.