Памятник советским воинам и партизанам в Островце
09:00 / 20.08.2023
Помнік савецкім воінам і партызанам.
Манумент у памяць пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца ў лесапаркавай зоне Астраўца з боку вуліцы Карла Маркса, першапачаткова меў іншую назву.
Работы па ўзвядзенні помніка былі распачаты ў 1974-м – за год да 30-й гадавіны Вялікай Перамогі.
Калі насыпалі курган пад манумент, сюды прывезлі зямлю з Брэсцкай крэпасці, Хатыні, мінскага Кургана Славы, з месца Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі, Валгаграда (Сталінградская бітва), Кургана Славы Швянчонскага раёна.
Двухфігурную скульптурную кампазіцыю – воіна-сцяганосца і яго паміраючага таварыша – вышынёй у 3,5 метра зрабіў вядомы беларускі скульптар Ярамір Печкін.
Урачыстае адкрыццё мемарыяла адбылося 9 мая 1975 года.
Першапачаткова манумент меў назву помніка воінам-вызваліцелям, таму што ўстанаўлівалі яго ў гонар тых, хто загінуў, змагаючыся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на тэрыторыі Астравеччыны.
Мемарыяльныя пліты з імёнамі ля падножжа кургана ўстанавілі пазней. А потым па меры атрымання звестак пра загінулых землякоў на іншых тэрыторыях туды пачалі заносіць і іх прозвішчы, каб увекавечыць памяць абаронцаў.
Аднаўлялі пліты 2 разы, апошні – у 2019 годзе.