Першымі на Астравеччыне тысячу тон зерня намалацілі Яўген Грабоўскі і Віктар Вашкевіч з КСУП “Гудагай”
Па аператыўных звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на Астравеччыне абмалочана трэць жніўнага збожжавага кліна. У КСУП “Гудагай” ўборка наблізілася да экватара.
З пачаткам масавага жніва ў лідарах прапісаліся “гудагайцы”: два звяны аператараў зернесушыльных комплексаў у Малях і Германішках дапрацавалі больш за дзве тысячы тон збожжа і рапсу; два вадзіцелі занялі 1 і 3 месца ў раёне.
Вечарам у пятніцу, 28 ліпеня, вызначыліся пераможцы прафсаюзнага працоўнага спаборніцтва сярод камбайнераў. Першымі на Астравеччыне жаданую тысячу тон на камбайне КЗС-3219 намалацілі Яўген Грабоўскі і Віктар Вашкевіч.
Пераможцы прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі, прафсаюза аграрыяў і прафсаюзнай пярвічкі КСУПа, калег па жніву. Прыемным дапаўненнем сталі кветкі, дыпломы, падарункавыя сертыфікаты, грашовыя прэміі і песні ад мясцовых артыстаў.
Акрамя гэтага, адзначылі намесніка дырэктара КСУП “Гудагай” Андрэя Вінчу, адказнага за арганізацыю і правядзення жніва ў сельгаспрадпрыемстве.
– Калі бываў ў іншых гаспадарках, многія механізатары цікавіліся, ці ёсць тысяча. Здзейснілася! У чарговы раз першым у раёне тысячу тон намалаціў камбайнерскі экіпаж на чале з Яўгенам Грабоўскім. Гэта ўжо стала традыцыяй. Так трымаць і надалей. Жадаю здароўя, няхай вас не падводзяць надвор’е і тэхніка, – віншуючы тысячнікаў, сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Іван Карніла.
Камбайн айчыннай вытворчасці КЗС-3219 працуе на “гудагайскіх” нівах першы сезон – і на ім ужо красуецца зорачка. Па даўняй традыцыі менавіта гэты знак сімвалізуе кожную намалочаную тысячу тон.
Для Яўгена Грабоўскага гэта 23 зорачка (з улікам кукурузы), а для яго памочніка Віктара Вашкевіча – першая і, верыцца, што не апошняя.
Але бадай што самым прыемным момантам для Яўгена ў гэты дзень быў поціск рукі сына, які з мамай прыехаў прама ў поле, каб раздзяліць радасць з блізкім чалавекам, і шчырае “Я люблю цябе, татачка!”.
Віншуем хлебаробаў з перамогай!
З першых вуснаў
Юрый Адула, старшыя райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:
– Першыя камбайнеры-тысячнікі атрымалі ўзнагароды ад нашых галіновых абкама і райкама. Акрамя гэтага, падарункавыя сертыфікаты ім уручыла старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Ганна Налівайка. У гэтай гаспадарцы ёсць добрая традыцыя адзначаць кожнага тысячніка сярод камбайнераў і вадзіцеляў, і двухтысячніка – сярод аператараў зернесушыльных комплексаў.
Яўген Грабоўскі, першы ў раёне камбайнер-тысячнік:
– Мэты стаць першымі сярод камбайнераў перад сабой не ставілі. Тысячу “ўзялі” каля 9 гадзін вечара. Магчыма, гэта здарылася б раней, але сёлета ўборка вельмі дажджлівая. Чакаем да абеду, пакуль збажына прасохне. Будзем спадзявацца, што ўсталюецца добрае надвор’е і тэмпы жніва паскорацца.