Вызначыліся пераможцы жніўнага спаборніцтва сярод вадзіцеляў і зернесушыльшчыкаў
Хлебаробы раёна абмалацілі амаль трэць раённых ніў, вадзіцелі перавезлі звыш 12 тысяч тон збожжа. Хоць чацвер засмуціў аграрыяў дажджлівым надвор’ем, тым не менш некаторыя з іх менавіта ў гэты дзень сталі пераможцамі раённага жніўнага спаборніцтва.
Усе перадавікі атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
З розніцай у некалькі гадзін тысячу тон зерня перавезлі Генадзь Ядзевіч з КСУП “Гервяты” і Іван Печкур з КСУП “Гудагай”.
Для “гудагайскага” шафёра гэта далёка не першая перамога: у 2020 годзе Іван Печкур быў самым хуткім сярод вадзіцеляў, якія працуюць на аўтамабілях з грузападымальнасцю звыш 5 тон, а пазалетась паказаў другі вынік.
Тройку першых аператараў-двухтысячнікаў раёна замкнулі зернесушыльшчыкі КСУП “Гервяты” Юрый Баравік і Фёдар Кірпа.
Віншуючы пераможцаў жніўнага спаборніцтва, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла пажадаў ім не растраціць імпэту да канца ўборкі і яшчэ перавесці і дапрацаваць не адну тысячу тон зерня.
Да слова сказаць, урачысты момант ушанавання перадавікоў жніва КСУП “Гервяты” трапіў у камеру здымачнай групы тэлеканала “Беларусь 1”, якая завітала ў гэтую гаспадарку. Рэпартаж пра нашых землякоў-хлебаробаў глядзіце ў адным з выпускаў праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!”
У Генадзя Ядзевіча 2 месца ў жніўным спаборніцтве сярод вадзіцеляў
“Гудагайскага” вадзіцеля-тысячніка віншуе Юрый Адула
Іван Карніла віншуе гервяцкіх хлебаробаў
Ад кіраўніцтва КСУП “Гервяты” перадавікоў узнагародзіў галоўны аграном Аляксандр Кавалька
Юрый Баравік (на фота) з напарнікам Фёдарам Кірпам другія ў раёне дапрацавалі звыш 2 тысячы тон зерня
Іван Печкур заняў 3 месца сярод вадзіцеляў