Як праходзіць уборка ў КСУП “Гервяты”, дзе самы вялікі ў раёне жніўны клін
10:30 / 29.07.2023
ЦЫТАТА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: “Каб забяспечыць уласную харчовую бяспеку; каб на стале ў нас, як кажуць у народзе, быў і хлеб, і да хлеба; каб перапрацоўшчыкі былі забяспечаны сыравінай, а жывёлагадоўля – кармамі, нам усім трэба максімальна арганізавацца”.
(Рэспубліканская селектарная нарада, 21 ліпеня 2023 года.)
Надвор’е нібыта здзекуецца з хлебаробаў. Калі травам і пасевам, як паветра, была патрэбна вільгаць, неба расшчодрылася толькі на некалькі «слязінак». Цяпер наадварот: пасылае «налётчыкаў» – дажджы, якія імкнуцца зацягнуць тэрміны ўборкі.
Але выбрыкі прыроды не астудзяць пыл аграрыяў – яны ведаюць цану кожнага зярнятка і, як ніхто, разумеюць асаблівую важнасць і стратэгічную значнасць сёлетняй уборкі…Якія цяжкасці ўзнікаюць на жніве, што радуе і засмучае хлебаробаў, даведалася, пабываўшы ў КСУП «Гервяты».
У пэўным сэнсе гэтая гаспадарка выключная. Па-першае, адзінае ў раёне сельгаспрадпрыемства, дзе жанчыны Вераніка Янковіч і Таццяна Гудойцева ў складзе сямейных экіпажаў працуюць на камбайнах. Па-другое, тут найбольшы ў раёне жніўны клін – без малога 4 тысячы гектараў збожжавых і рэкордная тысяча рапсу.
Адзначу, што пасяўныя плошчы ў гаспадарцы сфарміраваны з улікам многіх фактараў: патрэб жывёлагадоўлі, дзяржзаказу на збожжа і іншых.
Так, пад азімыя трыцікале і пшаніцу тут адвялі 1 680 і 1 045 гектараў адпаведна, пад яравы ячмень – 334, зернебабовыя – 225. У структуры збожжавага кліна значных змяненняў у гэтым годзе не адбылося – крыху зменшыліся плошчы пад аўсом. Затое з восені пасеялі азімы ячмень, чаго не рабілі некалькі гадоў запар.
Гэтая культура даспявае першай, з яе ўборкі і пачалося жніво ў гаспадарцы. «Гервяцкі» «вусаты» даў на круг звыш 50 цэнтнераў пры сярэднераённых 31,7. Потым пачалі абмалочваць пшаніцу, трыцікале, рапс. На раніцу 26 ліпеня з гэтай задачай хлебаробы справіліся на трэць. Нагрузка на адзін камбайн складае 300 гектараў. Агульнымі намаганнямі 17 хлебаўборачных машын у сярэднім за дзень абмалочваюць звыш 160 га збожжавых, ці 5% ад плана.
Машынны парк у КСУП «Гервяты» штогод абнаўляюць. Нівы ў гаспадарцы абмалочваюць 2 новыя гомсельмашаўскія камбайны. Адзін хлебаўборачны агрэгат даверылі самаму вопытнаму хлебаробу Рамуальду Масевічу, другі – сямейнаму тандэму Гудойцевых.
На адвозе зерня задзейнічана 12 аўтамабіляў. Штодзень хлебаўборачная тэхніка разбіваецца на некалькі звён у залежнасці ад фронту работ, надвор’я, аддаленасці ўчасткаў, вільготнасці збожжа і іншых фактараў.
Галоўны аграном Аляксандр Кавалька не хавае расчаравання: на сёлетні ўраджай ускладваў асаблівыя спадзяванні. «Гервятцы» з восені і вясны зрабілі значны задзел і плённа папрацавалі. Але нягледзячы на ўсе сучасныя агратэхнічныя прыёмы і тэхналогію, з надвор’ем не паспрачаешся.
Такі імпэт «гервятцаў» цалкам зразумелы: так склаўся ўборачны сезон, што даводзіцца адначасова ўбіраць збожжавыя і рапс і праводзіць паўнавартасную корманарыхтоўку.
– На другім укосе задзейнічана 3 комплексы і каля 10-ці адзінак тэхнікі на адвозе зялёнай масы. Механізатары і вадзіцелі, якія працуюць на жніве, у нас на вагу золата! Упершыню паспрабаваць сілы ў якасці камбайнераў рашылася некалькі маладых людзей. Па ўсім бачна, што ім было боязна, але справа пайшла: хлопцы працуюць не горш за вопытных хлебаробаў – упэўніўся ў гэтым на абмалоце ячменю. Мяне як галоўнага агранома гэта вельмі цешыць, – прызнаўся Аляксандр Кавалька.
Першы блін – не камяком
Упершыню на жніве разам працуюць інжынеры, загадчыкі механічных майстэрань у Гервятах і Дайлідках Вадзім Лукойць і Аляксандр Вештарт. Першы – камбайнерам, другі – памочнікам.
– Некалькі сезонаў быў памочнікам. Быць камбайнерам больш адказна, але мы з Сашам працуем на роўных, – расказвае Вадзім. – Асабліва запомніўся 2019 год, калі мы з напарнікам першымі ў раёне намалацілі сярод камбайнерскіх і маладзёжных экіпажаў тысячу тон зерня – гэта, напэўна, мара кожнага механізатара.
– А я ўпершыню працую на камбайне, – далучыўся Аляксандр. – Шэф папрасіў дапамагчы. Маўляў, гэта вучэбна-трэніровачны сезон, каб у наступным годзе з нас атрымаліся два паўнавартасныя камбайнеры. (Усміхаецца.) Тэхніку не выбіралі, давялося хлебаўборачны агрэгат рамантаваць. Папацелі, але своечасова прайшлі тэхагляд і выйшлі ў поле. Калі трэба, працуем да позняга вечара. Правільна Прэзідэнт сказаў, што жніво для беларусаў – харчовы фронт, і перамагае той, хто лепш падрыхтаваны.
Нядаўна Аляксандр завёў акаўнт у TikTok – @wesztort. Інжынер дзеліцца з нешматлікімі (верыцца, што пакуль) падпісчыкамі кароткімі відэа пра «абкатку» новых камбайнаў, выхад у поле і жніўныя будні.
Цікаўлюся ў маладых людзей: ці ёсць саперніцтва паміж хлебаробамі?
– Безумоўна, – прызнаецца Вадзім. – Яно прафесійнае. Я б назваў гэта спартыўным азартам. Здараецца, што падчас абеду хтосьці абураецца, маўляў, чаго ў маю загонку залез ці іншае – але гэта проста размовы.
– Ад механізатараў чуў, што раней розныя сітуацыі здараліся. Цяпер такога няма, мы ж усе робім агульную справу – як кажуць у нашай гаспадарцы, калоцім! – на развітанне сказаў Аляксандр.
Брат за брата
Другі сезон у пары абмалочваюць «гервяцкія» нівы родныя браты Віктар і Станіслаў Мачэлі.
– Варта мне паглядзець, а Станіслаў ужо ведае, пра што хачу сказаць, – усміхаецца Віктар. – Усім задаволены: абеды і падвячоркі прывозяць у поле, спецадзеннем забяспечаны – застаецца толькі працаваць.
– І працаваць добра! – дапоўніў брата Станіслаў.
Ніва – мой дом
За ходам уборкі ў полі сачыла памочнік раслінаводчага ўчастка №1 Паліна Макей.
– Летась пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта па размеркаванні прыехала ў Гервяты – і адразу трапіла на ўборку, праўда, у той дзень дажджыла, – з умешкай узгадвае дзяўчына. – Дарэчы, муж таксама аграном, ён працуе загадчыкам раслінаводчага ўчастка №2. Сустракаемся позна вечарам, але абое разумеем, што гэта спецыфіка нашай прафесіі.
І адзін у полі воін
Без памочніка ўбірае ўраджай Артур Мураўскі.