На дыскатэкі і ў паходы ходзяць людзі залатога ўзросту
14:30 / 23.07.2023
Людзі залатога ўзросту называюць Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва цёплым, гасцінным домам і з вялікай ахвотай яго наведваюць. Бо тут іх чакаюць і заняткі па душы, і прыемныя, сяброўскія стасункі, і цікавы адпачынак. Нядаўна вось праводзілі рэтра-дыскатэку.
Яе вядучая Яўгенія Шаптун прапанавала гасцям забаўляльную праграму: віктарыну, папулярныя мелодыі часоў іх маладосці, якія ўсе прысутныя дружна падпявалі, а потым пусціліся ў скокі. Словам, адвялі душу і пажадалі паўтарэння. Таму ў недалёкай будучыні чакаецца яшчэ адна дыскатэка.
Якое ж лета без паходаў на прыроду? Арганізоўваць іх – даўняя традыцыя. Любімае месца адпачынку – маляўнічыя берагі Янаўскага вадасховішча. Туды і накіраваліся аматары актыўнага адпачынку. Вядома ж, варылі духмяную юшку, смажылі шашлыкі і каўбаскі на вогнішчы. Ды рабілі ўсё з песняй, жартамі, тэатральнымі мініяцюрамі, спартыўнымі спаборніцтвамі. Гледзячы на ўдзельнікаў, ніяк не верылася, што яны – людзі шаноўнага ўзросту.
А кульмінацыяй «вылазкі» на прыроду стала добраахвотная акцыя: удзельнікі навязалі ў падарунак фізкультурна-аздараўленчаму комплексу венікаў – бярозавых, дубовых, з ядлоўцу. Вось будзе сюрпрыз аматарам лёгкай пары!
Фота Маргарыты КАЧАН.