Гонар Астравецкага раёна і саўгаса “Падольскі” – цялятніца Міраслава Букель

08:10 / 17.07.2023

IMG_7096_.jpg

У сельскай гаспадарцы, а тым больш у жывёлагадоўлі, выпадковых людзей не бывае. Мноства вяскоўцаў на адным месцы працуюць усё жыццё. Не выключэнне і жывёлавод РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Міраслава Букель – партрэт жанчыны сёлета занесены на раённую Дошку гонару. З перадавой цялятніцай сустрэлася на малочна-таварным комплексе «Рытань».

– Я, напэўна, чалавек старой загартоўкі: калі рабіць нешта – то толькі добра, а не абы з рук. Маладзейшыя работнікі нават жартуюць, што столькі людзі не жывуць, колькі я на адным месцы працую. Пачынала ў гэтай гаспадарцы яшчэ на старой ферме, калі комплексаў у раёне не было, – узгадвае пачатак сваёй работы ў саўгасе жанчына. – Хоць хто ведае, як склаўся б лёс, калі не вярнулася б на Астравеччыну з Літвы. Але ні аб чым не шкадую: тут прайшлі лепшыя гады майго жыцця, нарадзіліся сын і дачка. Дарэчы, абое сямейныя, а я бабуля пяцігадовага гарэзы-ўнука.

…У дзяцінстве, як і большасць вясковых дзяцей, Міра пасвіла кароў, палола грады, сенавала – словам, дапамагала старэйшым. 
– Родам я з Вялікіх Свіранак. Бацькі на мясцовай ферме даглядалі цялят. Калі таты не стала, мама працавала качагарам у магазіне, хадзіла на палявыя работы, – расказвае пра сям’ю жанчына. – Пра адукацыю мы, у адрозненне ад сучайнай моладзі, так сур’ёзна не задумваліся. У мяне не было выразнага ўяўлення, кім хачу быць. Праўда, заўсёды хацелася паглядзець свет, даведацца, як жывуць людзі ў іншых гарадах.
Часткова юначае жаданне Міраславы Зянонаўны збылося. Пасля Падольскай сярэдняй школы яна паступіла ў Вільнюскае чыгуначнае вучылішча. Вучоба падабалася, але найбольш сэрца грэла перспектыва паглядзець свет. 
– Уладкавалася на мясцовую чыгунку. Некалькі гадоў працавала па маршруце Вільнюс-Масква, аб’ездзіла палову Са­вецкага Саюза і ўсю Прыбалтыку, – з настальгіяй узгадвае жанчына.
Здавалася б, як за шматлікімі камандзіроўкамі і паездкамі знайсці час на асабістае жыццё? Але каханне само знайшло Міру. Праўда, не ў чарговым рэйсе на Маскву ці Рыгу, як магло б падумацца, а на радзіме. З будучым мужам яны пазнаёміліся на танцах у Кямелішках. 
– Трэба было выбіраць: ці там заставацца, ці вяртацца на Астравеччыну. Уласнае жыллё ў Вільнюсе нам не «свяціла». Вырашылі, што побач з роднымі і блізкімі будзе прасцей, – працягвае Міраслава Зяно­наўна. – Жылі са свёкрамі ў Рытані. Дзяцей заўсёды любіла, таму ўсцешылася, калі ў садку вызвалілася месца нянечкі – праўда, часовае. Потым працавала прыбіральшчыцай у канторы. Сямейнае жыццё не склалася, зарабляла мала, а дзяцей падымаць трэба было. Пайшла на ферму – спачатку была начным вартаўніком. Пазней тагачасны галоўны заатэхнік Аўгуль папрасіў падмяніць даярку, але гэта работа была не па мне. Дзяўчына-цялятніца замуж выйшла і выехала з Рытані – мяне паставілі на яе месца. З таго часу на ферме, а цяпер на комплексе, даглядаю самых маленькіх бычкоў і цялушак. Вельмі ўдзячна тагачаснаму старшыні Дзенюшу, што не адмовіў у просьбе: даў жыллё. Дзеці выраслі і выехалі ў Гродна, засталася адна. Ёсць агарод, трымаю кабанчыка і курэй. А сумаваць мне не даюць мае падапечныя – удваіх з напарніцай Святланай Наневіч клапоцімся пра 150 цялят. 
Варта зазначыць, што цягам апошніх гадоў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваецца метад халоднай гадоўлі. Праз некалькі гадзін пасля нараджэння цялятка пераносяць на вуліцу ў індывідуальны дамок. Лічыцца, што ў малога лепш развіваецца імунітэт, а таксама змяншаецца рызыка распаўсюджвання захворванняў – іх у «дзіцячым садку» малыя лёгка падхо­п­ліваюць адзін ад аднаго. 
– Як і цяляты, мы таксама кругласутачна на вуліцы. Гадуем бычкоў і цялушак ад нара­джэння да 2,5 месяцаў, затым пераводзім у секцыю дарошчвання, – тлумачыць жывёлавод. – Нашы падапечныя зусім як дзеці. Хапаюць за пальцы вільготнымі пыскамі. Мы для іх як другія мамы. 
Спачатку малых трэба прывучыць піць з соскі, потым – з вядзерца. Каб жывёла не хварэла, у дамку абавязкова павінна быць суха. 
– На ферму прыходзім каля 5.30 і да 11 раніцы нават не прысядзем. Выпаіць кожнага пастэрызаваным малаком, наліць свежую ваду, перасцяліць салому, насыпаць камбікорм у спецыяльныя адсекі – за клопатамі час пралятае хутка, – расказвае цялятніца. – У другой палавіне дня трэба зрабіць тое ж.
Па словах жанчыны, калектыў на МТК «Рытань» – што трэба, поруч тут людзі працуюць не адно дзесяцігоддзе. Шмат гадоў комплекс узначальвае Алена Юхна.
– Валяр’янаўна першай паве­­даміла, што мой партрэт будзе вісець у Астраўцы на Дошцы гонару. Прыбегла да нас і кажа: «Званіла прафкам. Міра, заўт­ра едзеш у райцэнтр фа­таграфавацца, – працягвае жанчына. – Спачатку разгубілася, а праз некалькі імгненняў адчула небывалую радасць. Прыемна, што столькі гадоў працую – і маю работу заўважылі і адзначылі.
Цікаўлюся ў цялятніцы, ці бы­ваюць у яе працоўныя адпа­чынкі. 
– Цяпер я ў водпуску, але ўсё адно прыбегла на комплекс. Справа не ў тым, што няма каму замяніць, –  куды ж я без сваіх гадаванцаў, – з пяшчотай у голасе прамовіла Міраслава Зяно­наўна…
І заўтра, і праз тыдзень, як і на працягу апошніх гадоў, пакуль многія будуць даглядаць каляровыя сны ў цёплых ложках, Міраслава Букель у палове шостай раніцы прыбяжыць на комплекс да «сваіх бычкоў і цялушак».

Текст:
Фото: Алёна Ганулич