За што палюбіла Астравец ураджэнка Смаргоні Алена Капылова

15:25 / 09.07.2023

k.jpg

Астравец рыхтуецца да юбілею: сёлета спаўняецца 555 гадоў з першага ўспаміну аб ім у пісьмовых крыніцах. З гэтай нагоды мы адкрываем рубрыку «Мой Астравец», у рамках якой жыхары нашага горада рознага ўзросту і часу пражывання на «маленькім астраўку маёй зямлі», як некалі вобразна назваў наш горад Уладзімір Караткевіч, раскажуць пра СВОЙ Астравец.
Сёння – слова выкладчыцы дзіцячай школы мастацтваў Алене Капыловай.

– Я нарадзілася і вырасла ў Смаргоні. У Астравец прыехала ў 1987 годзе па размеркаванні пасля заканчэння музычнага вучылішча. Тады была ўпэўнена: на тры гады, закончыцца тэрмін адпрацоўкі – і вярнуся ў родную Смаргонь. Але нездарма кажуць: хочаш насмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы… Нават не верыцца, што мінула больш за 35 гадоў з нашага першага спаткання з Астраўцом. Гэты горад стаў родным для мяне, я нават не заўважыла, калі і як. Ужо даўно, гаворачы «Паедзем дамоў», маю на ўвазе Астравец, а не Смаргонь.
Усе адзначаюць, што ў апошнія гады, калі Астравец стаў горадам атамшчыкаў, ён моцна змяніўся: папрыгажэў, пахарашэў. Тут з'явілася разгалінаваная інфраструктура, якая істотна паляпшае якасць жыцця астраўчан і гасцей горада: магазіны, спартыўныя комплексы, секцыі, гурткі для заняткаў па інтарэсах для дзяцей і дарослых. Сёння, гаворачы, што ты з Астраўца, не трэба ўдакладняць, дзе гэта, – усе ведаюць і назву горада, і яго месца­знаходжанне.
Але я палюбіла Астравец намнога раней, ледзь не з першага нашага спаткання. І горад, і яго людзі сустрэлі мяне вельмі прыязна. Мне заўсёды было тут утульна і камфортна, нават калі горад складаўся, па сутнасці, з дзвюх вуліц, не было вялікіх магазінаў і басейнаў. Аднойчы я зразумела: гэта, бадай, адзінае месца на зямлі, дзе я дыхаю з асалодай, на поўныя грудзі. Паветра тут нейкае асаблівае, ці што? Водарнае, ап'яняючае, заварожваючае…
А цяпер і гаварыць няма чаго… Я жыву ў цэнтры горада і на работу прыходжу, не паспеўшы запэцкаць падэшвы туфляў. Па дарозе любуюся горадам і яго людзьмі: цвітуць клумбы, шчыруюць работнікі камунгаса, ствараючы для нас, гараджан, гэтую прыгажосць, сонца адбіваецца ў хвалях вадасховішча, вясёлка іграе на пырсках фантана… Душа радуецца! І на работу я заўсёды прыходжу ў добрым настроі.
Я люблю Астравец! Тут мой дом, блізкія і дарагія мне людзі, любімая работа, калегі, якія сталі мне другой сям’ёй, мае таленавітыя вучні. І я вельмі рада, што лёс склаўся менавіта так – і я аднойчы і на ўсё жыццё стала астраўчанкай.

j.jpg


Текст: Нина Рыбик