Ирена Сташкевич 33 года работает в налоговой инспекции
10:30 / 09.07.2023
Дзень работнікаў падатковых органаў адзначаецца 9 ліпеня – чым не нагода пазнаёміцца з чалавекам, які працуе ў ІМПЗ нашага раёна з першых дзён яе існавання. Галоўны бухгалтар Ірэна Мечыславаўна Сташкевіч займаецца ўлікам сродкаў, дакументазваротам, налічвае зарплату членам калектыву і кантралюе паспяховую дзейнасць арганізацыі.
Як вы прыйшлі ў сферу падаткаў?
– Разам з калегамі проста перайшла ў арганізацыю, якая ўтваралася шляхам аддзялення ад фінаддзела райвыканкама, – гэта было 33 гады назад, 22 з якіх працую галоўным бухгалтарам.
Пасля заканчэння Ашмянскага тэхнікума нейкі час працавала ў калгасе імя Крылова ў Гродзях. Потым быў райсабес, кантрольны аддзел фінаддзела райвыканкама і падатковая інспекцыя. Сферы розныя, аднак усё – карысны вопыт.
Першымі ў новую арганізацыю прыйшлі Уладзімір Драган, Ірына Белцік, Марыя Падневіч. Ларысу Васілеўскую, Лідзію Бондар і мяне перавялі на некалькі дзён пазней. Рэвізорам КРУ тады быў Іосіф Іосіфавіч Свіла, які і стаў першым кіраўніком падатковай інспекцыі. Некаторыя з гэтых людзей, на жаль, ужо пайшлі з жыцця. Гэта былі мае настаўнікі ў прафесіі і сябры. З Людмілай Басалай, якая ўжо на заслужаным адпачынку, мы і сёння падтрымліваем цесныя сувязі. Увогуле харошыя людзі мне заўсёды трапляліся па жыцці…
– Ваша работа ўчора і сёння: адрозненні ёсць?
– Кожны год з’яўляецца нешта новае. Да таго ж праца ў кантрольным аддзеле адрознівалася ад абавязкаў бухгалтара, таму падвучвацца ў гэтай сферы давялося. Бухгалтарскі ўлік – гэта лічбы, налічэнне зарплаты, афармленне камандзіровак, своечасовы разлік з крэдыторамі і дэбіторамі...
Калісьці працэс быў «ручным», сёння ўсё камп’ютарызавана. Аднак без чалавека машынам не справіцца, таму ўвесь час трэба было нешта спасцігаць, як мінімум – новыя праграмы асвойваць.
Першымі з камп’ютарамі знаёміліся калегі – яны былі самавучкамі. Нават праграмы самі настройвалі.
Ці ўспомню, як працаваць на лічыльніках? Думаю, спраўлюся – столькі на іх у свой час складвала-дзяліла! Да слова, пасля лічыльнікаў былі вялікія электронныя калькулятары. На камп’ютарах, безумоўна, лепш.
– Што для вас, як бухгалтара, асноўнае ў рабоце?
– Галоўнае добра закончыць год: каб дэбет з крэдытам сышоўся і баланс атрымаўся. Для гэтага патрэбен кантроль за ўсім: матэрыяламі, выдаткамі і эканоміяй…
– У вас ёсць нелюбімыя справы, якія хочацца адкласці на потым?
– Адкладваць часта даводзіцца, бо за дзень не паспяваеш зрабіць запланаванае. Аднак гэта не значыць, што справа мне не падабаецца. На потым можна перанесці падшыўку, раздрукоўку дакументаў і шмат чаго іншага. Лічу, што работу ў любым разе трэба выконваць, прычым якасна.
– Як лічыце: у вялікім ці малым калектыве працаваць лягчэй?
– У нашай падатковай інспекцыі ўсяго 18 спецыялістаў. Калектыў невялікі, асабліва калі ўспомніць, што пачыналася арганізацыя, здаецца, з 26-ці чалавек. Незразумелы, але факт: людзей стала менш, работы – больш. (Смяецца.)
Не ведаю, ці згадзілася б змяніць свой невялічкі калектыў на большы, – прапаноў такіх не паступала, таму не задумвалася.
У адстаўку, праўда, сыходзіла, але тагачасны начальнік інспекцыі Аляксандр Мароз прапанаваў вярнуцца – што і зрабіла.
– Калі б не бухгалтэрыя, то які накірунак прафесійнай дзейнасці выбралі б?
– Мне камфортна на гэтым месцы. Хоць быць бухгалтарам не збіралася. Пайшла ў тэхнікум, таму што мама не дазволіла змяніць школу. Вырашыла: не паступлю – тады і занясу дакументы туды, куды хацела. А ўзяла і паступіла! Думала кінуць, аднак адна дзяўчына мне мудра параіла: закончы – дыплом за спінаю не насіць. Паслухала – і, так атрымалася, менавіта ў гэтай галіне знайшла сваё месца.
– Бухгалтары шмат сядзяць, мала рухаюцца – ад чаго могуць быць праблемы са здароўем. Як гэтага пазбягаеце?
– Спачатку не зусім камфортна доўга сядзець, асабліва калі па натуры ты жвавы. Але з часам да гэтага прывыкаеш. Да таго ж уставаць з месца ніхто не забараняе. Перапынкі-размінкі можна зрабіць ці за вадой схадзіць або папкі патрэбныя на паліцах узяць, напрыклад.
Калі дзеці былі малыя, з работы выйшла – і пабегла ў магазін, садок ці школу. Руху хапала заўсёды. Гэта цяпер магу ісці павольна, проста атрымліваючы асалоду. Дома – агарод, кветкі. Яны таксама засядзецца не даюць.
– Што пажадаеце калегам у прафесійнае свята?
– У першую чаргу дзякую за адказную працу. Жадаю моцнага здароўя, любові, шчасця, міру і дабра. І абавязкова добрасумленных падаткаплацельшчыкаў – тады працаваць будзе лягчэй. Усім дабрабыту!