Мотопутешествия. Паромная переправа: проехать по воде
Гэта своеасаблівы стыль жыцця, калі ты, не паспела вясенняе сонейка разагнаць нізкія зімовыя хмаркі, пачынаеш «вастрыць лыжы» і марыць пра неабсяжныя далячыні. Вандраваць можна пешшу, на машыне ці аўтаспынам, збіраць у скарбонку ўспамінаў эмоцыі ад далёкіх паездак ці мясцовых турыстычных паходаў. А месцаў, пра якія мы не ведаем і нават не чулі, у Беларусі шмат. Вандруйце разам з намі ў новым праекце «Мотавандроўкі» – і самастойна. А сваімі знаходкамі і эмоцыямі дзяліцеся ў сацыяльных сетках у групах «раёнкі». Ну што ж, апусцілі забрала моташлема – і наперад!
Паромная пераправа: праехаць па вадзе
Нездарма Беларусь называюць сінявокай прыгажуняй – на яе тэрыторыі шмат азёр. А рэк – яшчэ больш. Менавіта таму запатрабаванай ва ўсіх куточках краіны заўсёды была водная пераправа.
Сёння іх засталося няшмат – дзякуючы развіццю аўтамабільных дарог і будаўніцтву новых мастоў патрэба ў такіх «сродках перасоўвання» адпала.
З тых жа, што засталіся «для турыстаў», як і абяцала расказаць, – паром на Віцебшчыне, у горадзе Дзісне. Да слова, пераправа не толькі турыстаў зацікавіць – да гэтай пары яна дапамагае мясцовым жыхарам перабірацца праз раку.
БЕРАГ ЛЕВЫ, БЕРАГ ПРАВЫ…
Дзіснянскі паром вядомы на ўсю Беларусь. Знаходзіцца ён у прыгожым месцы на рацэ Заходняя Дзвіна, недалёка ад яе зліцця з Дзісной.
На адным беразе ракі раскінуліся невялічкія вуліцы – ну проста вясковыя, хоць, напомню: Дзісна – гэта горад! Маленькія дворыкі, квецень садоў, сакавітая зеляніна разнатраўя – такім бачыцца турысту «гарадскі» бераг, калі глядзець з высокага закругленага касагора каля руінаў былой бальніцы (аб ёй расказвалася ў мінулым выпуску «Мотавандровак», «АП» №34 ад 5 мая. – Заўв.аўт.). Не пакінуць раўнадушнымі і іншыя цудоўныя краявіды: мініяцюрны, быццам казачны, Замкавы востраў, з якога, дарэчы, і пачынаўся горад Дзісна, і вышэйузгаданыя руіны бальніцы з чырвонай цэглы. А яшчэ заварожваюць неабсяжныя прасторы і цішыня…
Левы бок ракі нічым асаблівым, акрамя прыгожай прыроды, не выдзяляецца. Аднак на ім, за вёскай Луначарскае – да слова, так называецца і паромная «станцыя», – ідзе дарога на Верхнядзвінск, Рыгу і Даўгаўпілс. Менавіта паром скарачае мясцовым жыхарам на некалькі дзясяткаў кіламетраў шлях да гэтай стратэгічна важнай трасы.
Выходзіць, тое, што для турыстаў забаўка, для мясцовых – неабходнасць.
НАДВОР’Е НЕ ПЕРАШКОДА
Пераплываюць на пароме з аднаго берага Дзвіны на другі не толькі людзі: на гэты невялічкі перасоўны «пантон» могуць заехаць адразу з пяць легкавушак – месца хапае, грузападымальнасці таксама. Не паверыла б, калі б на свае вочы не ўбачыла, як упэўнена – мабыць, не ў першы раз – па нешырокіх дошках на паром заходзяць аўтамабілі і становяцца ў роўненькія рады. Мне дошкі падаліся ненадзейнымі для чатырохколавага паўтаратонніка: бераг на заездзе мяккі, з лужынамі ў каляінах. А мясцовыя нават вокам не вядуць!
Зразумела, што пытання, ці заехаць на «пантон» на больш лёгкіх і манеўраных матацыклах, у нас пасля ўбачанага не ўзнікла.
Адпраўляецца паром згодна з графікам: кожную гадзіну з сямі раніцы і да васьмі вечара. Да слова, гэта не «атракцыён» на хуткасць: да процілеглага берага паром плыве каля пяці хвілін. Але прабягаюць яны імгненна. Да таго ж гэта цудоўная магчымасць палюбавацца навакольнай прыгажосцю!
ДЗІВА ДЗІЎНАЕ
Паром абслугоўваюць два чалавекі: адзін кантралюе работу вялізнага дызеля (калі не памыляюся, ад трактара Т-25), другі адказвае за парадак на «судне» і адкрывае-закрывае шлагбаум.
Аднак у гэтым нічога дзіўнага няма. А вось сама баржа (калі дакладней, то дзве, звараныя разам) звяртае на сябе ўвагу: вялікі металічны каркас з дашчанай падлогай, пафарбаванай у яркі аранжавы колер, ужо «падсцертай» дажджамі і сонцам, па перыметры абнесены металічнай агароджай. Для пасажыраў прадугледжаны два крытыя «прыпынкі» з месцамі для сядзення. Рухавік і бытоўка для работнікаў знаходзяцца насупраць пасажырскай зоны, у так званым механічным аддзеле.
Гэта цікавая канструкцыя, здаецца, пераносіць у савецкія часы – хоць я тады была зусім дзіця і падобных «машын» не бачыла. Але ўражанне менавіта такое…
І самае дзіўнае, што кінулася ў вочы, – механізм, які «перастрахоўвае» паром на вадзе: «водная машына» ідзе па тоўстых металічных канатах, накручаных на драўляныя слупы, укапаныя на вялікую глыбіню і прымацаваныя калкамі да зямлі. Усё да элементарнага проста – і ў той жа час зроблена надзейна і на вякі.
Будзе карысна
225 км – адлегласць ад Астраўца да Дзісны.
3,40 гадзіны спатрэбіцца, каб дабрацца да месца.
Каардынаты: 55.57087, 28.20573
Акрамя пераправы, у г.Дзісне вартыя ўвагі руіны бальніцы, драўляны мост праз Дзісну, касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі 18 ст., пажарная каланча, брацкая магіла, у якой пахавана 3 800 мясцовых яўрэяў.