Надзея Мацкевіч – пра педагагічную дынастыю

13:00 / 09.07.2023

dm.jpg

Выбар прафесіі для мяне быў прадвызначаны. Прыкладам сталі мае родныя і блізкія: у нашай сям’і шмат педагогаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё Астравецкага раёна, прысвяціўшы жыццё выхаванню сапраўдных грамадзян краіны. 
Першай шлях у адукацыю адкрыла цётка майго таты Марыя Віктараўна Мацкевіч. Яна – дзіця вайны: нарадзілася 21 ліпеня 1944 года. Пасля школы паступіла на біялагічны факультэт Смаленскага педагагічнага інстытута. Атрымаўшы дыплом, пры­ехала ў Астравецкі раён, у Альгінянскую васьмігодку. Праз некалькі гадоў перайшла на работу інспектарам РАНА, дзе працавала да самай пенсіі. Але і пасля таго некалькі гадоў вучыла дзяцей у Мальскай базавай школе. Цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Ірына Васільеўна Бяндасава (Шыла) – стрыечная сястра майго таты. У 1978 годзе яна скончыла Астравецкую СШ і паступіла ў інстытут фізічнай культуры. Працавала ў Барысаве, затым вярнулася ў родны Астравец. Была намеснікам дырэктара спартыўнай школы і трэнерам. Настаўнічала да 2013 года. 
Значны ўклад у развіццё адукацыі Астравецкага раёна ўнесла стрыечная сястра мамы Ганна Іосіфаўна Ціток (Куркуль). Яна закончыла ў 1977 годзе Жукойненскую сярэднюю школу, затым філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Выкладала рускую мову і літаратуру ў Спондаўскай СШ, затым у СШ №2 Астраўца. Стаяла ля вытокаў стварэння ў раёне карэкцыйнага цэнтра, з 2003 па 2014 год узначальвала яго. А затым яшчэ сем гадоў працавала ў СШ №2 настаўнікам-дэфектолагам – у 2005 годзе прайшла перападрыхтоўку па гэтай спецыяльнасці. 
Мая маці, Аляксандра Іосіфаўна Мацкевіч (Субко), пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўсё жыццё працавала настаўнікам матэматыкі – спачатку ў Дзягенеўскай васьмігодцы, затым у СШ №2 Астраўца, цяпер – у гімназіі. 
Родная сястра маёй мамы Ірына Іосіфаўна Навасёлава (Субко) закончыла Міхалішкаўскую СШ і Вільнюскае педагагічнае вучылішча, шмат гадоў працавала выхавальнікам ў дзіцячым садку. 
І я пасля заканчэння СШ №2 г. Астраўца не бачыла сябе ні ў якой іншай сферы акрамя педагогікі. У 2001 годзе паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Але працую выхавальнікам. 
Кожны дзень, пераступаючы парог дзіцячага садка, я бачу шчаслівыя, дапытлівыя, гарэзлівыя вачаняты – і разумею, што займаюся сваёй справай. Побач з дзецьмі няма калі старэць, трэба ўвесь час знаходзіцца ў пошуку і руху – гэта няспыннае развіццё, творчае і духоўнае, самаўдасканаленне і новыя веды. Што можа быць лепш і больш цікава?
Я хачу падзякаваць маім родным і блізкім, якія сфарміравалі мяне як асобу, падказалі шлях у прафесію, дзе галоўнае – любоў да дзяцей і бясконцае жаданне дапамагаць ім, быць іх правадніком у невядомае і складанае жыццё. 

Надзея МАЦКЕВІЧ, выхавальнік д/с №4.


Текст: Главный администратор