Чтобы росло, нужно поливать
Як па мне, цудоўная справа да святаў або знамянальных дат садзіць у Астраўцы дрэўцы або дэкаратыўныя кусты. А калі на карце горада з’яўляецца цэлая алея – увогуле выдатна. Так месца, дзе мы жывём, якое мы любім і якім ганарымся, становіцца зелянейшым і прыгажэйшым.
Падабаецца прагульвацца ў ценю гарадскога парка, сядзець на лаўцы ў цішыні лесапаркавай зоны, дзе добра думаецца і марыцца. Хоць бы пра тое, як праз пяць-дзесяць гадкоў уздымуць уверх галінкі-рукі ўчарашнія саджанцы – і горад расквітнее… Пры ўмове, зразумела, што іх будуць даглядаць.
Менавіта з апошнім сёння вымалёўваецца праблема. Акрамя работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія кожны год прыбаўляюць у горадзе зеляніны, алеі садзілі грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы, моладзь. Нават у некаторых астравецкіх сем’яў ёсць пасаджанае ў горадзе дрэўца. Толькі, на жаль, на пасадзілі-сфатаграфаваліся часцей за ўсё усё і заканчваецца. Пра тое, што нават самая маленькая раслінка патрабуе пастаяннага – а не толькі падчас пасадкі – паліву, мы забываем. І нашы “імянныя” алеі жаўцеюць, хілеюць і, не паспеўшы ўзяцца ў моц, гінуць.
Можна, канешне, абвінаваціць у гэтым ЖКГ – маўляў, на чыім балансе дрэвы знаходзяцца, той няхай і палівае. У гэтым ёсць рацыянальнае зерне, асабліва калі ўспомніць, як добра ўсе мы ведаем чужыя абавязкі, часта не зважаючы на свае. Аднак, згадзіцеся, камунальнікі без работы не сядзяць – ім хоць з тымі, што ёсць, аб’ёмамі справіцца: прапалоць клумбы, пасадзіць-перасадзіць кветкі і паспець іх паліць.
…Добрая гэта ініцыятыва – садзіць дрэўцы. Не горшай, думаецца, будзе і яшчэ адна: дапамагаць прыглядваць за раслінамі. Хоць бы за тымі, якія самі пасадзілі. Чаму б не ўзяць за правіла раз на тыдзень летам паліваць свае дрэўцы і кусты; вясной адсочваць, ці ўсе прыжыліся, і замяняць тыя, што высахлі.
А калі б гараджане дапамаглі камунальнікам яшчэ паліць дрэўцы, кусты ці кветкі, якія растуць пад іх дамамі, – увогуле было б шыкоўна. Гэта і значыць: упрыгожваць свой горад разам.
Скептыкам, якія пачнуць наракаць на “цэлае мора работы” “без перадыху” і “з галовой”, скажу так: галоўнае – захацець і праявіць ініцыятыву. Упэўнена, за вамі пацягнуцца і іншыя.
Сёлетняе лета дыхае спёкай, дажджу чакаюць і людзі, і расліны. Адгукніцеся на добрую справу – паліце свае дрэўцы. Усё ж мы ў адказе за тое, што пасадзілі…