Развіццё паляўнічай гаспадаркі абмеркавалі на абласным семінары ў Астравецкім лясгасе

10:28 / 08.06.2023

IMG_6302.jpg

Акупнасць паляўнічых гаспадарак, прыцягненне аматараў здабычы трафейных жывёл з-за мяжы, развіццё экалагічнага турызму – гэтыя і іншыя тэмы разгледзелі на абласным галіновым семінары, які прайшоў у Астравецкім лясгасе. Удзел у ім прынялі галоўныя ляснічыя і інжынеры па паляўнічай гаспадарцы Гродзеншчыны.

IMG_6305.jpg

IMG_6310.jpg

Нягледзячы на эканамічныя санкцыі і няпростае геапалітычнае становішча, Беларусь па-ранейшаму прываблівае паляўнічых з-за мяжы, асабліва “трафейшчыкаў”. Дасягненне аптымальнай колькасці жывёл, забеспячэнне іх рацыянальнага выкарыстання, арганізацыя тураў з улікам пажаданняў іх удзельнікаў і згодна з заканадаўствам – гэтыя і іншыя мэты дасягаюцца, але перад паляўнічымі гаспадаркамі, у тым ліку нашай вобласці, узнікае шэраг тыповых пытанняў, якія патрабуюць вырашэння.

– Паспяховасць любога паляўнічага тура залежыць ад яго арганізацыі і некаторых момантаў, якія на першы погляд могуць падацца нязначнымі. Напрыклад, сустрэча паляўнічых, – адкрываючы семінар адзначыў галоўны ляснічы Гродзенскага ДЛГВА Эдуард Лігер. – У гэтым сэнсе Астравецкі лясгас – паказальны: яго лесапаляўнічая гаспадарка па-ранейшаму ўваходзіць у дзясятку лепшых у краіне.

Па словах спецыялістаў, у большасці выпадкаў паляўнічыя гаспадаркі акупныя, за выключэннем затрат на ўтрыманне паляўнічых комплексаў. Гэтае пытанне стаіць на кантролі Мінлясгаса, абмярковаецца іх дыферэнцыяцыя – перавод у іншы статус.

Эдуард Лігер нагадаў, што рэклама паслуг паляўнічага накірунку, у тым ліку распрацоўка буклетаў, праспектаў, брашур і іх распаўсюджванне і іншае – цяпер клопат не галоўных ляснічых ці інжынераў па паляўнічай гаспадарцы, а спецыялістаў па ідэалогіі.

Галоўны ляснічы папрасіў прысутных звярнуць увагу на правядзенне паляўнічых тураў, у прыватнасці – тэхніку бяспекі для ўдзельнікаў, выкарыстанне святлоадбівальных камізэлек, а таксама актыўнае развіццё экалагічнага турызму ў лесагаспадарчых установах.

Дырэктар унітарнага прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” Вадзім Круцько нагадаў, што ва ўсіх лясгасах павінна быць паслуга анлайн-браніравання дома паляўнічага ці базы адпачынку на платформе “Айхант”, а таксама парэкамендаваў выпрацаваць адзіны падыход у аплаце арэнды зброі і быць больш аператыўнымі ва ўзгадненні ўліковай дакументацыі з Белдзяржпаляваннем.

Галоўны ляснічы Віктар Лях расказаў пра структуру і асаблівасці паляўнічай гаспадаркі Астравецкага лясгаса:

– Яна размяшчаецца на тэрыторыі Катлоўскага, Астравецкага, Палушскага і Варнянскага лясніцтваў – і займае 33,3 тысячы гектараў, 20,2 тысячы – лясныя ўгоддзі. Вынік правядзення паляўнічых тураў напрамую залежыць ад інфраструктуры і тэхнічнай аснашчанасці. Два комплексы (“Панская сядзіба” ў Дравяніках і “На Віліі” ў Быстрыцы), дзе створаны камфортныя ўмовы для гасцей, дазваляюць адначасова прыняць да 20-ці паляўнічых. Ёсць 3 аўтамабілі УАЗ, 2 снегабалотаходы, трактар МТЗ з неабходнымі прычапнымі і навяснымі агрэгатамі. Паспяховаму развіццю палявання ў лясгасе дапамагае вальер плошчай 220 гектараў, дзе ўтрымліваюцца алені высакародныя і плямістыя, лані, муфлоны. Акрамя арганізацыі палявання, у тым ліку ў вальерах, рэалізуем жывёл іншым гаспадаркам. Прадастаўляем у арэнду зброю. У замежных гасцей папулярнасцю карыстаецца паляванне з падыходу і з засады на казулю і высакароднага аленя. Для правядзення такіх тураў ёсць 2 сучасныя цеплавізійныя прыцэлы і 3 манакуляры для егерскай службы, – адзначыў Віктар Лях. – За 5 месяцаў бягучага года даходы ад вядзення паляўнічай гаспадаркі Астравецкага лясгаса склалі 65 тысяч беларускіх рублёў, у тым ліку 33 тысячы зарабілі на замежным турызме. Хоць у агульнай структуры даходы ад арганізацыі пражывання і харчавання складаюць невялікі працэнт, але без іх некаторыя туры ўвогуле не адбыліся б.

Галоўны ляснічы прывёў статыстыку па дынаміцы асноўных паляўчых відаў жывёл. Так, напрыклад, папуляцыя лася за апошнія 3 гады зменшылася. У першую чаргу гэта звязана з тым, што ў 2021 годзе завяршылася ўстаноўка загароджвальных збудаванняў на беларуска-літоўскай граніцы – адпаведна былі парушаны натуральныя шляхі міграцыі жывёл. Затое пагалоўе казулі вырасла і наблізілася да верхняй нормы дыяпазону аптымальнай колькасці – 297 галоў. Пабольшала і папуляцыя аленя высакароднага.

– З 2021 года мы правялі 16 паляўнічых тураў, у тым ліку з выкарыстаннем арэнднай зброі. Гэта былі госці з Расіі, Казахстана, Славеніі, Германіі і Іспаніі, – адзначыў галоўны ляснічы.

Па словах вядучага паляўніцтвазнаўцы Віктара Урбановіча для прыцягнення замежных паляўнічых у Астравецкім лясгасе робіцца шмат. Па-першае, наладжана цеснае супрацоўніцтва з праверанымі тураператарамі, у тым ліку з УП “Белдзяржпаляванне”, арганізаваны выпуск рэкламнай прадукцыі, адбываецца абмен кантактамі падчас розных спецыялізаваных выставак.

– Да прыезду кліентаў егеры валодаюць усёй патрэбнай інфармацыяй аб месцах, дзе найлепш здабыць звера. Для гэтага выкарыстоўваюцца ў тым ліку і камеры фота- і відэафіксацыі. Лічу, што нішто так не разрэкламіруе нашы паслугі, як станоўчы вопыт мінулых паляўнічых тураў. Поспех іх правядзення залежыць ад прафесіяналізму каманды, – падсумаваў Віктар Урбановіч.

IMG_6314.jpg

У другой частцы семінара ўдзельнікі наведалі біятэхнічныя збудаванні, вальер і паляўнічы комплекс “Панская сядзіба”. На апошнім госці пазнаёміліся з асноўнымі аб’ектамі, ацанілі месца прыстрэлкі, стэнд “Бягучы кабан”, трафеі, транспарт і рыштаванне, якія выкарыстоўваюцца пры арганізацыі і правядзенні паляўнічых тураў.

Як паказаў семінар, дзейнасць Астравецкага лясгаса можа служыць прыкладам для калег у развіцці палявання.

IMG_6331.jpg

IMG_6341.jpg

IMG_6332.jpg


Текст:
Фото: Алёна Ганулич