Нашы людзі: Арцём Вішнеўскі з КСУП “Гудагай”
У аграпрамысловым комплексе раёна працуе шмат моладзі. Больш таго, юнакі і дзяўчаты свядома выбралі спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. У іх ліку і памочнік брыгадзіра раслінаводчага ўчастка №2 КСУП “Гудагай” Арцём Вішнеўскі.
Для аграрыяў вясна – не менш напружаная за лета. Хоць у апошні час прынята адыходзіць ад тэрміна “зона рызыкоўнага земляробства”, тым не менш, у нашым паўночным рэгіёне надвор’е значна ўплывае на будучы ўраджай. З маладым аграномам “перасякліся” ў аграгарадку Палушы ля кафэ “Эдэм” КСУП “Гудагай”.
– Для мяне сёлетняя пасяўная была першай самастойнай, – уводзіць у курс спраў Арцём. – Я мясцовы, з Філіпан. У старэйшых класах вырашыў стаць аграномам. Пасля школы паступіў у Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж. Цяпер гэту навучальную ўстанову перайменавалі, таму што дадалося шмат новых спецыяльнасцей. Вучыцца падабалася – сярэдні бал 8,6. Актыўна ўдзельнічаў у розных конкурсах, аглядах, спаборніцтвах. Каманда каледжа заняла 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе аграмайстэрства. Тады і зразумеў, што не памыліўся з выбарам прафесіі.
Пасля Навагрудка малады чалавек вярнуўся на радзіму. Першыя крокі ў прафесію рабіў у КСУП “Гудагай”. Праз тры тыдні Арцёма забралі ў армію, служыў у танкавых войсках у Слоніме. У студзені пасля дэмабілізацыі малады аграном працягнуў работу ў КСУП “Гудагай”.
– Раслінаводчы ўчастак №2, якім загадвае брыгадзір Наталля Безляповіч, – гэта землі ў раёне Палушаў, Смілгоў, Дравянік, Градаўшчызны. Клопатаў хапае, – расказвае Арцём Вішнеўскі. – Паляводаў хваліў бы штодзень – малайцы яны ў нас. Ды ўвогуле калектыў КСУП “Гудагай”, як і наш шэф, – цудоўны. Эдуард Іванавіч ідэальна “наразае” задачы – работа ў палях кіпіць, – адзначыў Арцём. – Мне пакуль не хапае вопыту, але заўсёды ёсць з кім параіцца. Удзячны за дапамогу памочніку брыгадзіра раслінаводчага ўчастка №1 Леанарду Міклісу, галоўнаму аграному Андрэю Ненартовічу, намесніку дырэктара Андрэю Вінчу і многім іншым.
На развітанне пацікавілася ў тэхнолага палёў, якую культуру ён любіць найбольш і ці збіраецца заставацца ў сельскай гаспадарцы раёна.
– Напэўна, рапс – ён найбольш эканамічна выхадны. Але дакладана адказаць на пытанне змагу толькі пасля жніва, – усміхаючыся, працягвае малады чалавек. – Думаю заставацца ў КСУП “Гудагай”. У планах атрымаць вышэйшую адукацыю, каб замацавацца ў гэтай гаспадарцы.