Аўтарскі ракурс: сімвалы краіны ў паўсядзённым жыцці
11:05 / 13.05.2023
Пагадзіцеся, ва ўсім свеце не знойдзеш нічога больш знаёмага, чым вялікія галоўкі далікатнай канюшыны ў атачэнні трохпальцых лісточкаў. Вы бачылі яе, вядомую з дзяцінства, калі бегалі на луг, каб сабраць букет з палявых кветак, а над ёй кружылі пчолы, збіраючы мёд. Адчуваеце яе свежы водар?..
А сінія, як вочы беларусачкі, кветачкі льну? Гэта расліна – візітная картка Беларусі. Не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі цэніцца беларускі лён і вырабы з яго. А яшчэ калі на адзенні «расквітнее» наш арнамент, якім аздоблены дзяржаўны сцяг! Такія сарочкі, сарафаны, блузкі звычайна берагуць і апранаюць толькі ў вялікія святы – дэманструючы сваё, традыцыйнае.
Мне дае ўпэўненасць у шчаслівае заўтра насычаная зеляніна і густая чырвань колераў дзяржаўнага сцяга на фоне высокага блакітнага неба, калі яго, сімвал незалежнасці нашай Радзімы, трымаюць у руках малышы. Яшчэ не разумеючы сэнсу таго, што адбываецца навокал, яны, прыйшоўшы з мамай і татам на мітынг памяці або іншую ўрачыстасць, адчуваюць агульны прыўзняты настрой. Верыцца, што дзякуючы бацькам, якія з малых гадоў вучаць сыноў і дачок павазе да ўсяго роднага, нашы маленькія землякі вырастуць сапраўднымі патрыётамі.
…А што ў сімвалах нашай краіны бачыцца вам?