Былы вязень канцлагера Таццяна Волкава адзначыла 90-гадовы юбілей
Дату дня нараджэння былога вязня канцэнтрацыйнага лагера Таццяны Нікіфараўны Волкавай можна лічыць сімвалічнай. Жанчына нарадзілася 10 мая і быццам загадзя зрабіла выклік хуткай вайне: нягледзячы ні на што, вытрымаю, выстаю, выжыву… Мы пераможам! І на працягу дзевяці дзясяткаў гадоў Таццяна Нікіфараўна пацвярджае гэту ісціну – у сераду яна адзначыла 90-гадовы юбілей.
Павіншаваць жыхарку Варнян з днём нараджэння прыйшлі многія, у тым ліку старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, якая пажадала Таццяне Нікіфараўне доўгіх гадоў жыцця і ўручыла падарунак ад Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Цёплыя словы ў адрас юбіляршы гучалі таксама ад старшыні раённага савета ветэранаў Ірыны Шляхтун і работнікаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання –дырэктара Святланы Куцько і загадчыка аддзялення Вольгі Альфер. Яны дзякавалі за каштоўныя ўспаміны пра тыя жахлівыя гады і жадалі жанчыне здароўя, каб завітаць да яе яшчэ не на адзін юбілей і, канешне ж, – жыць пад мірным небам.
А маленькая, але неверагодна мужная Таццяна Нікіфараўна, якая вытрымала ўсе пакуты ў канцэнтрацыйным лагеры, толькі ўсміхалася у адказ. І дрыготкім голасам паўтарала: “Дзякуй за віншаванні, памяць і клопат. Ніколі не думала, што дажыву да такіх гадоў. Я шчаслівая! І вам жадаю, каб усе былі шчаслівыя і жылі ў міры і згодзе”.