Мотопутешествия: Большая история маленького города

11:41 / 10.05.2023
А вы ведаеце, які ў Беларусі самы маленькі горад, дзе ён знаходзіцца і чым запамі­наецца тым, хто сюды прыязджае?
Гэта Дзісна. 

1.jpg

Прыкладна 200 кіламетраў аддзяляе наш Астравец ад гэтага невялікага і ціхага гарадка ў Міёрскім раёне Віцебскай вобласці. 
Дарога да Дзісны добрая, заасфальтаваная, за Глыбокім яна праходзіць праз шматлікія вёсачкі. Праўда, не толькі матацыклістам, але і іншым вадзіцелям, якія едуць у гэты бок упершыню, ды яшчэ без навігатара, трэба быць асцярожнымі: тут шмат рэзкіх закругленняў і небяспечных паваротаў.
Аднак, трапіўшы ў горад, які красуецца-зелянее паміж рэкамі Заходняя Дзвіна і Дзісна, разумееш, што паездка таго вартая…
Кожная вуліца Дзісны дыхае гісторыяй, ператвараючы горад у сапраўдную мазаіку: тут «неўміручая» брукаванка і жылыя дамы, якія захавалі адбітак часоў будаўніцтва; храмы і помнікі архітэктуры…

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

▪ З’явілася пасяленне на месцы невялікай крэпасці Капец-гарадок у пачатку 11 стагоддзя. Горадам Дзісна стала ў 1569 годзе, калі атрымала герб.

▪ У гады Лівонскай вайны Дзісна была месцам збору вялізнай арміі, якая планавала нападаць на Полацк.

▪ Трагічны лёс напаткаў дзіс­ноў­­цаў у гады Вялікай Айчыннай вайны: у 1941-м горад акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі – толькі яўрэйскага насельніцтва было знішчана больш за 3, 5 тысячы.

▪ З цягам часу суднаходства па Заходняй Дзвіне спынілася, а чыгунка пралягла ўбаку ад Дзісны – і яна страціла стратэгічнае значэнне, стала горадам раённага падпарадкавання.


 100-гадовы вартаўнік

5.jpg

Цікавы мост «сустракае» гасцей горада – ён, нібы вартаўнік, вырашае, каму праехаць, а каго сваім незвычайным выглядам прымушае спешыцца, каб бліжэй пазнаёміцца.
Мы спешыліся, уважліва раз­глядаючы «дзіва дзіўнае»: вя­лікі мост, на якім спакойна раз’язджаюцца два сустрэчныя аўтамабілі, аказаўся драўляным. Пабудаваны ў 1906-1907 гадах з драўляным насцілам, у 1944-м ён быў пашкоджаны: адзін пралёт быў узарваны, пазней яго замянілі. 
І «накатвае» цікавае адчу­ван­не нерэальнасці ўбача­нага: уздоўж маста «пралягаюць», прыкрываючы па баках асляпляльную роўнядзь ракі, масіўныя металічныя канструкцыі з вялізнымі балтамі, а пад нагамі – парэпаныя ад часу, месцамі вышчарбленыя дошкі і брусы. І «разынка на торце»: прама на «дрэва» – і гэта добра бачна – некалі быў пакладзены асфальт!
Мост гэты як сімвал уваходу для маладажонаў у сямейнае жыццё: колькі тут навешана замочка


Каланча з гісторыяй

4.jpg

У 1882 годзе пажар амаль знішчыў горад. З таго часу ў Дзісне з’явілася добраахвотнае пажарнае таварыства і пабудавана пажарная каланча. У будынку, якому больш за 100 гадоў, сёння знаходзіцца пажарнае дэпо.
Цікава, што башня захавалася ў вельмі добрым стане – засталася ў першапачатковым выглядзе. А вось адміністрацыйная частка адноўлена ў бардова-белых колерах – і глядзіцца яна бы намаляваная ў глянцавым часопісе. 

2.jpg

Кінуліся ў вочы руіны невядомага храма, які стаяў ў сотні метраў ад каланчы. Вялізны, высокі, нават напаўпрыкрыты рыштаваннямі, ён прыцягвае сваёй таямнічасцю…
Гэта пабудаваны ў 1772 годзе касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі – галоўны храм заснаванага ў 1583-м манастыра францысканцаў. Акрамя касцёла, у манастырскі ансамбль уваходзіў жылы корпус, які да нашых часоў не захаваўся.
Храм, які неаднойчы пера­будоўвалі, быў зруйнаваны ў Вялікую Айчынную вайну. Цяпер вядзецца яго рэстаўрацыя – ужо заменены дах і ўстаўлены вокны. Па ўсім бачна: пасля заканчэння ён паўстане ва ўсёй сваёй былой велічы. 

Бальніца: разваліны

6.jpg

Месца, дзе ў 1901-1903 гадах, была пабудавана дзісненская бальніца, выбрана ўдала: на высокім беразе ракі. З’яўляецца ўражанне, што гэты будынак з чырвонай цэглы не дакранаецца да зямлі. Між тым нават у разбураным стане ён выглядае манументальна. 
Разлічана была бальніца на 100 ложкаў – і гэта ў пачатку 1900-х! Лячылі тут і царскіх асоб, і савецкіх і нямецкіх афіцэраў. У бальніцы арганізовалі выступленні паэт Дзям’ян Бедны і вядомы беларускі пісьменнік Міхась Машара. Згадзіцеся, незвычайна для ўстановы медыцынскага профілю. 
У 1944 годзе бальніца згарэла – і яе не аднаўлялі.

Памяці яўрэяў

3.jpg

Брацкую магілу, дзе паха­вана 3 800 яўрэяў, нам пака­заў мясцовы жыхар, якога пашчасціла сустрэць на бязлюдных, як бы гэта дзіўна ні гучала, гарадскіх вуліцах. Ён расказаў, што гэта нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя знішчылі яўрэйскае насельніцтва Дзісны ў 1942 годзе. Даглядаюць месца пахавання школьнікі. Надпіс на надмагільным помніку зроблены на трох мовах: беларускай, іўрыце і рускай… А месца тут прыгожае: сярод адвечнай цішыні лесу, пад ціхія спевы птушак спачывайце з мірам, нявінныя ахвяры вайны.

Асаблівай увагі ў Дзісне заслугоўвае паромная пераправа, а таму пра яе – у наступным выпуску «Мотавандровак».
Текст:
Фото: Ольга Хотянович