Аляксандра Букель: чалавек з Дошкі гонару

11:19 / 12.04.2023

12.jpg

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з працаўнікамі розных сфер, чые партрэты занесены на раённую Дошку гонару. Сёння госць нашай папулярнай рубрыкі – педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Аляксандра Букель.

За што?

– Аляксанда Мікалаеўна, як вы лічыце: за якія заслугі ваш партрэт занесены на Дошку гонару раёна? З працаўнікамі вытворчай сферы ўсё зразумела: даярка больш за ўсіх надаіла, даглядчык атрымаў самыя высокія прывагі, механізатар больш за іншых узараў, засеяў, намалаціў… А што павінен зрабіць педагог дадатковай адукацыі, каб яго ўдастоілі такога гонару?

– Ну і пытанні ў вас… Адкуль я ведаю? Пра гэта трэба спытаць у тых, хто прымаў гэтае рашэнне.

Калі вас цікавіць мая думка на гэты конт, то, мне здаецца, педагог найперш павінен папрацаваць не адзін гадок. Калі займаешся справай гадоў хоць бы 5 ці 10, то і вынікі з’явяцца, і таленавітыя вучні, і іх перамогі – тады можна і настаўніка адзначыць. За год гэта аніяк не атрымаецца.

Я на адным месцы, у цэнтры творчасці, працую з 1996 года. Сёлета, выходзіць, 27 гадоў споўніцца? Ажно не верыцца…

Прыйшла яшчэ ў Дом піянераў, якім тады кіравала Тарэса Драган. І не па поклічы душы. Душа паклікала мяне паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўні­вер­сітэт на факультэт пачатковай адукацыі і выяўленчага мастацтва – вельмі хацелася быць падобнай да сваёй першай настаўніцы Ніны Іларыёнаўны Мілідовіч. 

На другім курсе выйшла замуж. Але вучобу не кінула: два гады жылі з мужам так званым гасцявым шлюбам: раз у месяц ён да мяне ў госці прыязджаў, у наступны месяц я да яго ехала. А калі на апошнім курсе зацяжарыла, перавялася на завочнае аддзяленне, прыйшла ў аддзел адукацыі работу пытаць. Месцаў не было – ды і як пасылаць у клас да малышоў настаўніка, які праз некалькі месяцаў у дэкрэтны адпачынак пойдзе? Толькі прывыкнуць – і трэба развітвацца. Мне прапанавалі весці гурток. Цудоўна! Калі пагаджалася, нават не думала, што гэта стане справай жыцця.

За гады, што я тут працую, з двума перапынкамі на адпачынкі па доглядзе дзіцяці, прайшло чатыры рэарганізацыі нашай установы адукацыі, якая да таго ж змяніла тры будынкі. Дом піянераў – памятаеце драўляны зялёны домік у гарадскім скверы? – пераўтварыўся ў дзіцяча-юнацкі цэнтр, затым – у цэнтр пазашкольнай работы, якія размяшчаліся ў будынку, дзе сёння знаходзіцца карэкцыйны цэнтр. А цяпер Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прапісаўся ў новым сучасным прыгожым будынку – працуй ды радуйся!

За гэты час змянілася сем дырэктараў. А я ўсё на сваім месцы. Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі! Не палічыце занадта пафасным – я жыву сваёй работай! Ні разу не захацелася змяніць месца працы ці, як кажуць, пабудаваць кар’еру. Не памятаю, хто сказаў: зрабіце сваё захапленне работай – і вы не бу­дзеце ніводнага дня працаваць. Напэўна, гэта пра мяне…

Хоць не скажу, што работа ў нас лёгкая. Усё ж мы не школа, куды дзяцей прывядуць у любым выпадку. Мы павінны зацікавіць, пераканаць, што ім гэта патрэбна, утрымаць групу, удзельнічаць у конкурсах, паказваць вынікі. Усё гэта няпроста, але вельмі цікава! І ў пэўнай ступені той мінус, пра які я гаварыла, – мы не школа, становіцца і плюсам: да нас прыхозяць зацікаўленыя, каму хочацца нечаму навучыцца, развіць прыродныя здольнасці.

А калі вярнуцца да пытання пра Дош­ку гонару… Магчыма, вы будзеце смяяцца, але, як гавораць псіхолагі, я гэта навізуалізавала. У дзяцінстве з Фізкуль­турнай вуліцы, дзе мы тады жылі, хадзіла ў школу міма раённай Дошкі гонару. Кожны раз спынялася, разглядвала партрэты і ўяўляла, як тут будзе вісець маё фота з коскамі і банцікамі. Мусіць, праўду кажуць: думкі матэрыяльныя…

І можаце палічыць мяне нясціп­лай, але мне прыемна, калі дзеці прыходзяць у цэнтр і ў адказ на маё прывітанне кажуць: «А мы з вамі сёння ўжо віталіся, калі праходзілі каля Дошкі гонару».

Ад калякаў-малякаў – да прафесіі

– Чаму вы марылі стаць настаўніцай пачатковых класаў, ужо зразумела: Ніна Іларыёнаўна вінавата. А хто вінаваты ў тым, што захацелася стаць яшчэ і выкладчыкам выяўленчага мастацтва? І, прабачце за магчымую нетактоўнасць, чаму мы не бачым карцін Аляксандры Букель? 

– Дазвольце пачаць з апошняй часткі пытання. Карціны Аляксандры Букель ёсць – у мяне дома, у маіх родных, блізкіх, сяброў. Чаму іх няма на выставах, чаму іх не бачаць людзі? Для таго ёсць адна даўняя прычына…

Была аднойчы спроба паказаць сваю работу. Напісала алеем карціну – здаецца, неблагую. Пейзаж: на фоне заснежанага возера і вострава – астравецкая царква. Прынесла яе ў цэнтр. А назаўтра яна была замазана жоўтай фарбай…

Гэта здарылася даволі даўно. Я не спрабавала высветліць, хто і чаму гэта зрабіў, можа, помсцілі мне невядома за што, можа, не спадабалася работа ці тое, што было на карціне. Але той, хто гэта зрабіў, безумоўна, дамогся свайго: мне было вельмі балюча. Карціна для мас­така – як дзіцятка: ты яго прыдумваеш-«зачынаеш», нараджаеш, пестуеш, клапоцішся. І раптам нехта незразумела чаму і за што тваё дзіця забівае ці калечыць! Сто разоў падумаеш, ці варта падвяргаць такой рызыцы і болю іншых сваіх дзяцей і саму сябе. Таму з таго часу не выстаўлялася. Магчыма, некалі гэта адбаліць – і я рашуся. Але пакуль што час не прыйшоў.

А чаму выбрала выяўленчае мастацтва сваёй прафесіяй… 

Я малявала заўсёды, колькі сябе помню, – а помню з трох з паловай гадоў: якія ў мяне былі сукеначкі, якога колеру сандалікі, як пахлі зімой яблыкі, што ляжалі ў кладоўцы побач са скрынкамі з салёным салам у бабулінай хаце…

У 1980 годзе тата па справах быў у Маск­ве і прывёз мне вялізную каробку каляровых алоўкаў з намаляваным на ёй алімпійскім мішкам. Я памятаю тую зялёную каробку, колеры алоўкаў, як яны былі заточаны, памятаю іх водар… Гэта быў цудоўны падарунак! Я малявала ўвесь час – і мае дзіцячыя калякі-малякі хвалілі, мама да гэтай пары захоўвае некаторыя з іх. Памятаю, намалявала медсястру, якая перавозіць на лодцы цераз рэчку параненага салдата, – а навокал цвітуць сады. Сама здзіўляюся: адкуль гэта ў мяне бралася?

Калі пайшла ў школу, мае здольнасці вядома ж, хутка заўважылі. І ў летніках, дзе я любіла адпачываць, таксама. Удзель­нічала ва ўсіх конкурсах, у многіх перамагала, мне ўручалі граматы, дарылі падарункі – вядома ж, усё гэта падабалася! І калі прыйшоў час выбіраць прафесію, я зразумела, што больш за ўсё люблю дзве рэчы: дзяцей і маляваць. Таму і выбрала адпаведны факультэт. Лічу, што поўнасцю рэалізавала ў сённяшняй рабоце абедзве дзіцячыя мары.

Гульні для інтэлектуалаў

– Наколькі я ведаю, выяўленчае мас­тацтва – не азінае ваша захапленне, якое стала работай. Вы яшчэ трэніруеце дзіцячыя інтэлектуальныя каманды, і даволі паспяхова. Ды і самі забаўляецеся гэтымі «гульнямі для разумных»...

– Пачалося ўсё з удзелу ў зборнай аддзела адукацыі «КРООНА» – была некалі такая каманда ў раённым чэмпіянаце пад капітанствам Віктара Спірыдона.

Інтэлектуальныя гульні – занятак захапляючы, прычым, як па мне, – не столькі іх вынік, хоць і гэта немалаважна, колькі сам працэс. Падумалася: а чаму б у нашым цэнтры не стварыць дзіцячую інтэ­лектуальную каманду? Столькі разумных таленавітых рабят да нас прыходзіць…

У дзіцячых інтэлектуальных гульнях каманды дзеляцца на чатыры ўзроставыя катэгорыі: дзеці, малодшыя ювеналы, старэйшыя ювеналы, юніёры. У мяне звычайна дзве рознаўзроставыя каманды. Самай паспяховай быў «СОУС» – мы з рабятамі сталі чацвёртымі ў рэспубліцы, хоць, калі па справядлівасці, то павінны былі ўвайсці ў тройку прызёраў. Потым трэніравала «Карасёў», цяпер гуляем з «Мопсамі», падрастаюць малодшыя – «Думай, Лёня, думай…».

У дзіцячых гульняў тая асаблівасць, што дзеці вырастаюць, пакідаюць школу – і каманду. Але інтэлектуальная залежнасць, як паказвае практыка, застаецца з імі назаўжды: пазней яны, як правіла, гуляюць у студэнцкіх турнірах, у дарослых… А я набіраю новых. Цяпер вось прыглядваюся, хто прыйдзе ў малодшую дзіцячую каманду.

І, вядома ж, лепшая трэніроўка – гэта гульня! «КРООНА» наша распалася, некаторыя яе ўдзельнікі цяпер у складзе іншых каманд. А я, прыгледзеўшыся, колькі таленавітай моладзі працуе ў нашым цэнтры, вырашыла стварыць сваю. Так у раённым інтэлектуальным чэмпіянаце з’явілася «ЦЭНТРыфуга». Пакуль што без прэтэнзій на перамогу, але сваіх дзяцей я заўсёды настройваю на тое, каб гульня была ў задавальненне, тады і вынік будзе. Так і мы цяпер – гуляем у ахвоту! А вынік, думаю, прыйдзе.

15.jpg

Другаснае-першаснае

– Напэўна ж, і ў вас бываюць моманты, калі апускаюцца рукі і няма сіл нават думаць, не тое, каб нешта рабіць. Хто ці што тады іх падымае? У чым ці ў кім чэрпаеце энергію?

– Вядома ж, такія моманты бываюць – як і ва ўсіх. 

Што раблю? Саджуся за руль – і еду. Хоць куды – у залежнасці ад таго, колькі ёсць часу. Вельмі люблю дарогу… А яшчэ лепш, калі за руль садзіцца муж, а я магу сабе дазволіць назіраць за гарызонтам, за краявідамі, маўчаць – і адтайваць…

Калі ж такой магчымасці няма, то прос­та выйсці на ўзлесак ці ў поле, упасці ў траву ці ў снег – і назіраць, як плывуць па небе аблокі – і зносяць у нябыт твае сум і тугу. Яшчэ гэта цудоўна ўмее рабіць вада, калі доўга глядзець на яе і па каменьчыку скідваць у яе плынь цяжар, што ляжыць на душы…

Прырода – лепшы лекар, гэта не намі сказана і неаднойчы праверана на сабе.

– Калі б вы ведалі, што да канца свету засталося тры дні – што зрабілі б?

– Цяжка сказаць… Напэўна, сабрала б усіх сваіх родных і дарагіх люзей і пастаралася б правесці ў стасунках з імі як мага больш часу: слухаць іх, адчуваць, радавацца – і радаваць.

БЛІЦ 3х3

– Тры любімыя кнігі?

– На 18-годдзе цёця падарыла мне «Джэйн Эйр» Шарлоты Бронтэ. Напачатку кніга мне не спадабалася, падалася нуднай, я яе адлажыла. А калі па тэлебачанні сталі паказваць аднайменны серыял, вярнулася і прачытала, што называецца, на адным дыханні. Потым яшчэ і дочкам параіла. Хоць цяпер ужо яны мне раяць, што пачытаць.

Яшчэ люблю Гі дэ Мапасана, асабліва «Жыццё», але яго трэба чытаць, на маю думку, у даволі сталым узросце, як 25 міне.

Вельмі люблю апавяданні Чэхава – усе!

– Тры мясціны, дзе варта пабываць кожнаму?

– Пачынаць падарожнічаць варта з роднага краю, у нас столькі прыгожых мясцін, і не толькі гервяцкі касцёл. На тых жа Сарачанскіх азёрах можна быць бясконца, і не толькі летам, а ў любую пару года.

«Ковід», калі немагчыма было некуды выехаць, навучыў, што ў Беларусі, і нават непадалёк ад нас, шмат дзе варта пабываць: Крэва, Гальшаны, Нарач, Жамыслаўль… Працягваць можна бясконца.

А калі фінансы дазваляюць паехаць за мяжу, то я б параіла старажытныя цывілізацыі. Памятаю, як перахапіла дыханне, калі я толькі сышла з самалёта ў Егіпце. Гэта іншы не тое што свет – Сусвет: людзі, колеры, пахі. Гэта жывая гісторыя. Ну калі, вядома, не абмяжоўваць падарожжа морам і пляжам…

– Тры любімыя стравы?

– Тры – гэта першае, другое і дэсерт?

Увогуле я не гурман і люблю простую беларускую кухню. На першае – халаднікі з бурачкоў і са шчаўя. На другое – усе магчымыя стравы з бульбы, яна ніколі не прыядаецца. На дэсерт – гарбата з уласнаручна сабраных траў упрыкуску з хатнім сырам і мёдам – няма нічога смачней!

Текст: Нина Рыбик