Рэпартаж з палёў КСУП “Гервяты”: новая тэхніка, метад “укатвання” раллі і стаўка на кармавыя культуры

16:29 / 30.03.2023
У пэўным сэнсе гэта наватарская гаспадарка. Тут не абіраюць пратораных шляхоў, а штогод шукаюць, асвойваюць і ўкараняюць новыя спосабы і метады для паляпшэння ўраджайнасці культур, кармавой базы – адпаведна эканомікі сельгаспрадпрыемства.

Як «гервятцы» падрыхтаваліся да вясенне-палявых работ, чым цяпер заняты механізатары ў полі, якія навінкі ў раслінаводстве сёлета з’явіліся ў гаспадарцы – пра гэта і іншае даведаліся, пабываўшы ў розных кропках «Гервят».

IMG_4013.JPG

Не ведаю, колькі за дзень наязджае кіламетраў галоўны аграном Аляксандр Кавалька, але вельмі шмат. Па плошчы сельгасугоддзяў (яна складае звыш 12 600 га) – гэта самая вялікая гаспадарка ў раёне. У дзень майго прыезду работы ў КСУПе вяліся па розных франтах і ў розных месцах: Мілайшуны, Міжаны, Дайлідкі, Мільцэі, Чэхі… Па дарозе да гэтых пунктаў, дзе раскідвалі арганіку, сеялі, кармілі азімыя, распытала ў галоўнага тэхнолага «гервяцкіх» палёў пра спецыфіку сёлетняй пасяўной і перазімоўку збожжавых, рапсу і свірэпіцы.
– Пасевы выглядаюць добра – імі задаволены. Тым больш з восені пад рапс адвялі тысячу гектараў, пад збожжавыя – без малога тры тысячы. У гэтым годзе стаўку робім на кармавыя культуры, на якія прыходзіцца 30% у структуры сельгасугоддзяў. Гароху ў чыстым выглядзе пасеем ажно 190 гектараў, летась было толькі 40. Лічу, што за апошні час доб­ра асвоілі вырошчванне новых сартоў. Патлумачу: у гэтай культуры свая спецыфіка ўборкі – з-за палёгліцы яго дастаткова складана вымалочваць, але ўраджайнасць добрая: да 50 цэнтнераў з гектара, – расказаў галоўны аграном. – Адны з нямногіх у раёне штогод падсяваем люцэрну – карысць гэтай кармавой культуры на патрэбы жывёлагадоўлі не пераацэніш. Хоць яе насенне дастаткова дарагое, тым не менш сёлета ў планах падсеяць каля 315 гектараў, штогод стараемся гэта зрабіць на 200-250 гектарах. Пад кукурузу на зерне адвядзём 375 гектараў – для параўнання: летась было толькі 150. Што тычыцца збожжавага кліна, то значных змяненняў няма: крыху зменшацца плошчы пад аўсом. Затое з восені пасеялі азімы ячмень, чаго не рабілі некалькі гадоў запар. Гэта культура даспявае першай, і з яе ўборкі звычайна пачынаецца жніво. Аператыўна абмалацілі, падрыхтавалі глебу – і можна прыгортваць насенне рапсу. Такі падыход дазваляе ўкласціся ў аптымальныя тэрміны сяўбы крыжакветкавага і паралельна, не спяшаючыся, каб не было страт, убіраць іншыя збожжавыя.
«Тасаванне» ўчасткаў, прадумванне сортазмены і севазвароту, падбор сродкаў аховы і апрацоўкі пасеваў ад хвароб… Слухаючы галоўнага агранома, падумала, што менавіта пры ўліку ўсіх такіх нюансаў і дробязяў, пра якія, напэўна, далёкія ад раслінаводства людзі нават і не задумваюцца, можна спадзявацца на ўраджай.

IMG_3970.JPG

Рамуальд Базевіч, Аляксандр Сянюць, Генадзь Бразевіч, унясенне арганікі


 Сяўба ў КСУП «Гервяты» пачалася 21 сакавіка з прыгортвання ў глебу сумесі зернебабовых. За гэтым каля Мілайшун заспелі добра вядомага ў раёне сейбіта Эдуарда Мілэйшу – асобу ў многіх сэнсах паказальную. Партрэт механізатара заносілі на раённую Дошку гонару, мужчына быў дэлегатам ад Астравецкага раёна на V Усебеларускі народны сход. 
– Радуе, што ў нас у Беларусі нідзе не пус­туе зямля, – кожны лапік засеяны, – гаворыць механізатар. – У полі першы дзень. Тут сею «мяшанку» – так між сабой называем сумесь насення зернебабовых. На 40% яна складаецца з аўса, астатняе – гарох. Норма высеву на гектар – 170 кілаграмаў. Сёлетняя пасяўная для мяне 19-я. Апошнія некалькі сезонаў працую на трактары «Джон-Дзір» у счэпцы з прычапным пасяўным агрэгатам «Амазонія», які за адзін праход пакідае 48 радкоў.

IMG_4008.JPG

Аляксандр Бурко, "укатка" раллі

Пазней на гэтым полі, як і на іншых участках, дзе прыгорнута насенне зернебабовых, падсеюць люцэрну і правядуць «укатванне» глебы. Такі агратэхнічны метад, асабліва на мяккіх рыхлых глебах і тарфяніках, вельмі эфектыўны. Пасля яго ўсходы роўныя, нібыта пад лінеечку.
– Участкі з падсеянымі травамі стараемся закатаць, – патлумачыў Аляксандр Кавалька. – «Каткі» запячатваюць у глебу каменне. Яно не будзе трап­ляць у кормаўборачныя камбайны – а значыць, і комплексы не будуць ламацца.
На полі каля Міжан, дзе летась расла пшаніца, уносілі арганіку пад кукурузу – на гэтым участку яе будуць вырошчваць на зерне. У дзень адно звяно ўносіць каля паўтары тысячы тон арганікі. Аб’ёмы работ, па словах механізатара Аляксандра Сенюця, залежаць ад магутнасці раскідвальніка. 
– «Амкадор» нагружае арганіку з буртоў – мы растрасаем, – распавёў Рамуальд Базевіч. – Гэты гное­раскідвальнік бабруйскай вытворчасці самы лепшы і надзейны.
На мяжы са Смаргонскім раёнам непадалёк ад вёскі Мільцэі пасевы азімага трыцікале падкормліваў Віктар Кодзь.

IMG_4003.JPG

Віктар Кодзь, падкормка азімых

– Пайшоў 23-ці год як працую ў сельскай гаспадарцы. На гэтым агрэгаце – першы сезон. Са слесараў перайшоў у механізатары – папрасілі дапамагчы на палявых работах, – патлумачыў мужчына. – За дзень карбамідна-аміячную сумесь уношу на 80-100 гектарах. 
– Хутка знайшоў агульную мову з «Расой» (самаходны апрыск­вальнік. – Заўв. аўт.), – зазначыў Аляксандр Кавалька.
…Надвор’е падкідвае земляро­бам сюрпрызы: сыпле снегам і дзьме халодным ветрам. Але «гервятцаў» не спалохаеш. Да масавай сяўбы яны гатовы пры­ступіць хоць заўтра – нездарма іх смела можна лічыць наватарамі раённага раслінаводства.
Текст:
Фото: Алёна Ганулич