Валерый Грышкевіч: “Маё фота на Дошцы гонару – гэта адлюстраванне ўсяго калектыву”
12:00 / 26.03.2023
– Нарадзіўся на Лідчыне. Вырас у вёсцы, там жа вучыўся, там жа ў калгасе працавалі бацькі. Я не ўяўляў жыцця ў іншым месцы. Вучыцца паступіў па прыкладзе бацькі, які быў галоўным інжынерам калгаса, у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, які скончыў у 2007 годзе.
І нават не мог уявіць, што траплю ў Астравецкі раён – «гродзенскі апендыкс», як называлі яго лідчане.
На папярэднім размеркаванні пазнаёміўся з Уладзіславам Рукам, старшынёй СВК «Варняны». Ён у ліку іншых «купцоў» прыглядваў ва ўніверсітэце спецыялістаў.
Доўга мы размаўлялі, шмат чаго пра сваю гаспадарку расказваў старшыня, ды такога, што здавалася дзівам і чымсьці нерэальным – гэта зразумеюць тыя, хто ўспомніць, у якім стане тады ўвогуле знаходзілася сельская гаспадарка краіны. Я нават удакладніў у «знаўцаў», ці сапраўды «Варняны» былі моцнымі і перспектыўнымі. Атрымаў станоўчы адказ і пасля размовы з бацькамі адправіўся туды працаваць…
Памятаю, прыехаў на цягніку 31 ліпеня – і адразу трапіў у пагранкамендатуру: штампа ў пашпарце, які дазваляў знаходжанне ў прыгранічнай зоне, у мяне не было. Аднак намеснік старшыні калгаса Сяргей Фурс дачакаўся, хоць і не мог зразумець, дзе я дзеўся, – усе пасажыры даўно выйшлі з цягніка.
Пад кіраўніцтвам Уладзіслава Эдуардавіча адпрацаваў тры гады.
Спачатку жыў у інтэрнаце, праз паўгода выдзелілі дом. Мне заўсёды падабалася працаваць у полі, выязджаць на аб’екты – падлеткам з задавальненнем адпраўляўся «на калгас» з бацькам, а на практыцы з тым жа імпэтам працаваў на трактары і на камбайне.
Уладзіслаў Рук быў і застаўся для мяне прыкладам чалавека працы: заўсёды на «вы» – нават з «зялёнай» моладдзю, з павагай, нават калі былі нейкія непаразуменні – ніколі не павышаў голас. Многім трэба павучыцца ў яго і дысцыпліне, якая была ў яго гаспадарцы.
«Сыну ў раённым цэнтры цікавей будзе, а нам спарней – калі што, то родныя побач».
– На Астравеччыне мне пашчасціла знайсці сваю другую палавінку – Вольгу.
З ёй нас звяла работа: я здаваў экзамен па ахове працы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, а Вольга з калегамі яго прымала.
Пажаніліся ў 2009-м. Жыць вырашылі ў Астраўцы – жонка адсюль родам. Да таго ж падумалі: дзіцяці ў раённым цэнтры цікавей будзе, а нам спарней – калі што, родныя побач.
Кожны дзень дабіраўся на работу ў Варняны – рана выязджаў, позна вяртаўся. Такі графік забіраў увесь час, які мог бы правесці з сям’ёй. Таму вырашыў шукаць іншую працу – каб была бліжэй ад дома. Так у 2010-м прыйшоў у ЖКГ.
«Многае змянілася з той пары ў ЖКГ. Развіццю арганізацыі дапамагло будаўніцтва ў раёне БелАЭС».
– Пазнаёміўся з Юрыем Даўляшом, начальнікам водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі ЖКГ, які быў не супраць узяць мяне майстрам. Праз 1,5 гады я ўзначаліў участак спецаўтагаспадаркі, а ў 2016 годзе стаў галоўным інжынерам.
За гэты час «вырасла» ЖКГ па ўсіх паказчыках: да прыкладу, у 2010-м мы рэалізоўвалі 400 тыс. метраў кубічных вады, сёння – 1 млн 200 тыс., цеплавой энергіі – 30 тыс. гігакалорый супраць сённяшніх 100 тыс. Усё гэта адбылося дзякуючы новым тэхналогіям, мадэрнізацыі абсталявання і аўтаматызацыі.
Нам усім, работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, давялося вучыцца: адна справа пабудаваць новае і сучаснае і запусціць, іншая – эксплуатаваць.
Пяць пытанняў аб галоўным
– Ці хацелі б жыць у вёсцы?
– Пра свой дом ці ў горадзе, ці ў вёсцы, задумваўся. Лазня, шашлык, адпачынак… Але даглядаць – вялікая штодзённая праца: то дах пацёк, то плот мяняць трэба, то агарод садзіць, а потым палоць... Бачу, колькі працуюць на сваіх участках мае і жончыны бацькі, і разумею: на гэта ў мяне проста не будзе часу. У далейшым жа ўсё можа быць…
– Ваш працоўны дзень заканчваецца ў 17 гадзін?
– У гэты час у нас пачынаецца планёрка: дзесьці да 18-ці мы плануем наступны дзень. Чаму не раніцай? Таму што калектыў малады, ва ўсіх ёсць дзеці, а гэта садзікі, школы… Хтосьці адпрошваўся, некаторыя спазняліся. Трэба было выпраўляць сітуацыю. Так, цяпер, не спяшаючыся, грунтоўна плануемся, каб на наступны дзень толькі нешта скарэктаваць.
– Людзі і дакументы: з чым ці кім працаваць прасцей і цікавей?
– Я люблю рухацца: выязджаць на аб’екты, стасавацца з работнікамі – нечаму я іх вучу, нечаму – яны мяне. Але работа з дакументамі адымае больш часу. Калі горад пачаў расці, было адчуванне, што проста «закопваешся»: прыняцце новых аб’ектаў, чарцяжы, праекты, узгадненні… Цяпер крыху прасцей. Мы з дырэктарам змаглі падабраць калектыў, які разумее, што патрабуецца, і выконвае свае абавязкі без нараканняў. А памятаю, як даводзілася некаторых кантраляваць, стаяць над душой, каб рабілі не абы як. На жаль, не адкрылі пакуль універсітэт для будучых спецыялістаў камунальнай сферы – а ён так патрэбны.
– Вы працуеце з калектывам якім метадам: «бізуна» ці «перніка»?
– Кіраўніку без «бізуна» наўрад ці ўдасца падтрымліваць парадак і дысцыпліну. Аднак я па натуры мяккі – больш стараюся заахвоціць «пернікам».
– Незадаволеныя кліенты на парозе вашага кабінета часта бываюць?
– Цяпер іх няма. У мяне на стале ляжыць журнал уліку звяртанняў – запаўняў яго паўгода назад. З пытаннямі астраўчане звяртаюцца ў кліенцкую службу 115. Яна заняла годнае месца па абслугоўванні насельніцтва па рэспубліцы – у першай тройцы. Мы стараемся зрабіць усё як мага хутчэй і якасней. На жаль, не заўсёды людзі разумеюць, што прыгнаць транспарт або накіраваць работніка па патрэбным адрасе за 2 хвіліны фізічна немагчыма, не слухаюць тлумачэнні дыспетчара і размаўляюць з ім некарэктна.
Паспрабуйце хоць бы знайсці кампраміс, калі ў адным доме аднаму суседу 22 градусы ў кватэры – холадна, другому – горача. І абое патрабуюць тэмпературу або падняць, або знізіць.
Валерый Станіслававіч лічыць, што яго партрэт на Дошцы гонару – гэта адлюстраванне калектыву. Заслуга галоўнага інжынера толькі ў тым, што ён змог годна арганізаваць работу, астатняе – справа рук людзей, з якімі ён працуе.
У ТЭМУ
Напярэдадні прафесійнага свята ў Рэспубліканскім палацы культуры ў Мінску на святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, галоўны інжынер Астравецкага РУП ЖКГ Валерый Грышкевіч узнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі».