У Альхоўцы рэалізуюць праект «Бібліятэка – тэрыторыя духоўнасці»
У пачатку года Альхоўская сельская бібліятэка распачала праект «Бібліятэка – тэрыторыя духоўнасці», мэта якога праз кнігі фарміраваць каштоўнасці і жыццёвыя арыенціры, пабудаваныя на сувязі з Богам і сваімі вытокамі.
Нядаўна ў бібліятэцы прайшла сустрэча «Невычэрпныя крыніцы духоўнасці» з удзелам іерэя Мікалая Уцекалкі, які служыць у мясцовай царкве.
Бібліятэкар расказала пра галоўны ключ духоўнасці – кнігу, якая з даўніх часоў выхоўвала асобу, дапамагала спасцігаць важныя таямніцы, разумець сябе, фарміраваць пэўныя якасці.
Айцец Мікалай асаблівую ўвагу звярнуў на ролю сям’і ў фарміраванні духоўнасці, бо менавіта яна з’яўляецца першым асяродкам, дзе дзіця атрымлівае базавыя веды пра дабро і зло, міласэрнасць, дапамогу.
Святар паказаў старажныя Мінеі, сярод якіх быў ўнікальны экспанат –набажэнская кніга, датаваная 1724 годам. Удзельнікі сустрэчы не толькі пабачылі рарытэт, але і пагарталі яго. Прыцягвалі ўвагу і выданні ХІХ стагоддзя, цікавым у іх з’яўляецца афармленне – вокладкі некаторых зроблены з дрэва і абцягнуты скурай. Усе гэтыя старадрукі выкарыстоўваюцца падчас богаслужэнняў.
У бібліятэцы таксама была арганізавана выстава праваслаўнай кнігі «Жывая крыніца духоўнасці».
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
Астравецкая раённая бібліятэка.