Юныя астраўчане атрымалі пашпарты на ўрачыстасці да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Віншаванні, уручэнне пашпартоў юным грамадзянам, развітанне з піянерскім гальштукам і атрыманне маладзёжных членскіх білетаў – урачыстасць да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “Дзяржава – гэта мы” адбылася ў шматфункцыянальным культурным комплексе.
Традыцыйна ў гэты дзень праходзіць акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі”, падчас якой актыўным і ініцыятыўным 14-гадовым падлеткам Астравеччыны ўручаюць пашпарты. Адкрыць мерапрыемства і павіншаваць усіх з Днём Канстытуцыі на сцэну паднялася старшыня суда Астравецкага раёна Святлана Лабар:
– Дарагія хлопцы і дзяўчаты, сёння вы атрымалі свой галоўны дакумент – пашпарт. Памятайце, што быць грамадзянінам Беларусі – вялікі гонар, а таксама – адказнасць і пэўныя абавязкі. Сярод якіх самы галоўны – любіць, паважаць сваю Радзіму і ганарыцца ёй.
Быць годнымі грамадзянамі і патрыётамі Беларусі пажадалі падлеткам пракурор раёна Аляксей Тамчанок і першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла.
А старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук уручыла ўзнагароды: Падзячныя лісты атрымалі члены раённага маладзёжнага парламента Дар’я Пятровіч, Ксенія Кусойць, Ангеліна Бучынская, а таксама актывісты Аліцыя Куліс, Дамініка Варапай, Юліяна Лапшэвіч і Лізавета Мікліс. Ганаровую грамату атрымала старшыня суда Святлана Лабар.
На ўрачыстасці пашпарты атрымалі: Ягор Маркун, Захар Батура, Дар’я Мялешка, Яўген Яновіч, Эвеліна Сінкевіч, Іван Юрчанка, Валерыя Мінкілевіч, Вікторыя Мядзейша.
На мерапрыемстве адбылася цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўручэнне маладзёжных білетаў новым БРСМаўцам, да якіх з пажаданнем плённых сумесных спраў і прывітальным адрасам звярнуліся першы сакратар райкама Вольга Максімава і начальнік аддзела ЗАГС Аксана Дзятко.
Цудоўным падарункам для прысутных стала выступленне музычнага тэатра “Рада”.
Дарэчы, па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі дзясяткі таленавітых хлопцаў і дзяўчат з розных рэгіёнаў атрымліваюць пашпарт у асаблівай абстаноўцы ў сталіцы і абласных цэнтрах. Сёлета ў Мінску ўрачыстасць прайшла ў Рэспубліканскім доме моладзі. Першы галоўны дакумент з рук намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі атрымалі і юныя астраўчане: васьмікласнікі Карына Лойка з СШ №3 і Вадзім Бугай з Гудагайскай СШ. А іх равеснік Антон Бародка з СШ №1 быў на святочным прыёме ў Гродне.