Акцыя “Наш жывёлавод” завяршылася ў КСУП “Міхалішкі”

16:30 / 10.03.2023

Прафсаюзная рэспубліканская жывёлагадоўчая акцыя завяршылася на Астравеччыне ўшанаваннем лепшых працаўнікоў КСУП “Міхалішкі”.

IMG_2338.JPG

Звычайна прафсаюзныя лідары раёна і гаспадаркі аб’язджаюць комплексы і фермы, каб павіншаваць жывёлаводаў на працоўных месцах. У КСУП “Міхалішкі” гэту традыцыю змянілі: лепшых работнікаў сельгаспрадпрыемства сабралі на малочна-таварным комплексе “Маркуны”. Да ўзнагароджання далучыўся і дырэктар КСУП “Міхалішкі” Вадзім Саковіч.

– Штогод падчас зімне-стойлавага перыяду мы наведваем усе гаспадаркі раёна, каб не толькі адзначыць работу лепшых жывёлаводаў. Падчас сустрэч з калектывамі ферм і комплексаў даведваемся, што хвалюе людзей і ў якіх умовах яны працуюць. Прыемна, што ваш кіраўнік сёння тут – вырашаць праблемы, а яны ўзнікаюць на любой вытворчасці, тым больш у сельскай гаспадарцы, значна прасцей і больш прадукцыйна разам, – адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула. – З боку наймальніка павінны быць створаны ўмовы для працы: каб кожны работнік мог паабедаць у цяпле, пасля змены прыняць душ і памыць адзенне ў пральнай машыне. З боку працаўнікоў таксама павінна быць аддача. Па вялікім рахунку, ваша зарплата – у вашых руках.

Прысутныя агучылі некалькі праблем: адсутнасць цёплай вады ў малочным абсталяванні на комплексе і незабяспечанасць спецадзеннем.

Па словах Вадзіма Мікалаевіча, выдаюць спецвопратку па графіку – работнікі МТК “Маркуны” яе атрымалі, надыдзе чарга і да малочна-таварных ферм. Таксама запланавана рэканструкцыя праблемнага абсталявання, але гэта работа не аднаго дня. Пасля абмеркавання злабадзённых пытанняў перайшлі да ўшанавання працаўнікоў. Падзякай і каштоўным падарункам адзначана галоўны ветэрынарны ўрач Таццяна Мешкель. У аграпрамысловым комплексе жанчына працуе 6 гадоў, у якасці галоўнага спецыяліста – больш за 4.

IMG_2365.JPG

– Прафесію выбрала выпадкова: не прайшла ў медыцынскі. Вагалася паміж ветэрынарыяй і фізкультурай. Віцебска з маці не ведалі, таму вырашылі падаваць дакументы ў бліжэйшую да медуніверсітэта навучальную ўстанову – да ветакадэміі было некалькі соцень метраў, – узгадвае галоўны ветутрач. – Да адпачынку па доглядзе дзіцяці думала, што не вярнуся ў жывёлагадоўлю. А цяпер разумею, што гэта мая стыхія – асабліва, калі атрымліваецца вылечыць карову ці тым больш цялятка.

“Маркуны”

Пагалоўе – 1 375 асобін, у тым ліку 730 кароў. Надой ад рагулі за мінулы год склаў 3 662 кг.

Аператар машыннага даення Леакадзія Боўша з кагорты працавітых і цягавітых. Даяркай жанчына працуе з першых дзён стварэння комплексу. “Маркунскую” работніцу неаднаразова адзначалі ў межах акцыі “Наш жывёлавод”, а ў 2019 годзе падчас абласнога этапа гэтага мерапрыемства Леакадзію Іванаўну прызналі лепшым аператарам машыннага даення Гродзеншчыны.

Марыя Чайкоўская па адукацыі тэхнолаг, але ўсё жыццё працуе ў сельскай гаспадарцы.

IMG_2357.JPG

– Пачынала даяркай на малочна-таварнай ферме “Ласі”. Пасля яе закрыцця нас перавялі на комплекс у Маркуны. Мы лічымся не проста даяркамі, а аператарамі машыннага даення. Апрацаваць вымя, сцадзіць першы струмень – патрабаванні да тэхналогіі дойкі, як і да якасці малака, за апошнія гады значна выраслі, – расказала жанчына.

Прыемнай неспадзяванкай для Марыі Альфонсаўны стала пуцёўка ў нарачанскі санаторый, якую ўручыла старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі КСУП “Міхалішкі” Ірына Мацкела.

IMG_2353.JPG

“Супраненты”

Пагалоўе – 422 асобіны, у тым ліку 192 каровы. Надой ад рагулі за мінулы год склаў 2 324 кг.

Жывёлавод Фёдар Алексеявец з прыезджых. Як кажа сам мужчына, у 2000 годзе шмат хто з Украіны ехаў у Беларусь на “шабашкі”. Тады думалася, што часова, а сталася на ўсё жыццё.

– На ферме з жонкай даглядаем цялятак. Да двух месяцаў пра іх клапоцяцца даяркі, потым – мы. У нашай секцыі звыш 200 галоў, – расказвае пра працоўныя клопаты мужчына. – З Валянцінай трымаем карову, свіней, курэй. Не ўяўляю, як жыць на вёсцы без свайго дамашняга сала.

“Страча”

Пагалоўе – 211 асобін, у тым ліку 159 кароў. Надой ад рагулі за мінулы год склаў 2 807 кг.

Дойных кароў на ферме корміць жывёлавод Віктар Кавалеўскі. Развозіць кармы яму дапамагае кабыла Ляля.

– Трыццаць шосты год працую ў гэтым калгасе. Тры дзясяткі быў на ферме па адкорме жывёлы, яна стаіць крыху вышэй, чым наша малочна-таварная. Калектыў у нас невялікі, каля 10-ці чалавек, – расказаў мужчына.

IMG_2361.JPG

“Страчанка”

Пагалоўе – 349 асобін, у тым ліку 162 каровы. Надой ад рагулі за мінулы год склаў 2 097 кг.

Аператар машыннага даення Таццяна Шапель лічыць, што любую работу трэба выконваць якасна. На ферме працуюць тры даяркі, у кожнай – свая група. Таксама жанчыны клапоцяцца пра нованароджаных цялят.

ЛІЧБА

50 працаўнікоў раённай жывёлагадоўлі адзначылі падчас акцыі.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич