Пра службу ў міліцыі расказалі Іван Мацкойць, Валерый Бабраўніцкі і Юлія Наумовіч

10:00 / 04.03.2023

Супрацоўнікі міліцыі адзначаюць прафесійнае свята. З гэтай нагоды карэспандэнт “раёнкі” сустрэўся з прадстаўнікамі праваахоўных органаў розных пакаленняў і прапанаваў адказаць на 5 пытанняў аб галоўным.

e22FIWEJ1wPocyW8.jpg

1. Калі і чаму абралі службу ў міліцыі?

2. Якім было баявое хры­шчэнне і што за час службы запомнілася больш за ўсё?

3. Хто для вас быў ці з’яўляецца прыкладам у прафесіі?

4. Без якіх якасцей немагчыма працаваць у міліцыі?

5. Чым захапляецеся і як аднаўляеце сілы? 

Валерый Бабраўніцкі, першы намеснік  начальніка РАУС – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, званне – падпалкоўнік, стаж – 20 гадоў.

IMG_1984.JPG

1. Шчыра кажучы, пра прафесію міліцыянера ў мяне нават думкі не ўзнікала. Жаданні, кім хачу стаць, змяняліся з узростам, а калі надышла гадзіна «ікс» і трэба было тэрмінова вызначацца, вырашыў у прафесіі стаць пераемнікам бацькі – ён працаваў галоўным інжынерам у раённых электрасетках. Паступіў у Шчучынскае вучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць электрыка. Калі заканчваў яго, прыйшла павестка ў армію. І так супала, што адпраўка ва ўнутраныя войскі МУС прыпадала якраз на час апошніх іспытаў. Я дамовіўся з выкладчыкамі – і здаў усё датэрмінова, каб толькі ў гэтыя войскі трапіць. Чаму хацелася менавіта туды, і цяпер патлумачыць не магу, напэўна, на ўзроўні падсвядомасці адчуваў, што гэта маё. (Усміхаецца.) Служыў у Мінску, мы патрулявалі вуліцы аднаго з раёнаў сталіцы. Вярнуўся дадому і пайшоў пытаць пра вакансію ў райаддзел міліцыі. Там адказалі, што для сяржантаў месцаў пакуль няма і прапанавалі мне паспрабаваць паступіць у Акадэмію МУС. Я і паступіў. Вучыўся на стацыянары на факультэце міліцыі. Пасля заканчэння прыйшоў у Астравецкі РАУС оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. Цікава? Не тое слова, асабліва для маладога супрацоўніка. Выезды на месцы злачынстваў, апытанні, аналіз, пошук адказу на вечныя пытанні «дзе, чаму і як?» – гэта захоплівала. Былі, зразумела, і цяжкасці, і моманты, калі хацелася нават знайсці іншую работу. Але такія думкі хутка праходзілі, а з цягам часу ўжо і не ўзнікалі. Пасля крымінальнага вышуку служыў у наркакантролі, пасля – у аператыўна-дзяжурнай службе, затым быў начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, а з 2020-га прызначаны на цяперашнюю пасаду. Зараз у мяне 8 «дзяцей» – падраздзяленняў. (Усміхаецца.) Канешне, аб’ём работы вялікі, але ж і вопыт ужо немаленькі – спраўляюся. І калі б цяпер адкруціць стужку часу на 20 гадоў назад, я, не сумняваючыся, зноў пайшоў бы ў міліцыю.

2. Нічога звышэкстрэмальнага, як часам паказваюць у фільмах, не адбывалася – гэта штодзённая работа, а не кіно. А запомнілася, як падчас службы ў крымінальным вышуку нам з напарнікам пашчасціла за дзень раскрыць 2 крадзяжы – хто ў «тэме» ведаюць, што гэта рэдкасць. Мы тады хутка вылічылі аднаго злодзея і па дарозе вырашылі праверыць звесткі па іншым факце. Яшчэ запомніўся выпадак, калі ў «дзяжурку» патэлефанавала жанчына і сказала, што сужыцель пагражае яе застрэліць. Прыехалі на месца, пакінулі машыну на ўскрайку вёскі, каб не «свяціцца», зайшлі ў хату, а там сапраўды – мужчына са стрэльбай. На шчасце, усё абышлося. Дарэчы, за час службы, не давялося прымяняць зброю. І гэта добра.

3. Прыкладам і настаўнікам быў мой начальнік Андрэй Базюк, менавіта пад яго кіраўніцтвам я пачынаў рабіць крокі ў прафесію. Ён тлумачыў, калі штосьці было незразумела, хваліў за поспехі, ушчуваў за агрэхі. Словам, вучыў азам службы «операў». 

4. На патрыятызме і жаданні дапамагаць людзям акцэнтаваць увагу не буду – і так зразумела, што яны для нашых супрацоўнікаў першасныя. А яшчэ – справядлівасць. Ёсць закон, і  ўсе людзі павінны яго прытрымлівацца. 

5. Люблю рыбалку: летнюю і зімнюю. Звычайна збіраемся невялікай кампаніяй і едзем кудысьці павудзіць. Можам і ўдваіх з жонкай за ўловам адправіцца. А яшчэ я жыву ў прыватным доме – на прысядзібным участку заўсёды спраў хапае.

Юлія Наумовіч, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх, званне – лейтэнант, стаж – 3 месяцы.


1. Шлях у міліцыю быў звілістым. У мяне шмат родных і знаёмых, якія працуюць у сферы адукацыі, таму і я  вырашыла, што мне ў гэтай сферы будзе цікава. Паступіла ў Лідскі педагагічны каледж на дашкольнае навучанне. Аднак на 2-м курсе зразумела, што прафесія выхавальніка – не маё. Тым не менш, скончыла каледж і адпрацавала ў дзіцячым садку 2 гады. Адначасова паступіла на юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на завочнае аддзяленне, бо разумела, што пасля адпрацоўкі змяню месца работы. Мяне вабіла служба ў міліцыі. У садку даводзілася нярэдка сустракацца з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія прыходзілі праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. Часам ўяўляла сябе на месцы міліцыянераў, прымервала ў думках форму і чым больш стасавалася з імі, тым больш упэўнівалася, што юрыдычны быў правільным выбарам. Калі дыплом быў амаль на руках, пачала шукаць работу. У Навагрудку, адкуль я родам, вакансій у аддзеле міліцыі не было, а вось у Астравецкім РАУС быў патрэбен старшы інспектар ІСН – а я марыла пра гэту службу. І вось са снежня мінулага года працую ў райаддзеле. 

2. Пакуль маю невялікі вопыт службы. Запомніліся першыя прафілактычныя мерапрыемствы, якія праводзіла ў школах. Да кожнага старанна рыхтавалася і вельмі хвалявалася. Хацелася данесці да дзяцей неабходную інфармацыю на зразумелай для іх мове, каб іх «зачапіла».  Да таго ж я працую не толькі з непаўналетнімі, але і з абавязанымі асобамі, сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І калі мне ўпершыню давялося выехаць на паведамленне, што абавязаная асоба не выйшла на працу, шукаць яе, а пасля за гэтае парушэнне аформіць на суткі ў ізалятар часовага ўтрымання – гэта было лёгкім шокам. Цяпер разумею, што тыя эмоцыі выклікалі нявопытнасць і тое, што я толькі ўнікала ў сутнасць спраў. Той выпадак і можна лічыць баявым хрышчэннем. 

3. У радні няма міліцыянераў, таму не мела канкрэтнага прыкладу. Гэта быў хутчэй зборны абагулены вобраз супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія працавалі ў нашым горадзе і дапамагалі маёй сям’і, іншым людзям, калі ўзнікала неабходнасць. А ў Астравецкім РАУС мне дапамагаюць калегі па ІНС – начальнік Артур Буцько і старшы інспектар Андрэй Клютчэня, за што ім вельмі ўдзячна.

4. Лічу, што супрацоўнік міліцыі павінен быць прыстойным, сумленным, смелым, дысцыплінаваным, добрым, а таксама ўмець паставіць сябе на месца іншага і, калі патрэбна, – падтрымаць чалавека.

5. Заняткі ў трэнажорнай зале дапамагаюць эмацыянальна разгрузіцца, як і хатнія бытавыя клопаты. Добра малюю – гэта ад таты, пад настрой магу сесці вечарам і штосьці намаляваць – таксама дапамагае расслабіцца.

Іван Мацкойць, загадчык групы тылавога забеспячэння, званне – на пенсію звальняўся маёрам, стаж – 42 гады, 31 – на афіцэрскай пасадзе. 


1. Родам я са Смаргонскага раёна, але пасля арміі ўладкаваўся на працу ў Астравецкую сельгастэхніку, дзе быў інжынерам службы дарожнай бяспекі. У міліцыю прыйшоў у снежні 1981 года – на той час у праваахоўнікі накіроўвалі годных камсамольцаў – выходзіць, я быў у іх ліку. (Усміхаецца.) Пачынаў міліцыянерам-вадзіцелем ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ). У 91-м пайшоў участковым інспектарам на Гудагайскі сельсавет, палову якога абслугоўваў я, а палову – Іван Іосіфавіч Тухта. Затым быў начальнікам прафілактыкі, інспектарам па дазваляльнай рабоце, начальнікам ІЧУ, старшым участковым на Спондаўскім сельсавеце – адтуль у 2012 годзе і пайшоў на пенсію. Але праз некалькі месяцаў патэлефанаваў тагачасны начальнік і папрасіў крыху папрацаваць у групе тылавога забеспячэння. Ну вось гэтае «крыху» ўжо 10 гадоў працягваецца. Працаваў на розных пасадах, але не магу сказаць, што дзесьці мне падабалася больш – у кожнай была свая спецыфіка. З гадамі змяняліся ўмовы і абавязкі службы. Цяпер, напрыклад, нельга аднаму на месца злачынства выязджаць, а ў маю існасць участковым я часам і на самазабойства адзін выпраўляўся. 

2. Не ведаю, ці можна назваць баявым хрышчэннем, але калі быў участковым, да мяне звярнулася начальнік пошты. Маўляў, у адну з вёсак пераехала сям’я – вельмі спецыфічныя людзі, скаргі на паштальёнаў без падставы пішуць, а самі на кантакт не ідуць. Трэба да іх пад’ехаць пагутарыць, ды боязна адным. Словам, паехалі разам. Дом тых людзей на ўскрайку стаяў. Жыхароў двое – маці і дарослы сын. Работнікі пошты пачалі па сваёй справе разбірацца, а я стаяў моўчкі ля дзвярэй. І раптам сын, які знаходзіўся ў другім пакоі, як кінецца на мяне з сякерай – добра, што я зрэагаваў і дзверы як абарону выставіў. Але ён не спыніўся і пачаў далей махаць, я зброю выхапіў – і тут маці кінулася яго супакойваць, а мне крычаць, каб не страляў. Аказваецца, мужчына быў псіхічна хворы і на яго часам вось такія «заскокі» находзілі, а нас жанчына забыла папярэдзіць. 

Больш за ўсё запомнілася трайное забойства на хутары непадалёк Градаўшчызны. Быў ці то 83-ы, ці то 85-ы год. Паступіла паведамленне, што на хутары кагосьці забілі. На выклік адправіліся разам з другім участковым – Іванам Іосіфавічам Тухтам. Заходзім у дом, а там у пакоі ляжыць застрэленая жанчына, недалёка – ружжо раскладзенае з адным патронам. Сын забітай быў інвалідам – яго убачылі на ложку, з твару тырчалі рэшткі шкляной бутэлькі – яна была прыладай забойства. Нежывога гаспадара знайшлі ў падсобным памяшканні за куфарам – бачна, ён там схавацца хацеў. Расследаванне завяло аж у Вільнюс, дзе жыло трое пляменнікаў забітых. Па крымінальнай лініі яны неаднойчы «свяціліся»: рабавалі магазіны, ларкі. Ноччу іх і «ўзялі» – у аднаго  знайшлі рэчы з нядаўна абрабаванага павільёна. Выяздны суд быў у Астраўцы. У выніку дваіх прыгаварылі да расстрэлу, а трэцяму, які быў непаўналетнім, далі 10 гадоў турмы. За што яны забілі сваіх жа? Гэтыя злачынцы жылі за кошт крадзенага, а іх родзіч-інвалід нядаўна атрымаў пенсію – 27 рублёў. Грошы злачынцы забралі, напэўна, патрабавалі яшчэ. 

3. Маімі настаўнікамі былі Іван Іосіфавіч Тухта і Тадэвуш Станіслававіч Даўляш – яны многаму навучылі ў міліцэйскай прафесіі. 

4. Галоўнае, да чаго павінен імкнуцца кожны праваахоўнік, – дапамагчы людзям. Каб ведалі, што да яго можна звярнуцца, і ён абавязкова разбярэцца ў іх бядзе.  

5. Маё захапленне – паляванне. Хадзілі з таварышамі на лася, кабана, качак. Гэта адначасова і мой адпачынак. 


Текст:
Фото: Марина Мацкевич