Вместо срочной службы выбрали контрактную. Почему?
13:00 / 23.02.2023
Дзядька параіў
Ілья Тухта, 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк:
– У армію пайшоў адразу пасля заканчэння школы – вырашыў аддаць грамадзянскі абавязак Радзіме. Такім, можна сказаць, быў мой першы крок у дарослае жыццё. (Усміхаецца.)
Пра альтэрнатыву тэрміновай службе расказаў дзядзька Алег. Ён жа параіў і ваенную часць, якая бярэ прызыўнікоў на кантракт. Гэта ідэя спадабалася – па-першае, перспектыва служыць на радзіме; па-другое, цікавіла сістэма супрацьпаветранай абароны. Заставалася толькі дзейнічаць.
Спачатку адправіўся ў часць, даведаўся пра вакансіі, запытаў, ці магу прэтэндаваць на іх, там жа мне падказалі, што рабіць далей. Потым звярнуўся ў ваенкамат, дзе далі накіраванне на медкамісію – праходзіў яе ў Астраўцы і ў мінскім шпіталі. Сабраўшы неабходныя дакументы, падаў іх у ваенную часць. І мяне прызвалі на службу.
Пачатковую ваенную падрыхтоўку праходзіў у часці: страявая і агнявая, вывучэнне статута, асаблівасцей будучай работы… У плане фізічнай культуры, здачы нарматываў праблем не ўзнікала – з дзяцінства са спортам сябрую. А вось адаптавацца пасля школы да рэжыму і новага статусу было складана, і да «боцікаў» салдацкіх не адразу прызвычаіўся. (Смяецца.) Дарэчы, прымаў ваенную прысягу адзін, бо прыйшоў у часць раней, чым прызывалі на тэрміновую службу.
Дзесьці праз месяц прыступіў да выканання непасрэдных абавязкаў. Цяпер займаю сяржанцкую пасаду, я начальнік АТС – адказваю за тэлефонную сувязь у палку. Цяжкасцей у асваенні спецыяльнасці не было: дапамагалі, тлумачылі і мае непасрэдныя начальнікі, і той, хто перадаваў справы, і мае падначаленыя – яны ўжо паўгода адслужылі, таму ведалі гэту «кухню».
З жыллём пытання не стаяла – я астравецкі, хаця кіраўніцтва цікавілася, ці маю ў ім патрэбу. Зарплату атрымліваю, да часці з дому дабірацца недалёка, тым больш арганізаваны падвоз… – служыць мне падабаецца.
Амаль 2 гады прайшло з часу, што я ў палку, – у красавіку звальненне ў запас. Ужо маю планы, чым займуся далей, – упэўнены, што вопыт і веды, якія набыў падчас службы ва Узброеных Сілах, мне спатрэбяцца на грамадзянцы.
Аляксандр Невядомскі, пагранічная застава «Астравецкая»:
– Пра тое, каб не ісці ў войска, думкі не ўзнікала – гэтую жыццёвую прыступку хлопцу, лічу, трэба прайсці абавязкова. Аб магчымасці замест тэрміновай службы выбраць кантрактную расказала маці – у яе сяброўкі сын так зрабіў. Я параіўся з хросным бацькам – ён ваенны, той патлумачыў, куды трэба звяртацца. Словам, альтэрнатыва мне спадабалася. Толькі хацелася, каб быць бліжэй да дома – родам я з Ашмян. І ўсё сталася, як і марыў.
Мяне цікавіла спецыфіка аховы Дзяржаўнай мяжы, таму выбар паў на пагранічную службу. Прайшоў усе неабходныя камісіі, адбор, праверкі – і ўжо 10 месяцаў як служу ў пагранвойсках.
Пачынаў у вучэбным пункце часці каля Смаргоні. Там праходзіў агнявую, страявую, фізічную падрыхтоўкі, спасцігаў асаблівасці службы на мяжы.
Потым прыняў ваенную прысягу, накіравалі на пасаду інспектара 3-й катэгорыі на пагранзаставу «Лоша». Спярша прысвоілі званне малодшага сяржанта, потым – сяржанта. Цяпер я інспектар па рабоце з насельніцтвам на пагранзаставе «Астравецкая» – за мной замацаваны акрэслены ўчастак тэрыторыі.
Самым цяжкім напачатку, напэўна, было прывыкнуць да іншага ўкладу жыцця. (Усміхаецца.) Ён кардынальна змяніўся – гэта дакладна. З аднаго боку, у мяне з’явілася больш самастойнасці, з другога – больш адказнасці за тое, што раблю, якія рашэнні прымаю.
У кантрактнай службе бачу толькі плюсы: жыву ў кватэры ў доме афіцэрскага саставу, які стаіць ля заставы; атрымліваю добрую зарплату; маю 2 выхадных на тыдзень, а вольны ад службы час цалкам мой – я «не прывязаны» да аднаго месца.
Канкрэтных планаў пакуль на будучыню няма, калі не лічыць, пакупкі машыны. (Усміхаецца.) Маю прафесію радыётэхніка, але падумваю пра тое, каб застацца на службе.
Арцём Ранцоў, вайсковая часць 7434:
– Пасля заканчэння каледжа (па адукацыі электрагазазваршчык і слесар па зборцы металаканструкцый) пайшоў працаваць, а праз 3 месяцы прызвалі ў армію.
Хоць родам я з Маляў, трапіць хацеў у Аколіцу, што пад Мінскам, у часць унутраных войскаў. Там служыў мой бацька. А мне прапанавалі стаяць на ахове галоўнага стратэгічнага аб’екта нашай краіны – БелАЭС. Я згадзіўся.
Служыць непадалёк дома добра: калі ў звальніцельны адпускалі, можна сказаць, хвіліна – і ты ў хаце, родным таксама блізка – часцей прыехаць маглі, каб убачыцца. Першы раз дамоў трапіў, калі пасля курса маладога байца прынялі ваенную прысягу, – на двое сутак адпусцілі. Але запомніўся не той, а другі звальніцельны – я тады не ішоў, а ляцеў у Малі! Гэта і не дзіва: уклад жыцця зусім іншым стаў і прызвычаіцца адразу немагчыма да строга вызначанага рэжыму, фізічных нагрузак і гэтак далей. А потым прывык – і звальніцельныя былі проста часам, калі ты можаш выехаць з часці. (Усміхаецца.)
Пасля васьмі месяцаў тэрміновай службы кіраўніцтва прапанавала перавесціся на кантракт. Узважыў усе «за» і «супраць» – і вырашыў, што гэта добры варыянт. Такіх жадаючых з майго прызыву было 6 чалавек.
Дарэчы, калі ў некаторыя ваенныя часці прызыўнік можа адразу ісці на кантрактную службу, то ў нашай толькі пасля паўгода тэрміновай.
Маю званне сяржанта. Цяпер дзяжурны КПП, сачу за тым, каб у часць не траплялі забароненыя рэчы і рэчывы і, суадносна, каб забароненае не вынеслі за межы нашай тэрыторыі.
Агулам у арміі больш за год – мне падабаецца. Магчыма, хтосьці скажа: прадоўжыў знаходжанне ў часці. Так! Каб быў на тэрміновай, засталося б усяго 7 месяцаў – і дамоў, а кантракт заключыў на 2 гады. Аднак, лічу, мне пашанцавала. Ведаю не па расповедах, у чым адрозненне гэтых служб, – і ў мяне была магчымасць выбару. Калі б адкруціць стужку жыцця назад, зноў пайшоў бы спярша на тэрміновую.