Па якіх рысах характару вызначаюць беларусаў у свеце – разважаюць Тамара Качкан і Мілана Жэгарыс

12:00 / 21.02.2023

Што вылучае беларускую мову і беларусаў у свеце?

У нашым рознакаляровым і рознагалосым шмат­аблічным свеце налічваецца каля 6 тысяч моў. Палова з іх – пад пагрозай знікнення. Вельмі прыкра, што сярод іх – і наша родная, беларуская…

Каб надаць увагу мовам, што апынуліся ў гэтым сумным спісе, па рашэнні Генеральнай асамблеі ЮНЕСКА з 2000 года ва ўсім свеце 21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. 

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Падольскай СШ Тамара Качкан і яе вучаніца, дзесяці­класніца гэтай жа школы, прызёр абласной алімпіяды па беларускай мове Мілана Жэгарыс у інтэрв’ю «Астравецкай праўдзе» падзяліліся сваімі думкамі пра беларусаў і беларускасць, родную мову і яе месца ў свеце.

– У кожнай нацыі ёсць нейкія адметныя рысы. Да прыкладу, італьянцаў лічаць гарачымі і эма­цыянальнымі, фінаў – спа­кой­нымі і марудлівымі, нем­цаў – акуратнымі і педантычнымі… А па якіх рысах характару, на вашу думку, пазнаюць у свеце беларусаў?

Тамара Качкан: 

– Беларусаў вылучаюць тры галоўныя рысы: памяркоўнасць, тале­рантнасць і мудрасць. Ці ўласцівы яны мне? Ну, мудрай сябе пакуль не асмелюся назваць – гэта пры­ходзіць з гадамі і з вопытам. Але шмат чытаю беларускай літаратуры і, мне здаецца, дзякуючы гэтаму станаўлюся крыху мудрэйшай. Памяркоўнасць? Так, здаецца, яна мне ўласціва: я бесканфліктны чалавек. І талерантны: успрымаю лю­дзей такімі, як яны ёсць, не прымаю толькі жорст­касці ў любым яе праяўленні. 


Мілана Жэгарыс:

– Ва ўсім свеце ведаюць, што беларусы працавітыя, талерантныя, гасцінныя. Мне здаецца, што і я не пазбаўлена гэтых рыс нашага нацыянальнага характару.

– З якога часу і дзякуючы чаму ці каму вы сталі ўспрымаць сябе беларусам?

Тамара Качкан: 

– З самага маленства, колькі сябе памятаю, ведала, што я беларуска. Толькі так – і ніяк інакш! 

Але калі раней гэта адчуванне было інтуітыўным, то цяпер – свядомым. Я прадстаўнік сваёй нацыі і імкнуся ўсяляк папулярызаваць свой народ і яго мову. Мне даводзіцца даваць шмат майстар-класаў у самых розных аўдыторыях – і толькі аднойчы для студэнтаў Ульянаўскага ўніверсітэта праводзіла яго на рускай мове, інакш слухачы мяне проста не зразумелі б. А так усюды і заўсёды імкнуся гаварыць па-беларуску – хоць бы з тым, каб не быць галаслоўнай перад вучнямі, якіх матывую размаўляць на роднай мове.

Мілана Жэгарыс:

– З ранняга дзяцінства, як толькі пачала сябе ўсведамляць, ведала, што я беларуска. Цяжка сказаць, адкуль гэта пайшло – напэўна, з сям’і. Найперш, мусіць, ад бабулі Марыны Іванаўны Шылько. У дзяцінстве часта гасцявала ў яе на хутары Парцэль-Паляны. Яна расказвала пра сваю маладосць, песні спявала. А ўжо якімі стравамі частавала! Дранікі, цэпеліны, мачанка… Дзе яшчэ, як не ў беларускай вёсцы, можна пакаштаваць іх сапраўдны смак?! 

– Часам можна пачуць: навошта нам беларуская мова? Каб паразумецца з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, што жылі ў Савецкім Саюзе, дастаткова рускай – усе яе ведаюць. У іншых краінах свету мовай міжнацыянальных стасункаў даўно стала англійская. Навошта траціць час і сілы на вывучэнне беларускай, якая знаходзіцца ў статусе паміраючай? Што адказалі б тым, хто так гаворыць?

Тамара Качкан: 

– З такім жа поспехам можна спытаць: навошта нам звацца беларусамі? Давайце будзем лічыцца рускімі, палякамі ці французамі… Без мовы няма нацыі – гэтак жа, як і нацыі няма без мовы. Успомніце Францішка Багушэвіча з яго бессмяротным «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…» 

Гэта па-першае. А па-другое… Вы паслухайце, як гавораць па-руску расіяне і беларусы – гэта ж абсалютна розная гаворка! Наш артыкуляцыйны апарат генетычна па-іншаму «заточаны»! Калі нашы людзі спрабуюць гаварыць на мове суседняга народа, гэта адразу чуваць і выклікае, па меншай меры, усмешку. Асабліва калі яны выхоўваліся ў беларускамоўным асяроддзі.

Мілана Жэгарыс:

– Галоўная адметнасць кожнай нацыі – мова. Няма мовы – няма нацыі. Ты можаш ведаць сто моў, але калі не ведаеш сваёй, роднай, то які ты беларус?

– Што можа і павінен зрабіць кожны беларус, каб родная мова жыла?

Тамара Качкан:

– Трэба не ківаць на некага, не чакаць, калі нехта нешта дазволіць ці загадае, а пачынаць з сябе. У першую чаргу – размаўляць па-беларуску. Так, спачатку будзе складана, будуць укліньвацца русізмы, дыялектызмы. Але не варта гэтага баяцца і саромецца – трэба гаварыць! Лепш памыляцца, чым нічога не рабіць. А каб памылак было менш, трэба чытаць беларускія кнігі: яны і мудрасці навучаць, і мове. 

Мілана Жэгарыс:

– Самае простае і эфектыўнае – гаварыць па-беларуску. Родная мова гучыць у нас дома, у школе, мне яна вельмі блізкая. Таму я і рашылася рыхтавацца да алімпіяды па беларускай мове. Папрацавала з настаўніцай – вось і вынік.

– Вашы любімыя беларускія…

…слова

Тамара Качкан:

– Мілагучнасць. Па-руску так не скажаш.

Мілана Жэгарыс:

– Забабон. Яно сапраўды беларускае.

…песня

Тамара Качкан:

– Такіх многа. Але калі збіраемся кам­па­ніяй, найчасцей спяваем «Касіў Ясь канюшыну» і «А я лягу-прылягу…»

Мілана Жэгарыс:

– «Касіў Ясь канюшыну» – мне здаецца, яе ведаюць усе.

…кніга 

Тамара Качкан:

– Я ўвогуле ў захапленні ад Ніла Гілевіча, а яго раман у вершах «Родныя дзеці» магу перачытваць бясконца! Наколькі гэта прос­ты і мудры твор, колькі з яго можна пачэрпнуць!

Мілана Жэгарыс:

– «Дзікае паляванне караля Стаха» Ула­дзіміра Караткевіча.

…мясціна

Тамара Качкан:

– Гэта мая маленькая радзіма – хутар Юзэфполле. Там маё сэрца… 

Мілана Жэгарыс:

– Мае родныя Падольцы.

…выслоўе

– «Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі», Янка Купала.

Мілана Жэгарыс:

– «Куды б цябе ні завяла дарога, не забывай бацькоўскага парога», Пятрусь Броўка.

Текст: Нина Рыбик