На Янаўскім вадасховішчы прайшлі спаборніцтвы па зімовай рыбалцы

15:00 / 14.02.2023

Марозную сонечную лютаўскую нядзелю аматары вудачкі правялі на Янаўскім вадасховішчы – тут прайшлі раённыя спаборніцтвы па зімовай лоўлі рыбы. Зазначу, што з-за геаграфіі ўдзельнікаў гэта мерапрыемства смела можна лічыць міжраённым. Паспытаць удачу на лёдзе да нас завіталі рыбакі са Смаргоншчыны, Ашмяншчыны, Вілейшчыны і іншых рэгіёнаў краіны.

І арганізатарам (фізкультурна-спартыўнаму клубу і раённай арганізацыі Беларускага таварыства выратавання на водах), і ўдзельнікам пашчасціла з надвор’ем, якое 12 лютага змяніла плюсавую тэмпературу на мінус. За гадзіну да старту, супрацоўнікі таварыства выратавання на водах памералі таўшчыню лёду. Адзнака ў 20 сантыметраў сведчыла, што можна смела выхадзіць на ледзяное покрыва. Дарэчы, кожны рыбак быў ў спецыяльнай выратавальнай камізэльцы – без яе да ўдзелу ў спаборніцтве не дапускалі.



Звыш 30-ці чалавек, сярод якіх было 5 жанчын, па камандзе запаланілі вызначаны з дапамогай аранжавых фішак участак вадасховішча і з імпэтам і веданнем справы пачалі свідраваць лункі. Ну што ж, як кажуць заядлыя рыбакі: ні хваста ім, ні лускавінкі!

Па ўмовах спаборніцтва ўдзельнікі маглі мець з сабой неабмежаваную колькасць вудзілішч з адным кручком ці мармышкай, але карыстацца дазвалялася толькі адной. Можна было прымяняць любыя жывёльныя, раслінныя насадкі, акрамя жывых, мёртвых і штучных рыбак. За выкананнем гэтых і іншых правілаў пільна сачыла судзейская каманда, а за бяспекай – супрацоўнікі таварыства выратавання на водах.

На спаборніцтвы адвялі 4 гадзіны. Самае галоўнае было выцягнуць як мага больш рыбы. Бачучы засяроджанасць і адначасова захопленасць працэсам удзельнікаў, злавіла сябе на думцы, што рыбалка – не проста хобі, а штосьці большае. А па тым, як жанчыны спрытна насаджвалі на кручок матыля, можна смела сцвярджаць, што лоўля рыбы – не выключна мужчынскі занятак…

Чатыры гадзіны праляцелі як імгненне. Суддзі – Вадзім Лебядзевіч і Валяр’ян Валадзько – па чарзе падыходзілі да рыбакоў, узважвалі ўлоў, вызначалі агульную колькасць рыбін і вагу самай буйной. Пасля падвядзення вынікаў адбылося ўзнагароджанне. Двайную перамогу святкаваў Андрэй Занковіч – ён стаў лепшым у асабістым заліку (1,515 кілаграмы) і вылавіў найбольш рыбін – 80. Другую прыступку з вынікам 1,300 кг заняў Юрый Грамыка, тройку лідараў замкнуў Яўген Русак, які ва ўлове саступіў папярэдніку толькі на 20 грамаў. Самая буйная рыбіна вагой 245 грамаў трапіла на кручок Арцёма Буглакова. Сярод жанчын месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е заняла Марына Рамашова, 2-е – Наталля Найдзіч, 3-е – Святлана Анушкевіч, 4-е – Святлана Малючак, 5-е – Кацярына Пашкевіч.

Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы, кубкі, медалі і падарункі. Сувенірамі адзначылі рыбакоў да 18 гадоў. Але бадай што самымі прыемнымі бонусамі для ўсіх сталі добры настрой і эмоцыі. Арганізатары, удзельнікі і гледачы зышліся ў меркаванні, што зімовую рыбалку на Астравеччыне трэба рабіць традыцыйнай!

Слова – арганізатарам

Вадзім Лебядзевіч, старшыня судзейскай калегіі:

– Пасля працяглага перапынку спаборніцтвы па зімовай рыбалцы адрадзілі. Больш таго, яны будуць мець лагічны працяг у іншыя поры года: вясной плануем правесці лоўлю на фідар, восенню – на драпежных рыб з лодкі. Па вялікім рахунку, рыбалка – гэта і адпачынак, і хобі, і спорт. Усцешаны, што змаглі арганізаваць і правесці спаборніцтвы і, мяркуючы па шматлікіх водгуках удзельнікаў, у нас усё атрымалася. Парадавала, што на Янаўскае вадасховішча прыехалі рыбакі з іншых раёнаў, у тым ліку і шмат сямейных пар.

Слова – удзельнікам

Жарліца, блясна, мармышка – усе гэтыя прыстасаванні, асабіста для мяне, далёкай ад рыбалкі, – нешта незразумелае. Таму ўдзельнікам спаборніцтваў па зімовай лоўлі задала пытанні дапытлівай і няўрымслівай мульцяшнай гераіні Машы: а дзе клюе? на што клюе? як клюе? А яшчэ пацікавілася ў рэспандэнтаў, калі яны захапіліся рыбалкай і колькі важыў найбольшы вылаўлены імі трафей.

Дзмітрый і Святлана Малючакі, Кямелішкі

Дзмітрый:

– У падобных спаборніцтвах удзельнічаю ўпершыню. Добра, што арганізатары іх запланавалі на выхадны. Прапанову паўдзельнічаць у зімовай рыбалцы падтрымала жонка. Па-першае, удваіх весялей; па-другое, мне прасцей: пытання – навошта чарговая вудачка? – у нашай сям’і не ўзнікае. (Усміхаецца) На матыля злавіў толькі 5 штук.

Рыбалкай захапляюся з дзяцінства – каля 25 гадоў. Карпа вагой 5 кілаграмаў 700 грамаў выцягнуў у Шчучынскім раёне.

Святлана:

– Лаўлю на матыля, на кручок трапілі толькі тры маленькія яршы. Відаць, сёння не мой дзень. На рыбалку мяне “падсадзіў” муж. Падабаецца вудзіць летам на спінінг – гэта нашмат цікавей.

Кацярына Пашкевіч, Рымдзюны:

– Упершыню ўдзельнічаю ў спаборніцтвах па зімовай лоўлі. Першы блін выйшаў камяком – як ні старалася, але ніводнай рыбы не выцягнула. Хоць лавіла на матыля, апарыша, чарвяка. Тым не менш, атрыманы досвед лічу карысным. Летняй рыбалкай захапляюся 3 гады. Сёлетняя зіма першая, калі я выйшла з вудачкай на лёд. Уражанні ад спаборніцтваў самыя станоўчыя. Спадабалася іх прадуманая і дакладная арганізацыя.

Андрэй Занковіч, Вілейка:

– Лавіў на матыля з лопухам з выкарыстаннем мармышкі і тонкай лескі. Здабычай задаволены: “цягаў” у асноўным плотку. Хто пабегаў па вадасховішчы і “налупіў” лунак, таму і пашчасціла. (Усміхаецца.)

Маё дзяцінства прайшло на Вілейшчыне ў вёсцы Любань, таму рыбалка – гэта маё з маленства. Шчупака вагой 7 кілаграмаў выцягнуў з невялікага вадаёма літаральна ля хаты. Падабаецца вудзіць і летам, і зімой.

Юрый Грамыка, Смаргонь:

– Лавіў вудачкай аснашчанай мармышкай – у асноўным акунёў. Вынікам задаволены, на кручок трапіла 12 рыбін. Улоў прынёс 2 месца ў асабістым заліку.

Пра рыбалку магу гаварыць доўга і шмат… Ляшча вагой амаль у 5 кілаграмаў выцягнуў на вадаёме Мельніца Смаргонскага раёна.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич