Пошта ў Спондах: нявыгадна, але патрэбна

07:25 / 24.01.2023
1018

000022_1656664786_511221_big.jpg

Навіна маланкай абляцела Спонды: закрываюць пошту! Яна стала апошняй кропляй для жыхароў некалі вялікай вёскі, дзе былі сельсавет, магазін, клуб, бібліятэка, а цяпер з усіх выгод цывілізацыі засталіся сярэдняя школа, ФАП ды паштовае аддзяленне, якое называецца «выдзеленае рабочае месца аддзялення паштовай сувязі Міхалішкі». І нагодай звярнуцца да дырэктара Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» – пісьмо падпісалі больш чым 80 жыхароў не толькі Спондаў, але і навакольных вёсак і хутароў, для якіх на невялікім пакойчыку з сіняй шыльдай «сышоўся клінам белы свет». 
Каб разабрацца ў сутнасці праблемы і паспрабаваць знайсці выйсце, у Спонды на сустрэчу з насельніцтвам прыехалі Святлана Мякіш, намеснік дырэктара Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта», Кацярына Сянкевіч, намеснік начальніка Смаргонскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі, Яўгенія Гайдукевіч, начальнік Астравецкага ўчастка паштовай сувязі, Генадзь Бычко, намеснік старшыні райвыканкама, Віктар Свіла, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, карэспандэнт «Астравецкай праўды» – аўтар гэтых радкоў.

Кропка гледжання насельніцтва
(Са звароту ў Гродзенскі філіял РУП «Белпошта»)

IMG_9898.jpg

«…Спачатку ў Спондах ліквідавалі сельскі Савет, затым зачынілі бібліятэку, клуб, магазін, цяпер закрыццё пагражае ВРМ (выдзеленаму рабочаму месцу) аддзялення сувязі.
Мы разумеем: магчыма, трымаць 0,5 стаўкі нерэнтабельна – але на 0,3 стаўкі ў нашай мясцовасці работніка не знайсці. Гэта закончыцца канчатковым закрыццём паштовага аддзялення. А як быць мясцовым жыхарам? (…) Пошта – адзінае месца, дзе можна набыць прадукты і тавары першай неабходнасці (у нашай вёсцы і ў іншых у радыусе 10 кіламетраў няма магазінаў), паштовая машына не зможа прывезці неабходную колькасць тавараў, каб задаволіць патрэбы насельніцтва. (…) Бліжэйшае паштовае аддзяленне знаходзіцца ў аграгарадку Міхалішкі за 25 кіламетраў ад Спондаў, а ад аддаленых вёсак – за 40 кіламетраў. (…)
Вельмі просім уважліва аднесціся да нашага звароту і захаваць 0,5 штатнай адзінкі работніка ВМР «Спонды» і прадоўжыць працоўныя адносіны з Марыяй Іосіфаўнай Казлоўскай». 

Кацярына Емяльян, дырэктар Спондаўскай школы:

IMG_9909.jpg

– Зразумейце нас правільна: гэты зварот – не скарга, а просьба аб дапамозе. Для нас пошта – гэта сувязь з цывілізаваным светам. Магазіна ў вёсцы няма – а тут шырокі асартымент тавараў харчовай і прамысловай груп. Сёння многія рэчы можна заказаць у інтэрнэт-магазіне і затым забраць пасылку на месцы. Не стане ў Спондах паштовага аддзялення – хто паедзе за ёй у Міхалішкі за 25 кіламетраў? У які кошт выльецца дастаўка? Зноў жа – дзе вяскоўцу зняць грошы з картачкі? На сённяшні дзень – толькі на пошце.
Так, магчыма, утрымліваць паштовае аддзяленне ў Спондах эканамічна не выгадна. Але ж трэба думаць і пра людзей.


Кропка гледжання кіраўніцтва Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта»

Святлана Мякіш, намеснік дырэктара філіяла:

IMG_9912.jpg

– Часта гавораць: пошта – сацыяльны аб’ект. Так, бясспрэчна. Але пры гэтым яна – дзяржаўная камерцыйная арганізацыя. Мы не атрымліваем датацыі з бюджэту і на зарплату, утрыманне бу­дын­каў, транспарт і іншае можам патраціць толькі тое, што заробім. Пошта ў гэтым плане ўнікальнае прадпрыемства, бо большая частка нашых даходаў ідзе на заработную плату супрацоўнікаў і іншыя сацыяльныя выплаты. 
Штогод па кожным рабочым месцы робіцца разлік аб’ёмаў аказваемых паштовых паслуг і, зыходзячы з гэтага, вызначаецца штатны расклад. У адпаведнасці з разлікам за 2022 год мы не можам трымаць палову стаўкі і пераводзім аператара на 0,3 стаўкі.
Але намеру ліквідоўваць выдзеленае рабочае месца ў Спондах няма. Пра­доў­жылі дагавор на арэнду памяшкання. Калі Марыя Іосіфаўна, якая раней тут працавала, не пагодзіцца з прапанаванымі ўмо­вамі, – будзем шукаць чалавека. Спа­дзяёмся, што мясцовая ўлада нам у гэтым дапаможа. Гатовы ўзяць некага па сумяшчальніцтву ці пенсіянера, згодны пайсці на ўстанаўленне гнуткага графіка. Пакуль не знойдзем спецыяліста, на паштовае аддзяленне ў Спонды будзе прыязджаць аператар з Міхалішак і аказваць тыя ж паслугі, што былі тут і раней. У любым выпадку людзі нават з самых аддаленых вёсак спондаўскай зоны не застануцца без паслуг пошты.

Кропка гледжання мясцовай улады

Віталь Івашкевіч, старшыня Міхалішскага сельсавета:

IMG_9896.jpg

– Мая пазіцыя з нагоды магчымага закрыцця выдзеленага рабочага месца паштовага аддзялення ў Спондах і ўвогуле аптымізацыі, што апошнім часам назіраецца ў вёсках, адназначна адмоўная. За закрыццём кожнай сацыяльнай установы непазбежна наступаюць глабальныя праблемы: страта рабочых месцаў, ад’езд людзей у буйныя населеныя пункты і гэтак далей. 
За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. У 2004 годзе аб’ядналі калгасы імя 50-годдзя ВЛКСМ і «Савецкая Беларусь». З эканамічнай кропкі гледжання, здаецца, усё было абгрунтавана. Але ніхто не ўлічваў аддаленыя наступствы. На момант аб’яднання ў Масцянах дзейнічалі ўсе аб’екты сацыяльнай інфраструктуры: дзіцячы садок, пачатковая школа, магазін, клуб, бібліятэка, ФАП, паштовае аддзяленне, у масцянской зоне было 270 выбаршчыкаў! Прайшло няпоўных 20 гадоў – застаўся толькі магазін і каля 80 жыхароў. Такі вынік аптымізацыі.
Трэба памятаць, што пошта ў Спондах абслугоўвае іншыя вёскі і шматлікія хутары і для іх жыхароў паслугі, што тут можна атрымаць, жыццёва неабходныя. Таму, па маім перакананні, рабочае месца трэба захаваць і пакінуць ранейшым рэжым работы. 
Так, магчыма, эканоміка не складваецца – тады трэба перакрываць страты ад работы невялікіх аддзяленняў даходамі буйных. Ці падумаць, якія новыя віды паслуг аказваць. Зноў жа, вяртаючыся да праблемы кадраў: магазін у Спондах закрылі, бо не знайшлі прадаўца. Страцім спецыяліста тут – узнікне тая ж праблема.
Пошта – гэта сацыяльны аб’ект, а ў некаторых выпадках – і палітычны, і закрываць яе ні ў якім разе нельга.

Генадзь Бычко, намеснік старшыні райвыканкама:
– На жаль, пра гэтую праблему я даве­даўся, калі пытанне, што называецца, паўстала рубам і з’явіўся калектыўны зварот грамадзян у вобласць. 
Мы разумеем боль людзей, і не толькі жыхароў Спондаў, але і навакольных вёсак – Масцян, Клюшчан і іншых. І разам з тым не маем права прымушаць РУП «Белпошта» мяняць унутраныя ўмовы сваёй дзейнасці. Наша задача – знайсці кампрамісны варыянт, каб былі задаволены патрэбы насель­ніцтва і не пацярпела эканоміка прадпрыемства.
Але, на маю думку, для станоўчага эка­намічнага балансу трэба не толькі эка­номіць, але і шукаць дадатковыя магчы­масці заробку, аказваць новыя паслу­гі. Да прыкладу, падпіска займае немалую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме даходаў пошты. Але рэзерв гэты выкарыстоўваецца далёка не поўнасцю, газеты сёння выпісваюць не ў кожным доме, у тым ліку і ў спондаўскай зоне.

IMG_9882.jpg

Кампраміс
Пасля бурных дэбатаў, розных прапаноў і іх абмеркавання быў знойдзены кам­праміс. Марыя Казлоўская, якая раней працавала на выдзеленым рабочым месцы аддзялення паштовай сувязі Міхалішкі ў Спондах, пагадзілася вярнуцца на работу на гнуткі графік: замест штодзённых дзвюх гадзін, як было заяўлена першапачаткова, жанчына будзе працаваць тры разы на тыдзень па 4 гадзіны. 
Вестку гэтую мясцовыя жыхары ўспрынялі з радасцю: Марыю Іосіфаўну кліенты спондаўскай пошты ведаюць і паважаюць, яна паспяхова спраўлялася са сваімі абавязкамі і кіраўніцтва гэта цаніла. 
Такім чынам, рабочае месца паштовага аддзялення ў Спондах захаваецца і кліенты атрымаюць ранейшы пакет паслуг. Па словах начальніка Астравецкага ўчастка паштовай сувязі Яўгеніі Гайдукевіч, яно расчыніць дзверы ў бліжэйшы час.

Пасляслоўе журналіста
І хоць усё нібыта закончылася хэпі-эндам, горкі прысмак застаўся. 
Па-першае, невядома, ці не ўзнікне тая ж праблема праз год, калі будзе зроблены новы разлік. 
А па-другое… Я нават не пра тое, што дзяржава наша, як неаднаразова заяўляў Прэзідэнт краіны, сацыяльна-арыентаваная і клапоціцца пра кожнага чалавека – пакінем гэты немалаважны аспект, што называецца, за дужкамі – гэта тэма іншай размовы. І пагаворым пра даходы і страты.
…Я не эканаміст, але сваім гуманітарным розумам даходжу, што часам, эканомячы «на запалках», кіраўнікі прадпрыемстваў страчваюць нашмат больш на іншым, толькі не ў бягучы момант, а ў аддаленай перспектыве. Так і ў гэтым канфліктным выпадку. Зэканоміўшы на зарплаце работніка «шалёныя грошы» – сотню рублёў, ну хай яшчэ нейкую суму на іншых расходах, пошта непазбежна страціць даходы ад таго, што жыхары Спондаў і навакольных вёсак будуць купляць крупы і макароны ў іншых месцах, не выпішуць газеты, паедуць за наяўнымі грашыма ў банкамат у Свір і будуць пераплачваць кур’ерам за дастаўку пасылак. 
…У свой час, калі прадпрымальнікі рабілі пер­шыя крокі і прыватныя крамы мелі толькі самыя багатыя з іх, адзін з кіраўнікоў тагачаснага гандлёвага манапаліста – райспа­жыў­таварыства – заяўляў, што прыватнік ніколі не павязе ў вёску соль і хлеб. Жыццё паказала: павезлі, і за нейкіх 30 гадоў амаль што палажылі на лапаткі спажыўкааперацыю не толькі ў горадзе, але і ў вёсцы. Не хочацца, каб той жа лёс напаткаў і пошту. 
Каб гэтага не здарылася, трэба не толькі эканоміць, але і зарабляць.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений