Капитан медицинской службы Сергей Вырвич сменил гражданскую стезю на военную
13:07 / 22.01.2023
У дзяцінстве хлопчык з Пастаўшчыны Сяргей Вырвіч марыў стаць шафёрам альбо трактарыстам. Але, пасталеўшы, перадумаў – і пайшоў у медыцыну. Юнак атрымаў прафесію ўрача, уладкаваўся на працу, работа падабалася – усё адбылося, як марылася.
Аднак праз некаторы час маладому чалавеку паступіла прапанова паслужыць, ён згадзіўся – і змяніў бальнічны халат урача на ваенную форму. Цяпер Сяргей Вырвіч – капітан медыцынскай службы вайсковай часці 7434.
…Адвучыўся на ваеннай кафедры
– Я скончыў Віцебскі медуніверсітэт.
Набор на ваенную кафедру ажыццяўлялі на 2-м курсе – па жаданні. Для гэтага трэба было прайсці медкамісію, прынесці характарыстыку, атрымаць рэкамендацыю ад свайго куратара... Усё гэта я зрабіў – і стаў адным з 20 хлопцаў-медыкаў, залічаных на кафедру.
Заняткі праходзілі па наступным графіку: спярша агульныя для ўсіх студэнтаў, а затым адны – дамоў, а мы – у інтэрнат прыводзіць сябе ў парадак. Асаблівых патрабаванняў не было, але абавязкова – афіцыйны стыль адзення, туфлі, кароткая стрыжка, паголенасць. І зноў – за вучобу. (Усміхаецца.)
Кафедра знаходзілася на базе ўніверсітэта. Прадметы – і тэорыю, і практыку – выкладалі афіцэры медыцынскай службы. Займаліся мы тры разы на тыдзень цягам 3-4 гадзін.
Да слова, і практыкі праходзілі дзве: па спецыялізацыях агульнай медыцыны і асобна – па ваеннай.
Пасля 4-га курса на летніх канікулах, калі іншыя студэнты адпачывалі, у нас былі ваенныя зборы. Тады нам выдалі форму.
Дыслацыраваліся на тэрыторыі ўніверсітэта, дзе размяшчаўся ваенна-палявы шпіталь, на базе якога мы стажыраваліся. Час ад часу наведвалі заняткі ў вайсковай часці ў Віцебску. Але жылі ў інтэрнаце.
Страявая падрыхтоўка, фізічная падрыхтоўка, вывучэнне ваеннага статута, сутачныя нарады, выезды на палігон... Аднак асноўны ўхіл рабіўся на медыцынскую справу: вучыліся правільна разгортваць ваенна-палявы шпіталь, карыстацца абсталяваннем для работы ў палявых умовах, аказваць дапамогу і гэтак далей.
Самым складаным падчас практыкі было не каўнерык падшыць, а, знаходзячыся ў нарадзе, шмат разоў цягам сутак спытаць у начальніка, куды ён ідзе і на які час, – і абавязкова запісаць. (Усміхаецца.)
Пасля збораў мы прысягалі на вернасць Радзіме.
Па завяршэнні вучобы ва ўніверсітэце разам з дыпломам нам уручылі пагоны і зачыталі загад аб прысваенні звання лейтэнанта запасу медыцынскай службы.
Ваенны білет атрымаў ужо ў Пастаўскім райваенкамаце.
…Прыехаў хірургам у Астравец
– Спярша адправіўся на інтэрнатуру ў Смаргонь – там была бліжэйшая патрэбная мне база. Субардынатуру праходзіў па спецыяльнасці ўрача агульнай практыкі. Я марыў стаць хірургам, але на роднай Віцебшчыне такіх месцаў было вельмі мала. Таму падчас вучобы на 6 курсе паехаў на субяседаванне да колішняга галоўнага ўрача Астравецкай бальніцы Валянціна Тачонага і запытаў, ці патрэбны хірургі. Ён адказаў станоўча. Прайшоў інтэрнатуру па гэтым профілі – і прыехаў у Астравец.
Праз паўгода кіраўніцтва прапанавала перакваліфікавацца на траўматолага. Адвучыўся – і працаваў па гэтай спецыяльнасці каля 4-х гадоў…
Пакуль аднойчы да мяне ў ардынатарскую не завітаў былы начмед вайсковай часці 7434 Віталь Зубік. Ён пацікавіўся, ці не жадаю паслужыць. І я не вагаўся. Па-першае, абяцалі жыллё – да гэтага жыў у інтэрнаце, а ў мяне ўжо была сям’я. Па-другое, калі шчыра, сапраўднай службы – хаця б тэрміновай – я не ведаў і адчуваў з-за гэтага псіхалагічны дыскамфорт. А тут з’явілася магчымасць гэта «выправіць».
…Змяніў белы халат на ваенную форму
– Ну не зусім так. (Усміхаецца.) У форме на службе пастаянна, а медыцынскі халат апранаю, калі вяду прыём, аглядаю хворых або правяраю санітарны стан аб’ектаў.
Я служу ў медыцынскім пункце вайсковай часці 7434 старшым урачом-траўматолагам-артапедам. Праводжу медагляды, выязджаю як дзяжурны медык на палігоны, займаюся амбулаторным і стацыянарным лячэннем ваеннаслужачых – з салдатамі тэрміновай службы працую ўшчыльную. Што тычыцца ваеннаслужачых кантрактнай службы, то гэта аказанне першаснай і экстранай медыцынскай дапамогі. А лечацца яны, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, у бальніцы.
У нас арганізавана кругласутачнае дзяжурства, на якое мы з калегамі заступаем па чарзе. Пасля гэтага даецца так званы адсыпны, а далей працуем у адпаведнасці з графікам. У сярэднім на месяц выпадае ад 7 да 10 нарадаў.
Склад нашага медыцынскага пункта – старшы ўрач-траўматолаг-артапед, фельчар (начальнік аптэкі), фельчар, медыцынская сястра (дэзінфектар), медыцынскі брат (гэта не штатная адзінка, а ваеннаслужачы тэрміновай службы, які мае медыцынскую адукацыю). Усе яны знаходзяцца ў падначаленні начальніка медыцынскай службы.
…І прадоўжыў службу
– У нашым пункце нямала памяшканняў. Гэта кабінеты начмеда і ўрача, прыёмны і працэдурны пакоі, палаты для стацыянарных хворых, пакой адпачынку сярэдняга медперсаналу, сталовая для хворых, стэрылізацыйная, санвузлы… Маем санітарную машыну. Да слова, што тычыцца абсталявання, то ўсе неабходныя сістэмы жыццезабеспячэння (прызначаныя для рэанімацыі), якія знаходзяцца ў медпункце, мабільныя.
У асноўным лечым захворванні апорна-рухальнага апарату і прастудныя.
Як і ў паліклініцы, вядзём амбулаторныя карткі, а таксама дыспансэрызацыю, вакцынацыю.
Дарэчы, як і ў звычайнай бальніцы, хворым на перыяд знаходжання ў стацыянары выдаём бальнічны касцюм і тапачкі. А форма ў гэты час знаходзіцца ў індывідуальных шафках для захоўвання адзення.
Калі ў ваеннаслужачага тэрміновай службы ёсць нейкія паказчыкі ці неабходнасць у здачы аналізаў, вязём у Астравец. Пры гэтым суправаджэнне нашага медыцынскага работніка абавязкова – спецыяліст разумее, куды звярнуцца, патлумачыць доктару, што ды як.
А вось у выпадку, калі патрабуецца дапамога вузкага спецыяліста або аперацыя, то, у залежнасці ад ступені складанасці выпадку ці наяўнасці доктара патрэбнага профілю, накіроўваем ваеннаслужачага ў раённую бальніцу ці ў мінскі шпіталь. Аднак гэта не азначае, што, перадаўшы хворага ў іншую ўстанову, мы не цікавімся яго здароўем. За час, што ваеннаслужачы знаходзіцца на лячэнні па-за межамі часці, кантралюем яго стан, цячэнне хваробы, адсочваем дынаміку, словам, знаходзімся ў цесным кантакце з доктарам, які яго назірае.
Трымаем сувязь і з калегамі з Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі – за парадай і дапамогай можам звярнуцца да іх у любы момант.
Сяргей Вырвіч прыйшоў у часць у 2019 годзе і, адслужыўшы належны тэрмін па кантракце, зразумеў, што гэта тое месца, дзе яму хочацца застацца. Таму без сумненняў прыняў прапанову кіраўніцтва прадоўжыць ахову здароўя ваеннаслужачых.
Бліц-апытанне
– Якое свята лічыце прафесійным?
– Цяпер у мяне іх два: Дзень медыцынскага работніка і Дзень часці.
– Ці хутка прызвычаіліся да новай спецыфікі работы?
– Дзесьці год прайшоў, пакуль усе нюансы вывучыў – хоць спецыфіка медыцынская, усё ж сферы розныя. Ізноў жа, рабочыя стасункі, статутныя ўзаемаадносіны…
– Ці стаў Астравец для вас родным?
– Скажу так: ён для мяне другі дом – 8 гадоў тут пражыў.
– Сяргей Вырвіч на службе – таварыш капітан, а дома – …
– Муж і бацька. І яшчэ памочнік жонкі ля пліты. Канешне, не гару жаданнем там стаяць, але простыя стравы прыгатую.
– Што або хто пераключае вас са службовых на хатнія справы?
– Жонка і дзеці, прычым малыя гэта робяць імгненна, не пытаючы маёй згоды, з парогу. (Усміхаецца.) Чытаю, калі выпадае магчымасць, мастацкую і медыцынскую літаратуру.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.