Знаёмцеся: галоўны спецыяліст аддзела па працы і занятасці Лілія Янкойць

15:06 / 05.01.2023
991

IMG_9800.jpg

Асноўны клопат Ліліі Янкойць – занятасць людзей, бо яна галоўны спецыяліст аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама. Пасля многіх гадоў работы бухгалтарам і галоўным эканамістам у сельскагаспадарчай галіне жанчына па волі лёсу змяніла месца работы і пачала ўсё з нуля. 

– Я люблю вучыцца і спасцігаць невядомае, – усміхаю­чыся, тлумачыць Лілія Уладзіміраўна. – Да таго ж бацькі з дзяцінства наказвалі, каб любую работу выконвала адказна – інакш няма чаго за яе брацца. Больш за десяць гадоў назад, калі ўладкоўвалася сюды на працу, мне здавалася, што так склаліся жыццёвыя абставіны. Аднак цяпер усё часцей лаўлю сябе на думцы: напэўна, так было наканавана лёсам. 
Абавязкі галоўнага спецыяліста аддзела па працы і занятасці пералічыць няпроста – іх шмат: рэгістрацыя беспрацоўных, абавязаных асоб, людзей, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі ці лячэбна-працоўных прафілакторыяў, і дапамога ім у пошуку работы. А яшчэ – накіраванне беспрацоўных на атрыманне рабочай спецыяльнасці з выплатай стыпендыі; афармленне і выдача субсідыі беспрацоўным, якія жадаюць адкрыць сваю справу; вядзенне часовай занятасці моладзі на летні перыяд; размяшчэнне вакансій, адаптацыя інвалідаў, грамадскія работы… Словам, шырокае поле дзейнасці.
– Мне тут падабаецца, хоць спачатку было няпрос­та ўнікнуць ва ўсе нюансы, – прызнаецца жанчына. – Не адзін год працавала бухгалтарам, а пасля і эканамістам у розных гаспадарках і змяніць гэтую сферу дзейнасці на зусім іншую было боязна. Аднак я трапіла пад скарачэнне і памятаю адчуванне незапатрабаванасці і разгубленасці – яно было куды больш страшным. Справа не толькі ў матэрыяльным дастатку – мне вельмі не хапала стасункаў з людзьмі, удзелу ў грамадскім жыцці. І калі тагачасны кіраўнік упраўлення па працы Святлана Іванова сказала, што ў іх ёсць вакансія і я магу паспрабаваць, згадзілася, амаль не раздумваючы. Так 10 красавіка 2012 года ў маёй працоўнай кніжцы з’явіўся новы запіс. 
Цяпер Лілія Уладзіміраўна з усмешкай расказвае, як асвойвалася на рабоце, дзе амаль усё было незразумелым. Але з дапамогай калег, асабліва кампетэнтнай у пытаннях занятасці Вольгі Свілы, уласнай стараннасці і дапытлівасці жанчына паступова стала спецыялістам. Як толькі выпадала магчымасць, ездзіла на курсы павышэння кваліфікацыі, не саромелася звяртацца за парадай да калег з іншых раёнаў і абласцей. 
Лілія Уладзіміраўна і не заўважыла, як мінуў год, тры, пяць – і з навічка яна стала прафесіяналам.
– У нас цудоўны калектыў, тут утульна і камфортна, а для мяне гэта многае значыць, – кажа жанчына. – У рабоце больш за ўсё падабаюцца стасункі з людзьмі, якія звяртаюцца да мяне, і магчымасць ім дапамагчы. Працуем з рознымі катэгорыямі насельніцтва, кожны прыходзіць са сваёй праблемай, пытаннем, бядой. У такія моманты адчуваю сябе ў некаторай ступені псіхолагам: выслухаць, пагаварыць – і разам знайсці рашэнне. Калі чалавек прыйшоў да мяне з дрэнным настроем, а выйшаў з палёгкай – радуюся. Калісьці мама вучыла да ўсіх людзей, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, адукацыі, паходжання, ставіцца аднолькава. Часта ўспамінаю яе наказ і стараюся прытрымлівацца. А яшчэ кіруюся ўласным прынцыпам: любы чалавек заслугоўвае крэдыт даверу і дапамогі. І дзе яго атрымаць, як не ў сацыяльнай службе. Віншую усіх калег з прафесійным святам! Жадаю здароўя, поспеху, дабрабыту і спакою. 

Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений