Як варонскія школьнікі трапілі ў навагоднюю казку
Напярэдадні Новага года вучні Варонскай пачатковай школы адправіліся на галоўную ёлку краіны ў Палац Рэспублікі на прадстаўленне “Сузор’е зубра, або Як выратаваць Новы год”.
Пераступіўшы парог палаца, школьнікі трапілі ў казку: яркія дэкарацыі ў фае, вялікая ёлка, Сняжынка і Клоўн – разам з імі дзеці адгадвалі загадкі і танцавалі.
А пасля пачалося прадстаўленне. У ім расказвалася чароўная гісторыя Алеся, Яначкі і іх бацькоў, якія прыехалі ў старую вясковую хату недалёка ад Рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.
Ад бацькі хлопчык і дзяўчынка даведаліся легенду пра Зоркавага зубра і зорку Жаданняў, якая выконвае ўсе дзіцячыя жаданні ў навагоднюю ноч. Але на гэты раз штосьці здарылася ў сузор’і Зубра…
Разам з героямі казкі дзеці наведалі розныя зоркі – Навагоднія прысмакі, Забаўкі, Традыцыі і Падарункі, пазнаёміліся з іх ахоўнікамі і знайшлі выкрадальніка, запалілі зорку на ёлцы і загадалі жаданне.
Галіна ЛАГУЦІК, Варонская школа.