Пісьмо Дзеду Марозу, падарункі і цуды? Што пра Новы год думаюць школьнікі з Міхалішак
15:24 / 31.12.2022
Як Дзед Мароз трапляе ў дом, каму ён не прыносіць падарункі, цуды здараюцца толькі з дзецьмі ці з дарослымі таксама – пра гэта і іншае карэспандэнт гутарыў з міхалішкаўскімі вучнямі.
– Дзеці, хто прыносіць падарункі?
Разам:
– Дзед Мароз!
– А ён да кожнага прыходзіць?
Максім:
– Не да кожнага! Хто дрэнна сябе паводзіць, падарунак не атрымае. Я сябе добра паводзіў. (Задумваецца.) Хоць… Часам сваволіў і не заўсёды слухаў маму.
Цімафей:
– Хто не робіць урокі, да таго Дзед Мароз дакладна не прыйдзе...
Мікіта:
– Хто сябе цэлы год дрэнна паводзіў атрымлівае не падарункі, а вугаль.
– А вы сябе добра паводзілі?
Цімафей:
– Х-м… У цэлым – так! Дамашнія заданні мне дапамагала рабіць мама.
Максім:
– На матэматыцы ў мяне далёка не добрыя паводзіны. Няхай наша класная Яніна Вітольдаўна мяне прабачае. Чаму менавіта матэматыка? Хутка выконваю заданні, яны для мяне лёгкія і простыя.
Мілана:
– А я была паслухмянай! Мы запаўняем дзённікі добрых спраў, за апошні тыдзень я патэлефанавала бабулі, падзялілася наклейкамі з малодшай сястрычкай, пагуляла з брацікам…
Аляксандра:
– І я сябе добра паводзіла. Дзядуля Мароз мне ўжо прынёс некалькі падарункаў.
Максім:
– А я збіўся з ліку – ледзь не штодзень пад ёлкай нешта знаходжу. У асноўным – цукеркі і прысмакі.
– А як чараўнік даведваецца, што вы хочаце? хтосьці з вас піша яму пісьмо?
Мілана:
– Я напісала Дзядулю Марозу і паклала ліст пад сваю маленькую ёлку (ёсць у нас і вялікая!). Маё пісьмо ён даўно забраў.
Аляксандра:
– Таксама пакідаю ліст пад навагоднім дрэвам. Ведаю, што некаторыя дзеці кладуць у маразільную камеру!
Павел:
– А я загадваю на ноч жаданне. Дзед Мароз чараўнік і нават на адлегласці ўмее чытаць думкі.
Цімафей:
– Пісьмо для Дзеда Мароза аддаю бацькам. Яны дарослыя і абавязкова перададуць чараўніку маё пасланне.
– Дарослым на Новы год Дзядуля прыносіць падарункі?
Адначасова разам (гучна; не разабраць, дзе чый голас):
– Так!
– Не заўсёды!
Павел:
– Бабуля мая летась атрымала тэлевізар!
Мілана:
– Мае бацькі таксама знайшлі пад ёлкай падарункі – духі.
– А дзе жыве Дзед Мароз?
Мілана:
– У лясной хацінцы…
Максім (дапаўняе):
– На Паўночным полюсе.
Мікіта:
– І я так лічу. Напярэдадні свят яму дапамагаюць эльфы, якія робяць цацкі, і алені, якія іх развозяць.
Цімафей (задумваецца):
– Не, эльфы жывуць з Санта Клаусам.
– А ў Беларусі ёсць Дзед Мароз? І хто яму дапамагае?
Цімафей:
– Снягурка!
Павел:
– Жыве ён у Белавежскай пушчы. У Мароза вялікая і прыгожая сядзіба – мне бабуля расказвала.
– Як Дзед Мароз трапляе ў ваш дом, каб пакласці па ёлку падарунак?
Аляксандра:
– Праз комін.
Максім:
– Праз акно, якое сам адчыняе. Рукі ж ёсць у Дзядулі!
Мілана:
– Не! Уся справа ў чараўніцтве. Таму за адну ноч ён паспявае пакінуць падарунак кожнаму дзіцяці.
Павел:
– Я дакладна ведаю, што праз дзверы. Бабуля неяк казала цётачцы Людзе, каб не зачыняла, бо ноччу прыйдзе Дзед Мароз.
Цімафей:
– У яго ёсць вязка ключоў, якімі можна адчыніць любыя дзверы.
Мікіта:
– Праз зачыненае акно. Часам даводзіцца і разбіваць яго, але з дапамогай магіі ўсе шкельцы становяцца на месца – нават і знаку не застаецца на шыбе!
– Ці хацелі б вы паспрабаваць сябе ў ролі Дзядулі Мароза і Снягуркі?
Максім:
– Я б хацеў раздаваць падарункі дзецям і рабіць добрыя справы.
Аляксандра:
– Вельмі! Хоць на дзень стаць Снягуркай! Яна такая прыгожая і добрая.
Павел:
– Крышачку хочацца.
Цімафей:
– Не… Не хачу быць Дзедам Марозам, таму што давядзецца шмат тупаць. Паспрабуй абысці ўсе кватэры і дамы за ноч! Гэта Санта Клаусу добра: яго на санях па небе алені возяць.
Мікіта:
– Не хацеў бы. Бо давядзецца шмат працаваць у навагоднюю ноч. Хоць з іншага боку, дзень пабегай – і адпачывай сабе да наступнага Новага года.
Павел:
– Не дзень, а два. У нас жа яшчэ Каляды ёсць!
– Дык да вас Дзядуля Мароз прыходзіць два разы?
Павел:
– Так!
Аляксандра:
– А да мяне толькі на Новы год.
Цімафей:
– А да мяне тры разы – яшчэ і на Пасху. (Задумаўся). Ой! Нешта я пераблытаў.
Мілана (ціха папраўляе):
– Пасху мы адзначаем вясной.
– Які падарунак Дзеда Мароза запомніўся найбольш?
Мікіта:
– Ноўтбук, які атрымаў у мінулым годзе.
Цімафей:
– Тэлефон «Хуавэй».
Павел:
– Электронны канструктар «Эўрыкі». У ім няма правадоў, затое можна сабраць радыё, розныя электронныя схемы і іншыя цікавыя рэчы.
Мілана:
– А мне Дзядуля Мароз летась прынёс коціка – сапраўднага, мяккага і прыгожага. Назвала яго Пушком.
Максім:
– Ужо і не ўспомню. Вельмі хачу тэлефон!
Аляксандра:
– «Банчос» – такія штукі, якія чапляюцца адна за адну.
Мікіта (падказвае):
– Гэта каструктар з шарыкаў-«ліпучак».
– Раскажаце, што ў гэтым годзе заказалі ў Мароза?
Разам:
– Не!
Аляксандра:
– Не збудзецца!
Максім:
– Вельмі хачу тэлефон і веру, што Дзядуля прынясе!
Мілана:
– А мне – хамячка.
Цімафей:
– Я папрасіў у Дзядулі Мароза цацачны аўтамат. Будзем з брацікам страляць. Елісей хоць і малодшы за мяне, але вельмі моцны.
– Што б вы адказалі Дзядулю і ўнучцы, калі яны ў вас пацікавіліся, кім вы хочаце стаць?
Мікіта:
– Бізнэсмэнам. Буду прадаваць жэле.
Цімафей:
– Я таксама, але буду займацца машынамі.
Павел:
– Хачу быць поварам-кандытарам. Мая фірменная страва – торт «Напалеон».
Максім:
– Мару стаць паліцэйскім. Ганяўся б і лавіў бандытаў.
Аляксандра:
– Хачу быць падобнай да бацькоў – яны ў мяне настаўнікі.
Мілана (засаромелася):
– Не ведаю…
Аляксандра (запытальна):
– Можа, хатняй гаспадыняй?
– ТАДЫ раскажыце, кім будзеце на ранішніку?
Мілана:
– Прынцэскай.
Аляксандра:
– Катом. Ужо падрыхтавалі з мамай сукенку, маску, хвост.
Максім:
– Піратам.
Павел:
– Дзедам з казкі пра рэпку.
Цімафей:
– А я Коля-Мікалай. Буду танцаваць на школьным свяце.
(Выразна, з інтанацыяй спявае):
Эх, Коля-Николай,
Сиди дома, не гуляй,
Не ходи на тот конец,
Не дари девкам колец!
Мікіта:
– А я буду вядучым.
Павел (удакладняе):
– У нашым класе.
Няхай збываюцца ўсе жаданні нашых дзяцей!