Калядныя забавы ўзгадвае Іаланта Валуевіч

15:26 / 25.12.2022
652

854689.jpg

Ражаство – чаканае і любімае ўсімі свята, светлае, радаснае, вясёлае. Гэта дзіўны час, падобны да казкі, калі і людзі, і прырода цешацца, што на свет з’явіўся Збаўца, і ад таго сэрцы напаўняюцца чаканнем цуду. Для нашых продкаў яно было самым галоўным у чарадзе зімовых свят, і рыхтаваліся да яго старанна:  рабілі генеральную ўборку ў доме, мыліся ў лазні, ішлі ў храм, каб спаткаць Ражаст­во з чыстымі целам і душой. Здаецца, нават месяц і зоркі зіхацелі ў калядную ноч больш ярка, быццам таксама вымыліся ў лазні.
24 снежня вечарам, пасля таго, як на небе з’явіцца першая зорка, сядалі за стол. Галоўнымі былі аплатка, якой дзяліліся з усімі прысутнымі з пажаданнямі здароўя і іншых даброт, і куцця. Традыцыйна падавалі кісялі – белы аўсяны і ружовы журавінны, а таксама юшку з сухімі грыбамі, грыбочкі і агурочкі, як у Коласа, «проста з бочкі», селядцы, бурачкі, вушкі з грыбамі... Кожная гаспадыня старалася, каб на стале было 12 посных страў – гэта лічылася запарукай удалага года. 

Ці пойдзе дзеўка замуж
Казалі, што ў калядную ноч адкрываюцца нябёсы і можна загадваць жаданні ці паспрабаваць зазірнуць у будучыню – у іншыя дні гэта лічылася грахом.  
На Спондаўшчыне не каледавалі, не ва­дзілі казу, але забаў было шмат. Дзяўчаты варажылі, прычым не толькі ў гэтую ноч, а кожны вечар ад куцці 24 снежня і да 6 студзеня. Спосабаў зазірнуць у будучыню было шмат. 
Да прыкладу, абхоплівалі рукамі плот і лічылі, колькі штыкецін патрапіла «ў абдым­кі»: калі колькасць была парнай, то дзяўчына ў гэтым годзе пойдзе замуж, а як не, то давядзецца яшчэ пачакаць су­джанага.
Ці прыносілі ў дом пеўня, і кожная дзеўка насыпала горку зерня. З чыёй кучкі певень пачне кляваць першым, тая і замуж раней пойдзе.
Кідалі боцікі з нагі: чый упадзе наском да дзвярэй – тую хутка ў жонкі возьмуць.
Пасля вячэры выходзілі на вуліцу слухаць, з якога боку сабака забрэша – у той старане будучы муж жыве. Калі ў сабакі брэх вясёлы, звонкі, то жаніх будзе малады; калі грубы, глухі – стары.
 Ноччу хадзілі ў хлеў і лавілі авечак: калі трапіцца ярачка – засядзішся ў дзеўках, калі баран, то неўзабаве чакай сватоў.
Пасля куцці спяшаліся пад суседскае акно і прыслухоўваліся да гаворкі ў хаце. Калі казалі «ідзі», «заходзь» ці нешта падобнае – значыць, пойдзе дзеўка замуж. І нікому не хацелася пачуць: «Сядай…»
На ноч пад падушку клалі люстэрка, каб прысніўся суджаны.
Адной з самых папулярных забаў было ліццё воску на ваду. Калі выліваўся вяночак альбо пярсцёнак – быць у хаце вяселлю, калі калыска – дзіця народзіцца, а калі воск застываў па кропельцы – на грошы.
Дзяўчына брала, не лічачы, дровы ў дрывотні і несла іх у хату. Калі ўхопіць цотны лік, то быць ёй у гэтым годзе замужам.
Здараліся і кур’ёзы. Неяк мая сяброўка, прыгожая, але адзінокая жанчына пры­ехала з дочкамі на куццю да маці ў вёску. Пасля вячэры дзяўчаты пабеглі да суседа красці дровы, а мая сяброўка – за імі: таксама ж «нявеста на выданні». Каб не патрапіць на вочы суседу, схапіла абярэмак дроў, прыбегла дахаты, кінула ля печы, стала лічыць. А сярод шчапанікаў ляжыць брудны дзяргач, якім гаспадары, відаць, падмяталі хлевушок і прыбіральню. Рогат стаяў на ўсю хату, а маці маёй сяброўкі зрабіла выснову: «Бо не трэба старой бабе займацца варожкамі!»

Ці выйдзе дзядзька з хаты
У хлопцаў былі іншыя забавы. Яны найчасцей падпіралі ці завязвалі дзверы ў суседзяў. Усе пра гэта ведалі, але моцна не крыўдавалі: спакон веку так рабілі на Ражаство. 
 Здараліся і «дурныя» жарты. Аднойчы мужыку, які жыў за вёскай, давялося ў бакоўцы выпільваць акно, каб вылезці на вуліцу. А ў другой вёсцы напрыканцы 60-х праводзілі электрычнасць, брыгада манцёраў кватаравала на суседнім хутары. У калядную ноч мужыкі прыйшлі ў вёску і завязалі дзверы ў кожнай хаце. Раніцай, запаліўшы печ, гаспадыня сабралася за вадой – а дзверы замкнёныя. «Нічога, – вырашыла яна, – зараз нехта прыйдзе да студні ці проста па вуліцы пройдзе – папрашу адамкнуць». А таго не ведала, што ўся вёска сядзіць «пад хатнім арыштам». Чакала ўсю раніцу, ужо і печ выцеплілася, а ніхто не паказаўся. Тады і зразумела, што, напэўна, уся вёска «завязаная». Чакалі, што жартаўнікі прыйдуць і вызваляць «заложнікаў» – падурэлі, дый годзе. А тыя, як потым высветлілася,  спалі як пшаніцу прадаўшы, задаволеныя ўдалым розыгрышам. Дзякаваць богу, нехта здагадаўся сына-школьніка высадзіць у акенца ў сенцах – ён адвязаў сваіх, а тыя – суседзяў і ўсю вёску.
Здаралася, што  «жартавалі» таксама жорстка. Адзін выдумшчык і адчайны верхалаз залазіў на страху і шклом закладваў комін. А яшчэ неяк той жа штукар зняў са шнура жаночыя панталоны, напхнуў у іх саломы, залез на страху і ўсунуў у комін. Раніцай гаспадыня зацяпліла печ – а дым пайшоў на хату. Жанчына выбегла на вуліцу. У прыцемках ёй падалося, што з коміна тырчаць ногі. Стала клікаць мужа, галасіць: нехта ў комін уваліўся! За гэтыя «жартачкі», над якімі рагатала ўся вёска, акрамя пацярпелых, юны штукар не раз паспытаў смак бацькавай папругі.
У асноўным жартавалі з тых, хто ўсяго ас­церагаўся і бурна рэагаваў на розыгрышы. 
Адна жанчына, калі памёр муж, баялася заставацца адна дома і штовечар прыходзіла да суседзяў. Сын яе працаваў на аўтобусе і калі меў рэйс у сваю старану, заязджаў начаваць да маці. Перад Новым годам сядзела бабуля на суседскай печы, як хтосьці пастукаў у акно. Дзеці гаспадароў хацелі паглядзець, хто, ды старая спыніла: «Гэта сынок мой прыехаў!» Шусь з печы, адхінула фіранку – а за акном стаіць нехта ва ўсім белым, ды яшчэ з касой у руках! Закрычала жанчына нема – а дзеці са смеху пакаціліся: яны ведалі, што школьнікі рыхтавалі на навагодні баль мас­карадныя касцюмы, і хто выказаў жаданне апрануцца як Смерць, таксама ведалі. 
У дзяцей былі свае забавы. Самай любімай з іх – «Цот ці лішка?» Гулялі на арэхі,  клёцкі, абаранкі і цукеркі. 
Ізноў надыходзіць Ражаство – час цудаў! Загадайце жаданне ў гэтую сакральную ноч, запішыце яго ў сваім сэрцы! Верце і спадзявайцеся, што ўсё добрае абавязкова збудзецца!

Текст: Иоланта Валуевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений