Чым захапляецца і пра што марыць Маргарыта Памецька

15:31 / 21.12.2022

IMG_7031.jpg

Маргарыта Памецька – звычайная школьніца. Яна любіць чытаць коміксы, глядзець фэнтэзі і анімэ, шпацыраваць з сяброўкамі, слухаць папулярную музыку… І маляваць. З-пад яе рукі, што алоўкам выводзіць разнастайныя рыскі і лініі, нараджаецца… Не, не маляўнічы пейзаж ці дзіўны нацюрморт, а плён фантазіі – эскізы мадэляў адзення.

Хоць пейзаж і нацюрморт дзяўчына таксама спрабавала маляваць, як і многія іншыя рэчы і выявы. Заўважыўшы ў дачцэ творчы патэнцыял, бацькі запісалі яе ў гурток жывапісу Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі да настаўніка Алы Зяленскай. І хоць сям’я жыве ў Вялікай Страчы, а гэта амаль 50 кіламетраў ад Астраўца, на працягу апошніх пяці з невялікімі перапынкамі гадоў Маргарыта асвойвае розныя тэхнікі і стылі выяўленчага мастацтва.
Дзяўчыне больш падабаецца маляваць людзей. У перапынках паміж урокамі яна часта брала аловак і пачынала нешта накідваць на паперы. Штрых за штрыхом – і белы аркуш ажываў, на ім з’яўляліся твары і постаці. Але фантазія патрабавала чагосьці неардынарнага – так пачалі з’яўляцца арыгінальныя дэталі ў адзенні, а пасля і поўнасцю «адшываліся» сукенкі і касцюмы.

IMG_7036.jpg

– Аднойчы дзяўчына, якая таксама наведвала гурток у ЦТДіМ, нешта расказвала пра дызайн адзення, і я тады падумала: «Гм-м… Напэўна, гэта цікава». Праўда, хутка забыла пра гэта. А затым з’явіўся першы малюнак, другі, трэці. Я не прыдумваю іх загадзя, проста фантазірую і спрабую дадаць у звычайныя рэчы нешта сваё, каб яны выглядалі больш арыгінальна.
Такіх эскізаў у дзяўчыны амаль цэлы альбом, праўда, спецыяльна яна іх нікому не паказвае – толькі тады, калі нехта зацікавіцца і папросіць паглядзець. Ды і сама Маргарыта да захаплення ставіцца адносна спакойна: малюю проста таму, што падабаецца. І тым не менш, на прапанову пафантазіраваць і расказаць, якую б справу яна адкрыла, калі б надалася магчымасць, дзяўчына, амаль не задумваючыся, адказала:
– Напэўна, па пашыве адзення, звязаным з касплэем (касцюмы для персанажаў кіно ці камп’ютарных гульняў). Мне здаецца, тут можна бясконца прыдумваць нешта незвычайнае. Магчыма, пасля, калі ўжо валодала б неабходнымі прафесійнымі навыкамі, прыдумала б калекцыю. Але пра гэта рана думаць нават у самых смелых марах. (Усміхаецца.)
Аднак менавіта мары штурхаюць нас да дасягнення мэт. І цяпер Маргарыта старанна асвойвае акадэмічны малюнак, каб паступіць на факультэт дызайна. Спадзяёмся, у яе ўсё атрымаецца і цяперашнія нясмелыя эскізы абавязкова знойдуць увасабленне ў будучым.

IMG_7047.jpg


Текст:
Фото: Марина Мацкевич