Снежань снежыць... А як было ў іншыя гады?
14:22 / 12.12.2022
14 – 20 снежня
Ой, заснежыла, запарошыла… Гэтыя радкі з песні сёння ўзгадваюцца найчасцей, бо зіма падваліла снегу, завіруха ладзіць перадсвяточны баль, а Дзядуля Мароз прылёг адпачыць перад гарачымі навагоднімі дзянькамі, каб прыгажунькі-сняжынкі маглі ўбрацца ў карункавыя вэлюмы і не змерзнуць.
А якой была сярэдзіна снежня ў іншыя гады? Пра тое расказваюць дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
У 1989 годзе снежань выдаўся капрызлівым і пераменлівым. Пачаўшыся з маразоў, якія 16 снежня дасягалі -20°С, ён раптам рэзка змяніў настрой: на наступны дзень, 17-га, тэмпература днём была ўжо каля нуля, пайшоў дождж, утварыўся галалёд, вечарам разаслаўся туман, які імгненна з’еў снежнае покрыва. Да 20-га стаяла ўстойлівая тэмпература +4-5°С.
У 1991 годзе надвор’е, наадварот, мянялася з плюса на мінус: ад +5°С 14 снежня да -4°С 17-га.
«Нулявой» была сярэдзіна снежня ў 1992, 1993, 1998, 1999, 2003, 2004, 2005 гадах і з 2011 па 2019 уключна.
Умерана марознай, ад нуля да -5°С, была сярэдзіна снежня ў 1990 годзе, толькі 17-га «выскачыла» -10°С. Прыкладна такім жа было надвор’е ў 1995, 1996, 2010, 2012 гадах.
А ў 1997 годзе мароз меры не ведаў: ноччу слупок тэрмометра апускаўся да -280С. Праўда, злаваўся ён нядоўга, акурат з 14 па 20 снежня, а потым апусціўся ажно да плюсавых тэмператур. Марозным, да начных -200С, была сярэдзіна першага зімовага месяца ў 1994, 2001, 2002 гадах.
У 1996 годзе снежань поўнасцю адпавядаў сваёй назве: «За ноч выпала да 30 сантыметраў снегу, – пісаў 19 снежня Стэфан Рамэйка. – Давялося да абеду расчышчаць сцежкі».
А 17 снежня 2013 года, як сведчыць Станіслаў Памецька, снег растаў цалкам.
У 2000 годзе зіма прыйшла толькі 19 снежня – тэмпература апусцілася да мінусавых значэнняў. «З 5 лістапада да сённяшняга дня на полі (чытай: калгасным – Н.Р.) капаў бульбу. Накапаў 25 мяшкоў і 25 кашоў. Тона законна будзе!» – запісаў у дзённіку Стэфан Рамэйка 17 снежня.
А ў 2006 годзе ў гэты час было вельмі цёпла: да +10°С.
Народныя прыкметы
Калі на Саву (18 снежня) дуе моцны вецер, то трэба чакаць вятроў і наступным летам пасля Пятра.
19 снежня па праваслаўным календары – Мікола зімовы. Казалі, што «да Міколы няма зімы ніколі». Калі ў гэты дзень няма ні снегу, ні марозу, то гэта было знакам, што такое надвор’е затрымаецца надоўга і зіма будзе «бяспутная».
Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.