Якой убачылі Хатынь кямелішкаўцы
На 54-м кіламетры Віцебскай трасы ўказальны знак папярэдзіў, што праз 5 кіламетраў мы трапім на месца. І тым не менш, велічная фігура “Няскоранага” з маленькім хлопчыкам на руках паўстала перад вачыма неяк знянацку. Вось ён, мемарыяльны комплекс “Хатынь” – месца, куды адправіліся кямелішкаўскія вучні, каб упэўніцца: памяць аб жудасных падзеях Вялікай Айчыннай жыве.
На мемарыяльным комплексе працягваюцца рэстаўрацыйныя работы, аднак ён усё гэтак жа прыцягвае да сябе моцнай энергетыкай. Сэрца замірае ад меладычных гукаў званоў Хатыні, якія паўтараюцца кожныя 30 секунд. Дзеці заўважылі: звон гэты прабірае да дрыжыкаў.
Ад малога да старога…
22 сакавіка 1943 года жыхароў вёскі сагналі ў хлеў і падпалілі яго. Страха пачала падаць, і тады людзі рванулі ўперад – пад іх націскам дзверы расчыніліся, – але тут жа падалі, падкошаныя кулямі. 149 чалавек былі забіты або згарэлі зажыва ў агні. Загінула 75 дзяцей ва ўзросце ад 2-ці да 12-ці гадоў. Самаму маленькаму, Толіку Яскевічу, было ўсяго 7 тыдняў.
Сярод тых, хто выжыў у жудаснай трагедыі, – Саша Жалабковіч. Дом Жалабковічаў быў крайні ў вёсцы, і, калі пачалася страляніна, маці загадала сыну ўцякаць. Хлопчык ускочыў на каня і памчаў куды вочы глядзяць.
З 9-ці дзяцей Бараноўскіх у жывых застаўся толькі Антон. Ён паспеў адбегчы ад палаючага хлява якраз у той момант, калі рухнула страха. Хлопчык быў паранены ў левую нагу і страціў прытомнасць. Гэта і выратавала яму жыццё.
Лёс злітасцівіўся і над Уладзімірам Яскевічам, які схаваўся ў бульбяную яму. Цудам засталася жывой і яго 8-гадовая сястра Соф’я.
Моцна абгарэлых Юлію Клімовіч і Марыю Федаровіч прытулілі жыхары хутара Хварасцені, але ненадоўга: у час наступнай карнай аперацыі адна з іх была спалена разам са сваімі збавіцелямі, а другую фашысты забілі .
Шчаслівы выпадак дапамог выжыць Таццяне Карабан і Соф’і Клімовіч – яны гасцявалі ў родзічаў у суседніх вёсках.
Адзіным дарослым, які жывым выйшаў з таго пекла, быў 56-гадовы мясцовы каваль Іосіф Камінскі. Ён, абгарэлы, выпаўз з хлява перад тым, як рухнула страха.
Памяць і павага…
Жыхары суседніх вёсак пахавалі хатынцаў у трох вялікіх магілах, на кожнай паставілі крыж. Пасля вайны тут быў устаноўлены сціплы абеліск з чырвонай зоркай. У ліпені 1964 года на магіле паставілі помнік “Скорбящая мать”.
У 1966 годзе па ініцыятыве Пятра Машэрава ўвекавечылі памяць жыхароў спаленых вёсак. Каб адчуць трагедыю, аўтары мемарыяла – архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Зянькевіч і Леанід Левін – сустрэліся на хатынскім полі з Іосіфам Камінскім. Тады ўпершыню і прагучаў аповед пра той страшны дзень…
“Няскораны” – так называецца велічная скульптура старога чалавека з мёртвым дзіцем на руках аўтарства народнага мастака Беларусі Сяргея Селіханава. Гэта не помнік Камінскаму, а зборны вобраз трагізму, мужнасці, пракляцця нацызму і вайне. Гэта помнік усім, хто перажыў вайну, страціў родных і блізкіх, але не скарыўся.
Страха з чорнага лабрадарыта быццам прыціскае наведвальнікаў да зямлі. Клінападобная светлая дарога сімвалізуе апошні шлях забітых людзей.
Плошча выкладзена няроўным каменнем. Міжволі запавольваеш крок. Кожнае слова экскурсавода працінае да колікаў, на вочы набягаюць слёзы – нібы сам перажываеш трагедыю і боль спакутаваных людзей.
26 спаленых пячных комінаў засталіся ад вёскі пасля карнай аперацыі. На кожным доме – таблічка з імёнамі яго жыхароў.
Звіняць званы Хатыні… Быццам жыхары размаўляюць паміж сабой.
За былой вясковай вуліцай – “Могілкі вёсак”. Сёння тут 185 сімвалічных магіл: 5 вёсак Брэсцкай вобласці, 108 – Віцебскай, 5 – Гродзенскай, 18 – Гомельскай, 34 – Мінскай, 15 – Магілёўскай. І няма падобных гэтым могілкам ва ўсім свеце…
Калі ствараўся мемарыял, узнікла задумка ўвекавечыць памяць усіх, хто быў знішчаны нацыстамі ў Беларусі, – так з’явілася “Сцяна Памяці”.
433 вёскі адрадзіліся. Іх назвы ўвекавечаны на сімвалічных “Дрэвах жыцця”. Яны быццам вырастаюць з зямлі, а за імі – хата, якая пачала будавацца.
Няма ў Беларусі такой сям’і, якую б не зачапіла сваім чорным крылом вайна. Аб тых, хто выжыў, паведамляюць нам тры бярозкі, а ў памяць аб кожным чацвёртым, што загінуў, гарыць Вечны агонь…
Кожны раз, наведваючы Хатынь, успамінаю вёску Юраўскія Іўеўскага раёна, якая была спалена разам з жыхарамі. І вёску Ятаўтавічы, якая змагла адрадзіцца. Мае землякі адпакутавалі за сувязь з партызанскімі атрадамі, якія дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы.
Данута МАРЦІНКЕВІЧ.