Астраўчанка Яна Стралкоўская стварае ўнікальныя кветкі і свяцільні сваімі рукамі

10:00 / 26.11.2022
На святах, імпрэзах ці ўрачыстасцях можна ўбачыць вялікія, у рост чалавека, ружы, васількі, півоні. Амаль год роставай фларыстыкай займаецца астраўчанка Яна Стралкоўская. Наша зямлячка стварае не толькі кветкі для дэкору інтэр’ера, але і ўнікальныя свяцільні. Пра незвычайнае захап­ленне і творчасць наш карэспандэнт пагутарыў з рукадзельніцай.

Замест візітнай карткі
Месца нараджэння: Астравец
Адукацыя: Ільянскі аграрны каледж, Віцебская ветэрынарная акадэмія
Сямейнае становішча: замужам, ёсць сын
Дэвіз: рабі, што падабаецца!
Любімыя кветкі: рамонкі і гіпсафілы
Па жыцці: летуценніца і аптымістка
Тры набольш важныя якасці чалавека: праўдзівасць, гумар і розум

– Давайце напачатку пазнаёмімся. Як у вас узнікла ідэя займацца роставай фларыстыкай?
–   Працую ветэрынарным урачом у раённай ветстанцыі. Па натуры я творчая і няўрымслівая. Чым толькі ні займалася! Вязала, малявала, захаплялася алмазнай вышыўкай і паперкрафтам – мадэляваннем з паперы. 
На дзень нараджэння знаёмыя падарылі свяцільню ў выглядзе ружы з ізалону – я яе мацала, разглядвала структуру – зацікавіў гэты матэрыял. Больш інфармацыі знайшла ў інтэрнэце. На наступны дзень аббегала ўсе астравецкія магазіны для творчасці, але ізалону не знайшла – купіла аркуш этыленвінілацэтату, вядомы ў народзе, як ЭВА. Першыя ружачкі «скруціла» з яго. Потым пачала замаўляць ізалон у інтэрнэт-магазінах – ён амаль удвая таннейшы за ЭВА.

– Дзе можна ўбачыць вашы работы?
– Спачатку тварыла для сябе. Пазней стала публікаваць фотаздымкі работ на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Сябры і незнаёмцы цікавіліся, ці можна іх набыць. 
Упершыню як рамеснік сёлета ездзіла на Троіц­кі фэст у Гервяты. Падыходзілі людзі, распыт­валі пра работы, матэрыял. Дарэчы, я была адзіная з вырабамі з ізалону. Мне вельмі там спа­дабалася!

– А як «нараджаюцца» вашы гіганцкія кветкі?
– Спачатку раблю шаблон на паперы і пераношу яго на лінолеум. Гатовыя дэталі прыкладваю да мяккага порыстага ізалону і выразаю звычайнымі канцылярскімі нажніцамі. Затым падстаўляю нарыхтоўку пад струмень гарачага паветра з будаўнічага фена. Дэталі становяцца мяккімі – рукамі ім можна надаць любую форму. Па той жа тэхналогіі раблю лісцікі, на якія з дапамогай молдаў наношу ўзор накшталт пражылак. Дэталі змацоўваю гарачым клеем са спецыяльнага пісталета. 
Гатовая кветка мацуецца на плафон: ад пат­рона па трубцы праведзены провад. З «электрыфікацыяй» кветак напачатку дапама­гаў муж, цяпер спраўляюся сама. 

– А колькі часу займае ўвесь працэс?
– Гатовыя дэталі збіраю каля 2-3 гадзін. Найбольш часу займае стварэнне пялёсткаў і наданне ім формы. Калі вельмі захоплена працэсам – магу тварыць усю ноч! Так было з крыламі анёла, якія я рабіла амаль без перапынку 25 гадзін. Выразала больш тысячы пёрак. 
– Як блізкія адносяцца да вашага захаплення, калі вы «знікаеце» ў ізалонавых кветках на некалькі гадзін? 
– Цудоўна! Усе мае пачы­нанні муж і сын заўсёды падтрымліваюць. Я без творчасці не магу – і яны гэта разумеюць. Напрыклад, мне тэрмінова спатрэбілася для свяцільні спецыяльная труба. Пяць хвілін на зборы – і мы з мужам на машыне імчым за ёй у магазін. Саша ніколі не шкадуе для мяне ні грошай, ні часу – за гэта я яму вельмі ўдзячна. 
Сыну таксама падабаецца, чым я займаюся. Зробленыя мной кветкі Глеб падарыў сваёй аднакласніцы. 

– Кажуць, што для творцы яго работы, як дзеці. Якія вырабы вы любіце найбольш і чаму?
– Гэта Сатурн – планету рабіла не з ізалону, а са шпаклёўкі па дрэве. Сын з дзіцячага садка захапляецца астраноміяй і космасам. Ён папрасіў зрабіць планету, але не з сонечнай сістэмы. Аказваецца, у яе шмат кольцаў і яна аддалена нагадвае Сатурн. У выніку я зрабіла, хоць давялося папацець. (Усміхаецца.)
Дарагое сэрцу пано з анемонамі, якое вісіць для падсветкі ў нашай спальні. Ну і, канешне, першыя работы – іх нікуды не падзенеш, але яны дарагія сэрцу як памяць.

– Вашы работы прыносяць даход?
– На сваім захапленні я амаль не зарабляю. Да сабекошту накідваю рублёў 10-20. Займаюся гэтай справай не для прыбытку, гэта прыносіць задавальненне. Хочацца, каб мае кветкі-свяцільні радавалі людзей. 
– Не плануеце зрабіць сваё захапленне справай жыцця?
– Ніколі не задумвалася пра гэта. Хутчэй не, чым так. Твару я па поклічы душы і калі ёсць жаданне – гэта па-першае. Па-другое, я люблю ветэрынарыю – гэта не толькі мая работа, але і прызванне.

Текст: