Калгас імя Чапаева і яго старшынь успамінаюць Генрых і Галіна Сінкевічы

15:00 / 20.11.2022
Генрыха і Галіну Сінкевічаў добра ведаюць не толькі ў Варнянах, але і людзі старэйшага ўзросту ва ўсім раёне. Яна ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе імя Чапаева галоўным эканамістам, ён – звыш 45 гадоў прысвяціў аграпрамысловаму комплексу Астравеччыны, у тым ліку і роднаму калгасу. Сёлетні лістапад для мужа і жонкі асаблівы: у пачатку месяца яны святкавалі 55-годзе сумеснага жыцця, а ў нядзелю будуць адзначаць прафесійнае свята…
Мелася напісаць пра лёс гэтай цікавай сямейнай пары – але нездарма кажуць: чалавек мяркуе, а бог выракуе. Генрых Станіслававіч і Галіна Міхайлаўна ўзгадалі колькі гаспадарак было напрыканцы 70-х гадоў у раёне; якімі як людзі і кіраўнікі былі найбольш вядомыя старшыні калгаса імя Чапаева – Постраш, Шагун, Рук; што такое КПУ і як яго распрацоўвалі і многае іншае…
Прапаноўваю і нашым чытачам прайсціся па хвалях памяці Генрыха і Галіны Сінкевічаў. 


Пра сябе, сям’ю і прафесію
Генрых Станіслававіч:
– Я мясцовы, з Варнян. У сям’і нас было пяцёра. Пасля 10 класа, да арміі, паўгода быў загадчыкам варнянскай фермы. На конях у збанах да нас прывозілі малако з усёй ваколіцы: Новай Вёскі, Кярнян, Больнікаў. Яго на месцы «пераганялі»: смятану адпраўлялі на завод у Смаргонь.  Начальнікам мясцовага малаказавода была Гелена Штура. Ён месціўся ва ўзведзеным яшчэ за панскім часам будынку з вялікім прасторным скляпеннем – там рабілі і захоўвалі марожанае. Зімой на ставах мужчыны выразалі лёд цаглінкамі, складвалі іх  у бурты, звозілі коньмі і зносілі ў склеп, прысыпаўшы лёд торфам, – адмысловы халадзільнік у калгасе быў усё лета. 
Пасля фермы на зіму бацька ўладкаваў мне вучнем да токара.
У той час у армію юнакоў пры­зывалі з 19-цігадовага ўзросту. Я прайшоў у Барысаве курсы ка­мандзіра танка, потым служыў у Бароўцы Лепельскага раёна. Мог звязаць жыццё з ваеннай справай, але, відаць, – не лёс.
У 1966 годзе перад самымі Каля­дамі дэмабілізаваўся. На Новы год у мясцовым клубе пазнаёміў­ся з Галінай – цягам 55-ці гадоў не разлучаемся. Хоць упершыню яе сустрэў  яшчэ да арміі ў аўтобусе «Астравец-Варняны». 
У сельгастэхніку токарам улад­ка­ваўся адразу пасля Новага 67-га года. Аднойчы прыйшла сакратар і аб’явіла: мяне выклікае кіраўнік Міхаіл Іванавіч Махнаткін. Заглушыў станок, выцер рукі і пайшоў. Аказваецца, у раёне вырашылі стварыць новую структуру – дзяржтэхагляд. Былі патрэбны 4 чалавекі. Згадзіўся на прапанову і мяне з токара перавялі ў інспектары. У раёне быў 31 калгас, усюды трэба было даехаць – а правоў не маю. Атрымліваць пасведчанне на права ваджэння матацыкла дазвалялася нават самавучкам. Экзамен здаў з першага разу. Кожнаму інспектару потым выдалі матацыкл К-750. Даводзілася быць   і памочнікам начальніка, і пісарам. 
Калі на раён выдзелілі дзесяць матацыклаў, начальнік адправіў мяне іх атрымліваць на сталічны завод «Мота-Вела». За тое, што справіўся з задачай, персанальна выдзелілі новенькі службовы «Мінск», а вясной бацька купіў мне матацыкл «ІЖ-Планета». У 1967 го­дзе запісаўся на курсы па ваджэнні аўтамабіля – атрымаў жаданыя правы, і ў тым  жа годзе, 7 лістапада, мы ажаніліся з Галінай. Праз год нарадзілася дачушка Каця, а я завочна паступіў у Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Больш не вучыўся – жыццё далей вучыла. 12 сакавіка 1972 года тагачастны старшыня Уладзімір Постраш запрасіў мяне ў калгас – так з таго часу на розных пасадах у варнянскай гаспадарцы адпрацаваў 46 гадоў і 50 дзён. 
Галіна Міхайлаўна:
– Родам я з Ашмяншчыны. Пасля тэхнікума прыехала па раз­меркаванні ў калгас імя Чапаева. Адразу прызначылі галоўным эканамістам. У працоўнай кніжцы, можна сказаць, толькі адзін запіс. З 1965 па 2007 год адпрацавала на адной пасадзе ў адной гаспадарцы. Лічы, абыходзілася без бальнічных – вельмі дапамагала родная сястра Яніна Кудраўцава: яна жыла праз дарогу ад нас. 
Прыемна было працаваць з кіраўнікамі планавага аддзела райсельгасхарчу: спачатку – Янінай Новік, потым – з Наталляй Волк-Леановіч. Цесна супрацоўнічала з калегамі іншых гаспадарак – Галі­най Мірончык (Гервяты), Аленай Баран (Рытань), Тарэсай Дзенюш (Трокенікі), Ліляй Янкойць (Варона), Ядзяй Чарнушэвіч (Слабодка). 
Лічу, што пражыла цікавае, насычанае жыццё. З мужам мы 55 гадоў разам: нарадзілі дзяцей, пабудавалі дом, у вёсцы – паважаныя людзі. Завочна атрымала вышэй­шую адукацыю ў Ленінградскім сельска­гаспадарчым інстытуце. Імкнулася жыць па сумленні. Каця і Ала скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, выйшлі замуж і засталіся ў Мінску. Унучкі Ілона і Луіза выраслі талковымі – спадзяюся, што некалі – а лепш – хутка! – нам падораць праўнукаў. 

Пра варнянскую гаспадарку і яе старшынь 
Генрых Станіслававіч:
– На маім вяку змянілася шмат старшынь. Калі некалькімі словамі  ахарактарызаваць Уладзіміра Пост­­раша – моцны гаспадар. Ён быў працавітым, людскім – не любіў  караць работнікаў, але да­во­дзілася. Перад планёркай усе: кавалі, зваршчыкі, токары, вадзі­целі, механізатары – збіраліся ў гаражы. Прыходзілі і парткам, прафсаюзны лідар. Вінаваты выходзіў у цэнтр – і пачынаўся агульны сход: разам, што называецца, «чысцілі» чалавека. Парушальнікі хутка выпраўляліся: ніхто больш не хацеў трапляць на такі «суд таварышаў».  
Галіна Міхайлаўна:
– Наша гаспадарка развівалася. За дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці калгас імя Чапаева ўзнагародзілі пераходным Чырвоным Сцягам, падарылі некалькі трактараў і машын. У мяне таксама ёсць бронзавыя медалі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі, атрыманыя ў 1979 і 1981 гадах. У  дадатак да першага атрымала яшчэ вялікую прыгожую хустку і самавар – дарэчы, ён захаваўся да гэтага часу. Аднаго разу нават ездзілі ў Маскву на ВДНГ.
Генрых Станіслававіч:
– Постраш ведаў, дзе і на якім участку будзе працаваць кожны механізатар, і даваў указанні нам – каб мы сачылі за работай, ведалі, каму і колькі паліва патрэбна. Дзякуючы такому гаспадарскаму падыходу, палявыя работы былі адладжаны, як гадзіннік.
Галіна Міхайлаўна:
– А якія пры Пострашы былі «Зажынкі»! Збожаўборачная тэхні­ка ішла праз усю вёску. Людзі стараліся да пачатку жніва адрамантаваць тэхніку – для кожнага працаўніка было за гонар трапіць у гэтую калону, наперадзе якой ехалі матацыклісты са снапамі. 
Генрых Станіслававіч:
– Калі я пачынаў у калгасе імя Чапаева – неўзабаве да яго далучылі «Звязду» «Бабраўнікі» – было толькі 14 машын. А пазней на маёй памяці аўтапарк нашай гаспадаркі складаўся са 109 адзінак тэхнікі, працавала 80 шафёраў. У кожнага агранома, брыгадзіра  і памочніка быў матацыкл – агулам 18 штук.
Галіна Міхайлаўна:
– Пострашу настойліва прапа­ноў­валі «ўзяць» калгас «Заветы Ільіча». Паўлавіч нават са мной раіўся, што рабіць. Імкнулася супакоіць яго: маўляў, працаваць будзем, як і да гэтага. Старшыня катэгарычна адмовіўся ад далучэння Газы да Варнян. Улічваючы значнасць асобы Уладзіміра Пост­раша, яму прапанавалі павышэнне – пасаду старшыні партыйнай камісіі райкома партыі. Хоць, па вялікім рахунку, гэта прызначэнне было не яго, Уладзімір Паўлавіч – гаспадар, чалавек ад зямлі…
Генрых Станіслававіч:
– А Мар’ян Шагун быў здабытчыкам. Калгас быў па-ранейшаму моцным, грошы вадзіліся – а вось запчастак не дастаць. Цесна супрацоўнічалі з рамонтнымі заводамі Вільнюса,  Ліды, Коб­рына, Полацка, Барысава і нават расійскага Чэрняхова. Пры Мар’яне Вацлававічы адбылося значнае абнаўленне тэхнікі. Свінакомплекс, што называецца, кармілі з «колаў» – камбікорм вазілі на мукавозах ЗСК-10 з Росі, Ліды, Смаргоні. Пры Шагуну пачалі спісваць ГАЗ-51, каб атрымаць кормараздатчыкі, – але пад іх не былі прыстасаваны свінагадоўчыя памяшканні. Знайшлі выйсце! Здымалі кузавы, а з вільнюскага аўтапарка прывозілі іншыя – невырашальных праблем не было. 
Галіна Міхайлаўна:
– Пры Шагуну падсобны цэх па вытворчасці пластмасавых вырабаў прыносіў добры прыбытак. Заказы ішлі ў Краснаярск, Свярдлоўск, Навасібірск і іншыя гарады. Шагун пабудаваў хімцэнтр, бульбасарціровачны пункт, сховішча для гародніны, мясаперапрацоўчы цэх. Нават аб’яздная дарога за Варнянамі з’явілася пры яго непасрэдным удзе­ле. Праўда, 90-я гады і развал Савецкага Саюза катком пра­ехаліся і па нашым калгасе… Уладзіславу Руку ў спадчыну даста­ліся даўгі і запазыкі.
Генрых Станіслававіч:
– Рук быў таксама гаспадар, якіх пашукаць, – але строгі. Ён меў спецыяльны сшытак: у пачатку быў пазначаны фронт работ для спецыялістаў, у канцы – прозвішчы парушальнікаў.  На планёрцы з затоенным дыханнем чакалі, якую старшыня адкрые старонку. Пры Эдвардавічы ўвялі дзяжурствы спецыялістаў. Строга кантралявалі расход паліва з дапамогай спецыяльна зробленых жалезных прутоў з пазнакамі. 
Галіна Міхайлаўна:
– Па ініцыятыве Рука ў калгасе ўвялі КПУ – каэфіцыент працоўнага ўдзелу. Гэтым пытаннем займалася я, як галоўны экана­міст: спецыяльна распрацоўвала палажэнне аб аплаце працы і іншыя нарматыўныя дакументы. Напрыклад, пры каэфіцыенце 1 атрымлівалі 100 рублёў, пры 0,8 – «мінус» 20%. Скажам так, калі пры Пострашы нядбайных працаўнікоў выхоўвалі калектыўна, то пры Руку –  матэрыяльна. 
Спецыялісты не сядзелі ў кан­торы – усе былі замацаваны на розных участках і этапах сельгас­вытворчасці. Не было службовай машыны – ехала на ўласных «Жыгулях» на ферму ці ў поле. Падчас сяўбы, корманарыхтоўкі, жніва адказвала за пэўнае звяно, хоць абавязкаў галоўнага эканаміста ніхто не адмяняў. Нават раздача камбікорму на фермах і свінагадоўчым комплексе не абыходзілася без спецыялістаў бухгатэрыі.  
Варнянскую гаспадарку з вялікіх даўгоў і крэдытаў Уладзіслаў Эдвардавіч вывеў на самаакупнасць. Неяк прыватнікі хацелі «адціснуць» мясаперапрацоўчы цэх – Рук адстаяў. Варнянская свіная прадукцыя карысталася небывалым попытам, асабліва ў Расіі. Уявіце, якога эканамічнага росквіту дасягнуў калгас, калі толькі грошай ад здачы малака хапала на выплату зарплаты ўсім работнікам. Пры Руку пабудавалі новую сучасную кантору, некаль­кі калгасных магазінаў, адраман­тавалі вежу-альтанку, млын...
Генрых Станіслававіч:
– У кожнага кіраўніка быў свой стыль кіравання і характар. Галоўнае ўпушчэнне таго часу, на мой погляд, – узбуйненне калгасаў. Рук, наколькі ведаю, не хацеў прымаць Трокенікі.  
Галіна Міхайлаўна:
– Ён, таксама, як і Постраш, пайшоў на павышэнне… Увогуле ж, як бы гаспадарку ні называлі – калгасам, СВК, КСУПам – сутнасць не мяняецца: кіраўнік павінен быць у першую чаргу гас­падаром, а людзі – працаваць. За прыкладам далёка хадзіць не трэба: «Варняны» – таму яскравае пацвярджэнне…


Текст: