На 5 пытанняў аб галоўным адказваюць спецыялісты сельскай гаспадаркі

13:00 / 20.11.2022
Напярэдадні прафесійнага свята ў гасцёўню «АП» карэспандэнт запрасіў спецыялістаў аграпрамысловага комплекса Астравеччыны і папрасіў іх адказаць на 5 пытанняў аб галоўным:
1. Чаму выбралі такую прафесію і ці памятаеце свой першы дзень у гаспадарцы?
2. Калі зазірнуць у вашу працоўную кніжку, то якія запісы там можна ўбачыць?
3. Якім гэты год выдаўся ў прафесіі і ў жыцці?
4. Якое рашэнне было самым складаным за гады работы ў аграпрамысловым комплексе раёна?
5. Каго са спецыялістаў вы маглі б ці хацелі замяніць? Калі не сельская гаспадарка, то…

1. Думаю, многія памятаюць свой першы працоўны дзень, асабліва аграрыі. (Усміхаецца.) У мяне гэта была ранняя восень, сонечна, цёпла – у КСУП «Міхалішкі» поўным ходам сеялі азімыя. Мяне прызначылі памочнікам раслінаводчага ўчастка. У гэтай гаспадарцы я праходзіў вытворчую практыку, але самастой­ная работа ў якасці агранома-памочніка – гэта зусім іншая справа. Тое, чаму вучылі ва ўніверсітэце, адрознівалася ад рэалій. За дапамогу, парады і спагадлівасць удзячны тагачасным галоўнаму аграному Андрэю Іосіфавічу Стволу і брыгадзіру Міраславу Іосіфавічу Памецьку. 
2. Запісаў у маёй працоўнай кніжцы няшмат. Літаральна праз два гады мяне прызначылі галоўным тэхнолагам міхалішкаўскіх і страчанскіх ніў. Ці было мне страшна і складана? Безумоўна. Па вялікім рахунку, на мне ляжала адказнасць за ўсё раслінаводства нашай гаспадаркі. 
3. У асабістым плане гэты год быў проста цудоўным – цьфу-цьфу, каб не сурочыць. У працоўным – нармальным: на моцную «тройку» з плюсам па пяцібальнай шкале. Сёлета парадавалі збожжавыя і цукровыя буракі, але засмуціў рапс. Не спісваю з нас адказнасці, што крыжакветкавы не ўрадзіў: недапрацавалі з яго праполкай. 
4. Самым складаным момантам стала маё прызначэнне на пасаду галоўнага агранома. Па-першае, было цяжка псіхалагічна. Адпрацаваў два гады і толькі ўчора быў маладым спецыялістам – а тут такая адказнасць: трэба прымаць узважаныя рашэнні, размяркоўваць фронт работ і даваць указанні нашмат старэйшым за мяне механізатарам і вадзіцелям. 
5. Міністра сельскай гаспадаркі! Жартую, канешне. (Усміхаецца.) Мне здаецца, я на сваім месцы. Ну а калі тэарыэтычна, то звязаў бы сваё жыццё з інжынернай галіной – ляжыць у мяне душа да тэхнікі. 

1. У наш час сярод хлопцаў была папулярнай  прафесія механізатара. Пасля Завідзіненцкай «васьмігодкі» паступіў у Камароўскае СПТВ. Тагачасны старшыня калгаса «Зара» (цэнтральная сядзіба ў Завідзінентах) Яўген Кухарчык узяў да сябе і прызначыў прычэпшчыкам – была тады такая пасада. Механізатар гадоў 20-ці, якога я павінен быў падмяніць, збіраўся жаніцца, трактар Т-74 у яго быў дагледжаным… Хлопец паказаў мне, як культываваць глебу, араць, – і пайшла ў мяне работа.

2. Пасля арміі ў 1976 годзе вярнуўся ў «Зару», мне далі трактар МТЗ-52, цягам года – новы МТЗ-80. У 80-м ужо працаваў загадчыкам рамонтных майстэрняў у Завідзінентах, а праз два гады стаў галоўным інжынерам. Пазней Мар’ян Шагун «перацягнуў» у калгас імя Чапаева. Галоўным інжынерам  у «Варнянах» быў Вацлаў Блашкевіч, якога праз некаторы час я змяніў на гэтай пасадзе. Са жніўня 2003 года – у СВК «Гудагай». 

Мяняліся запісы аб пасадах у працоўнай кніжцы, гаспадаркі – але ўсё жыццё не здрадзіў механізацыі. КСУП «Гудагай» – трэці калгас і апошні. Пайшоў сёмы год, як я працую на пенсіі. 

3. У асабістым жыцці год спакойны – значных змяненняў не было. Старэйшы сын ужо дацэнт сельскагаспадарчых навук у навукова даследчым інстытуце ў Жодзіне; старэйшы ўнук ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі вучыцца на інжынера, праўда, камп’ютарнага… Для мяне, як для любога бацькі, галоўнае – каб у маіх блізкіх было ўсё добра.

Што тычыцца работы, радуе, што наша гаспадарка развіваецца: павялічваюцца намалоты і надоі.  Штогод абнаўляецца і парк сельгастэхнікі КСУП «Гудагай». За апошнія два гады набылі два «Ягуары», два збожжаўборачныя камбайны айчыннай вытворчасці КЗС-1218, некалькі МАЗаў, трактары МТЗ-3522, «Джон-Дзір 8400», два «Амкадоры-352», «Маніту-735», транспарт для падвозу людзей… І мяне дырэктар уважыў, кажа: «Парфёнавіч, трэба табе службовую машыну ўжо мяняць».  Месяц як я за рулём новай «Лады Ларгус». Да гэтага быў аўтамабіль такой жа маркі, на якім за няпоўных сем гадоў «наматаў» паўмільёна кіламетраў. 

4. Самым складаным рашэннем было даць згоду на прапанову тагачаснага старшыні варнянскай гаспадаркі Уладзіслава Рука ўзначаліць свінагадоўчы комплекс. Я чалавек, які быў увесь час «пры жалезе», а жывёла – гэта зусім іншае. Дзякаваць богу, справіўся і там. Пабудавалі новую лінію па вытворчасці камбікорму, пачалі расці прывагі… Прыемна, што наша гаспадарка трывала трымалася ў тройцы лепшых калгасаў Гродзенскай вобласці і Беларусі, якія спецыялізуюцца на свінагадоўлі. 

5. Мне складана ўявіць сябе ў іншай прафесіі, трэба даваць дарогу маладым. Радуе, што ў нас падрастае талковая і, спадзяюся, надзейная змена. 

1. Падчас вучобы ў  Віцебскай ветэрынарнай акадэміі я праходзіла практыку ў гервяцкім калгасе. Тамтэйшы старшыня Вячаслаў Адахоўскі прапанаваў вярнуцца да іх. На размеркаванні ўжо чакалі «купцы» з гэтай гаспадаркі, якія прывезлі мяне на малочна-таварную ферму ў Чэхі, што ў сямі кіламетрах ад Гервят. Выдалі новы веласіпед – і пакінулі адну. Якраз карова ацялілася, паслед не адыходзіў… Рукі трэсліся, але справілася. Свой першы працоўны дзень запомніла на ўсё жыццё. 

2. На МТФ «Чэхі» адпрацавала 7 месяцаў ветэрынарным урачом, потым «перакінулі» на комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, а праз некалькі месяцаў прызначылі галоўным ветурачом.   

3. Радуе, што павялічыліся прывагі буйной рагатай жывёлы і захаванасць маладняку. 

Акрамя гэтага, вырасла рэалізацыя перапрацоў­шчыкам малака гатункам экстра.

Напрыканцы мінулага года «Гервяты» ўзялі ў арэнду МТК «Газа». Хачу адзначыць калектыў гэтага комплексу на чале з начальнікам Генуэфай Харкевіч. Што ім ні скажы – усё зробяць! За два месяцы малако ў іх пайшло гатункам экстра – варта было толькі змяніць састарэлае малочнае абсталяванне. 

Як галоўнага ветурача мяне цешыць ветэрынарная служба: нас дзесяць чалавек – і мы каманда. 

Наперад не хочацца зазіраць, але ўсё ж такі пахвалюся: па ініцыятыве дырэктара КСУП «Гервяты» Ігара Жданава ў нашай гаспадарцы запланавана будаўніцтва новага сучаснага малочна-таварнага комплексу. У цэлым 2022 год для жывёлагадоўлі нашай гаспадаркі склаўся добра.

Адыходзячы ад работы: гэты год мяне парадаваў выдатным летам – гародніна добра расла і кветкі буялі. Выходзіла на вуліцу, глядзела на прыгажосць – радавалася і неаднойчы лавіла сябе на думцы: якое яно, жыццё, – цудоўнае!

4. Калі ўзраслі патрабаванні да якасці малака, самым складаным для мяне было прывучыць даярак працаваць у гэтым накірунку – не даіць у агульны «кацёл» пралечаных і здаровых рагуль. Доўга змагаліся, даводзілася нават дэпрэміраваць – але на комплексах выйшлі на малако гатункам экстра. 

5. Калі б не сельская гаспадарка, дакладна пайшла б у медыцыну. Прываблівае нейрахірургія. Нават калі аб’язджаю комплексы і фермы, пры мне заўсёды ёсць чамадан з інструментамі – мне падабаецца аперыраваць. Магчыма, малодшы сын ажыццявіць маю няспраўджаную мару: стане хірургам. Старэйшы, дарэчы, па спецыяльнасці  ветэрынарны фельчар. 



1. Пасля заканчэння Ашмянскага сельскагаспадарчага тэхнікума ў жніўні 1985 года прыйшла на работу ў саўгас. У гаспадарцы самая гарачая пара – жніво. Бухгалтары, у тым ліку і я, дзяжурылі на складах і прымалі зерне. Гаспадарка хоць і была невялікай, але ў той год быў добры намалот.

2. У маёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс  – «бухгалтар». Не лічачы пазнак, калі мяняліся назвы гаспадаркі і адбываліся ўзбуйненні. 

3. Парадавала, што сёлета ніва лепш урадзіла, чым у мінулым годзе: «валоўка» пасля дапрацоўкі зерня склала каля 7 300 тон. Рапс, улічваючы нашы глебы, таксама вырас добрым: намалацілі звыш тысячы тон. Нарыхтавалі пад патрэбу сянаж і сілас, таму, думаю, і зімоўка на фермах і комплексах пройдзе без праб­лем. 

У жыцці гэты год нічым асаблівым не вызначыўся. Жывём з мужам удваіх, трымаем гаспадарку: карову, свіней, курэй. Дзеці даўно выраслі і стварылі свае сем’і – ужо самі бацькі. (Усміхаецца.) Радуюся, калі наш дом на вялікія святы поўніцца вясёлымі галасамі ўнукаў. 

4. Больш чым за 35 гадоў работы ў саўгасе не прыгадаю свайго самага складанага рашэння. У нас моцны і талковы галоўны бухгалтар Алена Клюкоўская – таму ўсе праблемныя пытанні вырашаліся. 

5. У іншай галіне, акрамя сельскай гаспадаркі, сябе не ўяўляю.  Я люблю сваю работу і нізавошта яе не прамяняла б на іншую. 


Текст:
Фото: Алёна Ганулич