Міхаіл Гадунка з КСУП “Гервяты” грузіць кармы амаль на ўсё пагалоўе гаспадаркі

12:00 / 20.11.2022

Трактарыста-машыніста я заспела за работай на тэрыторыі комплекса па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы: «Амкадорам» мужчына загружаў рапсавы жмых у кузаў аўтамабіля. Пазней даведалася, што, аказваецца, Міхаіл Леанідавіч загружае кармы на ўсю гаспадарку, за выключэннем малочна-таварных комплексаў у Дайлідках, Рымдзюнах і Газе. 
– Родам я з Украіны, з Ровенскай вобласці. Калі быў хлапчуком-падлеткам, бацькі пераехалі на Астравеччыну, у Гервяты. Пасля службы ў арміі прыйшоў у гаспадарку – па гэты дзень тут і працую. Жанаты, з Ірынай выгадавалі дваіх сыноў, – сціпла ў некалькіх словах расказаў сваю біяграфію мужчына. 
Першы трактар, які даверылі Міхаілу Гадунко, быў Т-150. Праз некаторы час маладому, але стараннаму механізатару ўручылі ключы ад новенькага МТЗ-1523. 
– І араў, і культываваў глебу. Гадоў дзесяць назад нават узяў адно з прызавых месцаў у конкурсе прафесійнага майстэрства аратых, –  узгадвае мужчына. – Больш чым за 30 гадоў працаваў на розных сельгасмашынах, напрыклад, на пагрузчыку з тэлескапічнай стралой, а апошнія 10 гадоў гружу кармы «Амкадорам». 
Як і большасць мужчын, Міхаі­ла Леанідавіча вабіць тэхніка. 
– Асаблівы мой гонар – савецкі матацыкл «МТ-Днепр» 1975 года выпус­ку. У Астравецкім раёне, напэўна, такія яшчэ ёсць – а вось у гервяцкай ваколіцы толькі ў мяне. Тэхніку любіць трэба і даглядаць, тады і яна без паломак служыць будзе, – зазначыў механізатар.   

Текст:
Фото: Алёна Ганулич