Святлана Будзько з саўгаса не стала баскетбалістай, затое знайшла сваё месца ў жывёлагадоўлі

10:00 / 19.11.2022
265

Яшчэ некалькі гадоў назад ферма ў Кямелішках была малочнай. Але, пралічыўшы наперад усе «плюсы» і «мінусы», кіраўніцтва саўгаса вырашыла перавезці кароў на малочна-таваныя комплексы ў Рытань і Падольцы, а тут пакінуць групы дарошчвання і адкорму. 
– Каля дваццаці гадоў тут працую: спачатку была даяркай, цяпер даглядаю бычкоў. У маёй групе крыху больш за 150 галоў, – расказала Святлана Фёдараўна. – Жывёла падзелена на тэхналагічныя групы ў залежнасці ад узросту і вагі. Да мяне трапляюць 120-кілаграмовыя быкі, якія знаходзяцца ў групе, пакуль не набяруць 200 кілаграмаў. Затым іх пераво­дзяць у іншае аддзяленне, а я набіраю навічкоў.
– Сена малым разносім уручную, а так сумесь «дзеліць» кормараздатчык, – працягвае жывёлавод. – Калі патрэбна, лечым хворых жывёл, падчышчаем клеткі – сядзець склаўшы рукі часу няма.
Тое, што Святлана Будзько – не беларуска, выдае чыстая руская гаворка без мясцовых дыялектаў. 
– Родам з літоўскай вёскі Преняй.  Межы пры Савецкім Саюзе былі адчынены – таму многія з жыхароў Астравеччыны жылі і працавалі на Літве. Выпадкова там пазнаёмілася з будучым мужам, ён адсюль родам. Можна сказаць, што ў Кямелішкі мяне прывяло каханне, – успамінае жанчына. – Хоць па нацыянальнасці я літоўка, але лічу сябе тутэйшай, мясцовай, больш таго – сваёй. Тут простыя і харошыя людзі, прыязныя суседзі. На Літве засталася родная сястра: нядаўна бачыліся – добра, што ў нас увялі бязвіз. Нагаварыліся з ёй… 
Задала сваёй гераіні традыцыйнае журналісцкае пытанне: кім яна марыла быць у дзяцінстве і ў якой сферы бачыць сябе, акрамя сельскай гаспадаркі? 
– Баскетбалісткай, – не задумваючыся, адказала Святлана Фёдараўна. – Прафесійна гэтым відам спорту я не зай­малася, але ў школе не прапускала ніводнага ўрока па фізічнай культуры. Проста ў захапленні была ад гэтай гульні! Па адукацыі я кветкавод-агароднік. Да замужжа працавала ў калгасных цяпліцах. Што тады толькі ні вырошчвалі, пачынаючы ад прывычных агуркоў-памідораў і заканчваючы экзатычнымі гваздзікамі і ружамі. Цяпер, наколькі ведаю, ад той гаспадаркі нічога не засталося…
Жанчына прызнаецца, што ніколі не падумала б, што бу­дзе працаваць у жывёлагадоўлі.
– Я задаволеная, як усё склалася ў жыцці. Наракаць на лёс – гэта не пра мяне. У нас свой дом, трымаем гаспадарку. Муж працуе ў рамонтных майстэрнях у Кямелішках, сын выехаў у сталіцу: пячэ хлеб, – жанчына на хвіліну задумалася, а потым дадала: – А з жывёлай, хоць і складана, але цікава працаваць. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений