У Гальшанах здымаюць нацыянальны фільм «Мы едины»

11:47 / 09.11.2022
248
Гальшаны – мястэчка з багатай гісторыяй, авеянае легендамі і паданнямі. Яно прыцягвае ўвагу даследчыкаў, гісторыкаў і навукоўцаў, людзей мастацтва, якія імкнуцца адкрыць нязведаныя таямніцы або атрымаць натхненне.

Гэта жаданне простае і зразумелае, бо прыгожыя вулкі аграгарадка з гістарычнымі будынкамі пераносяць у іншую эпоху, дапамагаюць адчуць незвычайны каларыт. Цэнтральная плошча і вуліца Замкавая выклікаюць асаблівую цікавасць. Менавіта цэнтр мястэчка і знакамітая вуліца не раз з’яўляліся месцам для здымак дакументальных фільмаў і мастацкіх карцін.



У другой палове шасцідзясятых гадоў у Гальшанах здымалася мастацкая стужка “Вайна пад стрэхамі”, якая мела на мэце выкрыць разбуральную сілу вайны. Пазней Гальшаны прывабілі рэжысёра Дзмітрыя Зайцава, які выбраў цэнтр аграгарадка для здымкаў фільма “Паміж жыццём і смерцю”. Мясцовыя жыхары тады мелі ўнікальную магчымасць асабіста пазнаёміцца з зоркамі айчыннага кінематографа. А некалькі гадоў таму ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля адбываліся здымкі гісторыка-прыгодніцкага фільма “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”.



Цікавасць да мястэчка застаецца на высокім узроўні і зараз. У пачатку лістапада ў Гальшанах пачалі здымаць мастацкі фільм пад рабочай назвай “Мы едины”.  Мы пабывалі на здымачнай пляцоўцы, акунуліся ў таямнічую атмасферу кіно. Каляровыя шыльды ўпрыгожылі будынак былой амбулаторыі, а імправізаваная гандлёвая пляцоўка размясцілася каля драўлянай будыніны. Гандляркі па-сапраўднаму ўжыліся ў свае ролі: вось яны спрытна выкладаюць абаранкі, садавіну і гародніну. Дарэчы, ролі выконваюць не прафесійныя артысткі, а мясцовыя жыхаркі, якія, адклаўшы штодзённыя клопаты і справы, паспрабавалі свае сілы ў новай якасці. Спрытныя коннікі дапамагаюць перанесціся ў ішую эпоху, адчуць подых даўніны.



Падзеі адбываюцца ў 1925 годзе. Гэты складаны час для Беларусі  адлюстраваны на прыкладзе канкрэтнай сям’і, няпростых узаемаадносін у ёй. Праблема выбару, псіхалогія чалавека ў складаных умовах, прыняцце жыццёвых рашэнняў – усё гэта выходзіць на першы план. Праца над сцэнарыем вялася дастаткова доўга. Некаторыя часткі перапісваліся па некалькі разоў. Аўтары імкнуліся паказаць сітуацыю максімальна набліжана да рэчаіснасці, таму працавалі з архіўнымі дакументамі, звярталіся за дапамогай да гісторыкаў. Акцёры таксама знаёміліся з гісторыяй дадзенага перыяду, каб як мага лепш адчуць праблемы і сумненні сваіх герояў. У той час цэлыя сем’і былі падзелены мяжою. Частка тэрыторыі аказалася пад уладай палякаў. Назва фільма “Мы едины” падкрэслівае галоўную ідэю стужкі – Беларусь павінна быць цэласнай і непадзельнай.



Гістарычныя кансультанты аказвалі дапамогу з выбарам касцюмаў для герояў  і лакацый для здымак. Дзеянне фільма ахоплівае два населеныя пункты – Стаўбцы і Рубяжэвічы, аднак знайсці адпаведныя пабудовы там аказалася дастаткова складана. Ірына Філіпава, дырэктар здымачнай групы, зазначае, што будынкі, якія адпавядаюць таму часу, вельмі змяніліся, былі пафарбаваны або адрэстаўраваны, а некаторыя актыўна выкарыстоўваюцца пад розныя мэты. Гальшаны ж сталі ідэальным варыянтам, бо архітэктура мястэчка яшчэ захоўвае сваю самабытнасць.



Прыемна радуе і акцёрскі склад. У здымках фільма прымаюць удзел маскоўскія акцёры, якія даўно палюбіліся гледачам. Зусім нядаўна ў Гальшаны прыехала зорка расійскага кінематографа Антаніна Дзівіна, якая выконвае адну з галоўных роляў у карціне. Каля трыццаці беларускіх і расійскіх акцёраў задзейнічаны ў здымках. Ірына Філіпава адзначае, што масоўку складаюць мясцовыя жыхары, якія актыўна адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у здымках.



Падбор масоўкі, дапамога з устаноўкай дэкарацый, дастаўка інвентара – вырашыць гэтыя пытанні дапамог райвыканкам, прадстаўнікі мясцовай гаспадаркі, а супрацоўнікі ДАІ ажыццяўлялі рэгуліроўку дарожнага руху падчас працы над фільмам.





Да канца каляндарнага года плануецца завяршыць здымачны працэс і прыступіць да мантажу карціны. Ужо вясною будучага года чакаецца выхад фільма на вялікі экран. Для жыхароў Ашмянскага раёна гэта стане асаблівай падзеяй. Хтосьці пазнае ўласны двор, знаёмую забудову, а хтосьці – і сябе самога. Сумесная праца згуртавала і аб’яднала людзей, дала магчымасць паглядзець на жыццё і яго каштоўнасць іншымі вачыма, зразумець найважнейшыя рэчы.

Ашмянскі веснік


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений