Спондаўская школа адзначыла залаты юбілей

10:00 / 05.11.2022
Колькі б гадоў мне ні споўнілася, колькі б часу ні мінула з апошняга званка, але кожны раз, пераступаючы парог Спондаўскай сярэдняй школы, мяне накрывае хваля разнастайных пачуццяў, якія няпроста перадаць словамі. Не, я не адчуваю сябе вучаніцай і мне не хочацца зноў сядаць за парту ці выходзіць да дошкі, але нешта ёкае ўсярэдзіне, сэрца пачынае біцца хутчэй, а на душы становіцца радасна і хвалююча адначасова. Тут усё да болю знаёмае і блізкае, тут прайшло дзяцінства і юнацтва, тут засталася часцінка мяне. Проста гэта МАЯ школа. І ў мінулую суботу яна адзначыла залаты – 50-гадовы – юбілей. 


Спондаўская СШ была пабудавана ў 1972 годзе на змену старэнькай Жукойнежалядскай сямігодцы. Пабліскваючы вялікімі вокнамі спартзалы, новы двухпавярховы будынак на прыгорку прывабліваў увагу здалёк. Праўда, тэрыторыя ля яго была недобраўпарадкаваная – і настаўнікам з вучнямі давялося прыкласці нямала намаганняў, каб тут зазелянелі кусты, заквітнелі клумбы, з’явіліся сад і парк, але гэта ўжо было пасля. Галоўнае – з’явілася свая сярэдняя школа. 
І праз 50 гадоў, у дзень юбілею, дзверы гэтай самай школы амаль не зачыняліся, а фае ледзь змяшчала гасцей, напаўняючыся гоманам і смехам. Абдымкі аднакласнікаў, чуллівае вітанне з настаўнікамі і вясёлыя воклічы: «А памятаеце?!» Бывае, што час сцірае з па­мяці чалавека нейкія ўспаміны, а школьныя сцены захоўваюць іх назаўсёды, таму, трапляючы сюды, усё ўзгадваецца.
Адправіцца ў невялікае падарожжа па мінулым прапанавалі гасцям і вядучыя, узгадваючы гісторыю ўстановы і запрашаючы на сцэну педагогаў, якія адпрацавалі тут не адно дзесяцігоддзе. Валянціна Ільінічна Крэміс, Станіслава Іосі­фаўна Шушко, Яўген Іванавіч і Зоя Іванаўна Лукшы, Анастасія Кан­с­тан­­цінаўна Каванская... Настаў­ні­­каў, чые прозвішчы зала­тымі лі­та­­рамі ўпісаны ў летапіс, можна пера­­лічваць доўга. Аднак педагогі пішуць толькі палову  гісторыі школы, другая – за яе выпускнікамі. Яны выходзілі на сцэну і ўспаміналі, дзя­кавалі, жадалі… Можна пераказаць словы, але немагчыма перадаць пачуцці, з які­мі яны былі вы­маўлены. Прызнаюся, ад шчы­расці некаторых нават віль­гатнелі вочы. 

Прыемна было бачыць на ўра­чыстасці нашчадкаў першага ды­рэк­­­тара Веры Лявонцьеўны Конан, якая стала пачынальнікам дынастыі: абедзь­ве яе дачкі Лілія і Інэса, а таксама ўнучкі Дзіяна і Марына звязалі жыццё з педагогікай.

Шмат добрых слоў і пажаданняў выказалі начальнік аддзела аду­кацыі райвыканкама Аксана Зем­лякова, старшыня райкама праф­саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Кутовіч, намеснік камен­данта пагранічнай камендатуры «Гудагай» Дзмітрый Пугач, дырэктары Міхалішкаўскай і Аль­хоўскай СШ Віктар Казак і Сяргей Гаўрыловіч, загадчык дзіцячага сада №2 Астраў­ца Таццяна Крэчка, ляснічы Спон­даўскага лясніцтва і выпускнік школы Войцех Лукашэвіч. А прад­стаўнікі Астравецкага лясгаса, з якім школа даўно супрацоўнічае, павіншавалі яе загадзя. 
А якія творчыя нумары падрых­тавалі гаспадары! Вучні і настаўнікі спявалі, танцавалі, паказ­валі жар­таў­лівыя сцэнкі… Пасля ўрачыс­тасці ў класах, фае, калі­до­рах яшчэ доўга не змаўкалі галасы. Школа гаманіла і жыла… 




P.S. Прызнаюся ў любові да роднай школы і я. Праўда, усведамленне гэтага прыйшло не адразу. Памятаю, калі пачула на нейкім конкурсе, што выступае ўдзельніца са Спондаўскай СШ, – не на жарт усхвалявалася і вельмі перажывала за дзяўчынку. З таго часу гэтае пачуццё ўзнікае заўсёды, як і неверагодная радасць і гонар за землякоў, калі яны трапляюць у лік лепшых. І калі часам чую нешта пра «глухую і аддаленую» адказваю: «А я ганаруся, што вучылася ў Спондах, там працавалі і працуюць цудоўныя настаўнікі, там вучацца здольныя дзеці». 



Лічбы: за 50 гадоў атэстаты атрымала 547 вучняў.   

Спондаўскую СШ узначальвалі:

  • Вера Лявонцьеўна Конан (1972 – 1973);
  • Міхаіл Уладзіміравіч Мілюць (1973 – 1976);
  • Іван Мікітавіч Мартынаў (1976 – 1978);
  • Тэафілій Баніфацавіч Міхалькевіч (1978 – 1994);
  • Анастасія Канстанцінаўна Каванская (1994 – 1999);
  • Станіслава Іосіфаўна Шушко (1999 – 2008);
  • Юрый Юр’евіч Юркевіч (2008 – 2011);
  • Кацярына Іванаўна Емяльян – з 2011. 

Слова аксакалам... 

Тэафілій Міхалькевіч, былы дырэктар: 

– Да Спондаў я працаваў у некалькіх школах, у тым ліку і дырэктарам. У 1949 годзе скончыў 7 класаў у Гервяцкай школе і паступіў у Ашмянскае педвучылішча. Працаваць пачынаў у Іўеўскім раёне, пасля былі 4 гады арміі ў Балтыйскім флоце. У канцы 1958 года вярнуўся дадому. Якраз патрабаваўся настаўнік у Дравяніцкую пачатковую школу. Загадчыкам там была Надзея Крас­ко. Маладая, прыгожая, актыўная – яна мне с першага погляду спадабалася.  Пачалі разам працаваць, а пасля і пажаніліся. (Усміхаецца.) Праз 8 гадоў стаў дырэктарам Алясінскай васьмігодкі, у якой працаваў 12 гадоў. Калі прапанавалі ўзначаліць Спондаўскую, было крыху боязна – усё ж сярэдняя школа: дзяцей шмат, калектыў незнаёмы – а раптам не спраўлюся? Але ж хто не рызыкуе… Словам, прыехалі мы з жонкай у Спонды ў 1978 годзе – і засталіся на ўсё жыццё. Надзея Іванаўна, як і раней, вяла пачатковыя класы, а я быў дырэктарам і выкладаў гісторыю. На той час у школе працавала 23 настаўнікі і вучылася 218 дзяцей. (Усе гэтыя звесткі ў Тэафілія Баніфацавіча запісаны ў спецыяльны сшытак, які ён вёў на працягу ўсіх гадоў працы. – Заўв. аўт.) Калектыў у нас сабраўся харошы, прафесійны, дружны: Іван Мікітавіч Мартынаў, Валянціна Ільінічна Драздоўская (Крэміс), Станіслава Іосіфаўна Шушко. Праз некаторы час у Спонды пераехалі Зоя Іванаўна і Яўген Іванавіч Лукшы, якія працавалі разам са мной у Алясіне. Прыязджалі маладыя настаўнікі. Усе стараліся, працавалі – і прэстыж нашай школы рос: граматы амаль штогод атрымлівалі. Асабістых узнагарод таксама маю нямала. Але самым каштоўным у сваім жыцці лічу людзей, з якімі пашчасціла сустрэцца і працаваць разам. За што і хачу ім усім падзякаваць. 


Валянціна Крэміс, ветэран педагагічнай працы:

– Мне заўсёды падабалася вучыцца, а пазней – вучыць. Скончыўшы сямігодку ў Жукойнях Жалядскіх, пайшла ў Жукойніцкую сярэднюю школу, дзе сярод іншых педагогаў была тая самая настаўніца, якая ўзначаліла Спондаўскую школу ў першыя гады і з якой мы разам працавалі – Вера Лявонцьеўна Конан. А пашчыраваць давялося добра, і не толькі на ўроках, але і на прышкольнай тэрыторыі – тады ж тут не было ні клумбачкі, ні дрэўца. Настаўнікі, вучні, тэхработнікі – усе працавалі дружна і з ахвотай, бо хацелі, каб наша школа была самай лепшай і прыгожай. Дарэчы, дзеці ў той час былі прагнымі да навукі і вельмі здольнымі, яны любілі вучыцца і стараліся быць ва ўсім лепшымі. Мне пашанцавала быць класным кіраўніком і выпусціць 7 класаў. У 90-91 гадах у маім класе было 9 вучняў, двое з якіх скончылі школу з залатым, а адзін – з сярэбраным медалямі. І гэта не адзіныя выдатнікі сярод выпускнікоў. І сёння так прыемна бачыць у зале знаёмыя твары. Дзякую ўсім вам за тое, што былі добрымі вучнямі і сёння прыехалі павіншаваць родную школу.


...выпускнікам 

Ганна Памецька (у дзявоцтве Лаўрыновіч), першая выпускніца:

– Нават не верыцца, што ўжо прайшло 50 гадоў. Сапраўды, як расказала Валянціна Ільінічна, у школе мы вучыліся, працавалі, сябравалі, жартавалі – словам, былі звычайнай моладдзю таго часу. Дзякуй, што запрасілі на ўрачыстасць, мне вельмі прыемна знаходзіцца ў гэтых сценах. Віншую ўсіх настаўнікаў і вучняў з юбілеем школы. Здароўя, шчасця і сонейка над усімі галовамі. 



...дырэктару 

Кацярына Емяльян:

– Я памятаю, як прыйшла ў Спонды на працу і вельмі ўдзячная ўсім, хто падтрымаў, падказваў, дапамагаў. Дзякуй усім, хто прыйшоў павіншаваць родную школу. Прыязджайце часцей – дзверы нашай установы заўсёды для вас адкрыты.



Текст:
Фото: Марина Мацкевич