На спатканне з землякамі прыехаў паэт Станіслаў Валодзька

16:00 / 02.11.2022

«Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем» – словы Рыгора Барадуліна з’яўляюцца жыццёвым крэда беларускага паэта, нашага земляка, ураджэнца Падольцаў Станіслава Валодзькі. Нават дзіўна: мужчына практычна ўсё свядомае жыццё пражыў у Латвіі, у Даўгаўпілсе, але не забыў, ні як “падвялы аер на памытай падлозе пахне”, ні як “марозам злым клямка пальцы пячэ балюча”. Больш таго: з уласцівым яму талентам прапагандуе за мяжой беларускае слова, сваю радзіму – ды так узнёсла, апантана, прыгожа, што часам нават зайздросна: вось каб кожны беларус гэтак жа! Ён неаднаразова прызнаваўся ў сваіх вершах і выступленнях, што чэрпае творчыя сілы, энергію жыцця ў роднай старонцы. І менавіта ў Падольцы, дзе прайшло дзяцінства паэта, з усіх дарог імкнецца яго душа.

Неаднаразова ў Астраўцы і ў роднай вёсцы паэта ладзіліся творчыя сустрэчы з земляком. Праўда, апошнім часам з-за пандэміі “ковіду” стасункі часцей былі віртуальнымі – дзякуй сучасным тэхналогіям! Але як толькі эпідэмічная сітуацыя стала больш спакойнай, ды яшчэ Беларусь адкрыла бязвізавы ўезд для жыхароў суседніх дзяржаў, Станіслаў Валодзька прыехаў на Астравеччыну.


Нагод было некалькі: паказаць родным і самому ўбачыць моцна абноўленую за апошні час Астравеччыну, напярэдадні святых лістападаўскіх дзён наведаць магілы продкаў, спаткацца з аднавяскоўцамі. Вядома ж, цэнтральная раённая і Падольская сельская бібліятэкі не прамінулі магчымасці наладзіць сустрэчу са знакамітым земляком.

На гэты раз Валодзькі прыехалі ўсім сямействам: разам са Станіславам у Астравец завіталі яго жонка Вольга, дарослыя сыны Алег і Антон, нявестка Алена, унук Ксюша і Алёша. Высветлілася, што большасць членаў сям’і не толькі добра ведаюць вершы мужа, бацькі і дзеда, але і вельмі артыстычна іх чытаюць.

І землякі, як аказалася, любяць творы Станіслава Валодзькі. Ды і як не быць таму: “Астравецкая праўда” з моманту першай публікацыі яго паэтычнай “Пробы пяра” ў 1974 годзе і да гэтага часу рэгулярна змяшчае вершы земляка ў выпусках “Літаратурнай старонкі”. Вераніка і Мацвей Сакалоўскія прачыталі некаторыя з іх.


Многія вершы Станіслава Віктаравіча пакладзены на музыку і сталі прыгожымі песнямі. Шэраг іх выканаў сааўтар Станіслава, астравецкі кампазітар Аляксандар Якіменка, многія, у тым ліку ў выкананні вядомых у Латвіі прафесійных спевакоў, гучалі ў запісе.

Не абышлося і без падарункаў. Паэт прывёз землякам збор твораў у двух тамах, дзе сабраны плён яго шматгадовай творчасці і фоталетапіс жыцця; дзіцячыя кніжкі, што нядаўна ўбачылі свет; дыск з песнямі на свае вершы – усё гэта перададзена ў фонд бібліятэк.

…Цёплай, шчырай і кранальнай атрымалася сустрэча з паэтам. Калі яна закончылася, удзельнікі доўга не разыходзіліся і гаварылі пра ўсё на свеце.

Бо “трэба дома бываць часцей … каб душой не ачарсцвець і не страціць святое штосьці”.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик