Уладзімір Крывец – настаўнік, бацька, аўтааматар
12:00 / 21.10.2022
«Хацеў стаць ваенным хірургам, а пайшоў у настаўнікі»
Школьнае жыццё ў Валодзі прайшло насычана. Яго бацькі лічылі, што дзеці павінны быць развітымі рознабакова – і запісалі сына ў эстэтычны клас. Так, акрамя звычайнай агульнаадукацыйнай праграмы, з 1-га класа ў хлопца з’явіліся штотыднёвыя 15 гадзін дадатковай нагрузкі: хор, сальфеджыа, вакал, баян, фартэпіяна, маляванне і іншае. Пазней хлопец стаў пастаянным удзельнікам абласной алімпіяды па біялогіі, а ўжо доследнай дзейнасцю па фізіцы мог займацца бясконца – гэта было захапленне амаль з першага ўрока. Пра мастацкую самадзейнасць наогул няма размовы – хіба вучань эстэтычнага класа мог яе ігнараваць? Словам, дадому ён прыходзіў з прыцемкамі. Класны кіраўнік нават жартавала, размаўляючы з маці хлопца, каб прыносілі ў школу раскладушку – усё роўна Вова тут большую частку дня праводзіць, хай ужо і начуе. Вучыўся хлопец з ахвотай. І марыў стаць ваенным хірургам. Аднак… Калі пачаў збіраць дакументы для паступлення, яму сказалі, што не пройдзе – перашкодай стала праблема са зрокам.
– Тады адчуваў, ды і цяпер перакананы, што гэта прафесія аказалася б мне па сіле, – упэўнены Уладзімір Мікалаевіч. – Я браўся б за самыя складаныя, праблемныя выпадкі. Кажу так не таму, што хачу пахваліцца, а проста ведаю свой характар. Мне раілі паступаць на звычайнага медыка – адмовіўся, бо такі варыянт не задавальняў. Не, значыць – не! Затое задумаўся пра прафесію настаўніка. Я шмат часу праводзіў у школе і неаднаразова чуў, што ў адукацыі вельмі складана. А я ж люблю цяжкасці! Ваеннаслужачыя паветрана-дэсантных войскаў кажуць: «Хто, калі не мы?» – прыкладна так падумаў пра настаўніцтва і я. Без цяжкасцей паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і пра гэта не пашкадаваў. Вучыцца было цікава, але яшчэ больш падабалася займацца з дзецьмі доследамі і эксперыментамі, бо ў гэтым і заключаецца сутнасць навукі: не проста расказаць, а паказаць, даць паспрабаваць вучню зрабіць сваімі рукамі. Дзіця можа не запомніць формулу, а сутнасць працэсу застанецца ў памяці. Я з задавальненнем займаўся навукова-практычнай дзейнасцю – і гэта прыносіла адпаведныя вынікі: вучні заваёўвалі прызавыя месцы на канферэнцыях, ёсць дыпломы і ў мяне, а дзве навуковыя публікацыі нават змешчаны ў зборніку артыкулаў. Захоўваю гэту кнігу дома, каб пасля паказаць дзецям: глядзіце, чым тата займаўся. (Усміхаецца.) А медыцына… Так ці інакш, але нашы шляхі перасякліся. Я не стаў ваенным хірургам, затое мая жонка працуе ўрачом.
«Калі нарадзіўся сын, адчуў адказнасць, а радасць прыйшла пазней»
З будучай спадарожніцай жыцця Насцяй Уладзімір пазнаёміўся ў студэнцтве – і на 5-м курсе яны справілі вяселле. На той час хлопец ужо падпрацоўваў фізікам у адной са школ Гродна. Бліжэйшыя гады ў маладой сям’і былі распісаны: скончыць універсітэт, уладкавацца на працу, купіць аўтамабіль, абзавесціся жыллём, а ўжо пасля падумаць пра дзяцей. Аднак нездарма кажуць, што сваім планаваннем мы толькі весялім Усявышняга. Крыўцы пажаніліся ў канцы студзеня, а вясной даведаліся, што ў іх будзе дзіця. Навіна была неспадзяванай, але ўпэўненасці дадаваў надзейны тыл з двух бакоў у выглядзе будучых дзядуль і бабуль. Заставалася толькі ўнесці карэктывы ў жыццёвы план.
– Я родам з Ашмян і добра ведаў, што суседні горад энергетыкаў імкліва развіваецца, таму пасля атрымання дыплома мы пераехалі ў Астравец, – успамінае Уладзімір Крывец. – Насця ўладкавалася праходзіць інтэрнатуру ў мясцовую бальніцу, мяне накіравалі ў Гудагайскую школу. А 30 лістапада на свет з’явіўся Павел. Што адчуў у той момант? (Задумваецца.) Адказнасць за гэты маленькі камячок, за яго жыццё і дабрабыт. А вось радасці ці эйфарыі не было. Падчас родаў хвалюешся за жонку, пасля – за здароўе немаўляці, перажываеш, калі яно не спіць, сочыш, каб дзіця нармальна развівалася. Словам, гэта адказнасць, клопат і апека. Так было не толькі з першым, але і з другім дзіцём. А вось бацькоўскую радасць і гонар я адчуў ці, хутчэй, усвядоміў, пазней. Затое не перастаю імі любавацца: калі, напрыклад, сын нешта майструе ці праводзіць вопыты, а дачка бегае, скача і, гуляючы, цягае мяне за валасы. (Смяецца.) Яны растуць, развіваюцца, цікавяцца рознымі рэчамі, выказваюць сваё меркаванне, дэманструюць індывідуальнасць і характар – і гэта класна.
«Выхаванне – складаны працэс, у якога няма адзінай формулы»
У Гудагайскай СШ, куды Уладзімір у 2015 годзе прыйшоў маладым, але далёка не «зялёным» спецыялістам, ён з лёгкасцю адаптаваўся і хутка заваяваў аўтарытэт. Настаўнік умеў зацікавіць на занятках і вызначаў, каму фізіка па-сапраўднаму патрэбная. Цяпер ён не без гонару адзначае, што рады за тых вучняў, у якіх заўважыў і развіваў патэнцыял да вывучэння фізікі, і яны так ці інакш звязалі будучую прафесію з гэтай навукай. Значыць, у свой час настаўнік даў патрэбныя парады і накіраваў на правільны шлях.
– Канешне, ганаруся, – пацвярджае суразмоўца. – Вось не ўбачыў бы я ў іх схільнасць да фізікі – і сталі б яны, скажам, дрэннымі юрыстамі ці бухгалтарамі – каму ад гэтага было б добра? Настаўнікі павінны не толькі вучыць, але і выхоўваць дзяцей. А вось як – гэта пытанне рытарычнае. Некаторыя могуць сказаць: «А вось у Макаранкі!..» Аднак і яго метады не заўсёды дзейсныя. Здаецца, добрая забяспечаная сям’я, а разбэшчаны сын ці дачка аднойчы выходзіць з-пад кантролю, лічыць, што ўсё дазволена, – і трапляе ў непрыемнасць. У мяне двое дзяцей, і для нас з жонкай вельмі важна выхаваць іх правільна, бо як глядзець у вочы іншым бацькам і штосьці ім казаць, калі сам не магу прывіць этычныя нормы сыну і дачцэ! А вось як гэта зрабіць правільна? Як фізік, які прывык усё вакол аналізаваць, скажу так: выхаванне – складаны працэс, у якога, на жаль, няма адзінай формулы. Узяць маіх дзяцей: што можа паўплываць на Пашу, тое на Варвару не дзейнічае. Значыць, да кожнага трэба шукаць свой падыход. А вось прывіваць агульныя правілы паводзін варта ўласным прыкладам. Чаго можна патрабаваць ад дзіцяці, калі просіш яго дапамагчы маці, а сам ляжыш на канапе?
«Тата – прыклад для пераймання»
Уладзіміра і яго малодшага брата бацька з дзяцінства прывучаў да працы. Нярэдка бывала, што сябры запрашалі пагуляць, але хлопцы адмаўляліся: пакуль не даробім, што абяцалі, – не пойдзем. А справа заўсёды знаходзілася: плот паставіць, дах падрамантаваць, агарод ускапаць. Часам браты злаваліся: колькі ж можна?! А калі падраслі, зразумелі, што гэта – бацькава навука.
– Тата выхоўваў нас строга, яго слова было законам, – успамінае Крывец. – Я не памятаю, але мама расказвала, як аднойчы за распусту ён паставіў нас з братам у кут, а сам пайшоў на працу. І як пасля мама ні прасіла-маліла нас выйсці, мы да вечара не зварухнуліся з месца, бо тата не дазволіў. Вярнуўшыся дадому, ён убачыў гэтую карціну і не мог дараваць сабе, што забыўся на нас. Можна падумаць, што бацька быў тыранам – але не. Ён нас і пеставаў, і забаўляў, проста ў яго быў свой метад выхавання. Тата быў для нас аўтарытэтам. І такую мадэль выхавання пераняў у яго я. Мы часта гуляем з дзецьмі, можам так дурэць, што пасля разам атрымаем вымову ад жонкі за беспарадак. Аднак калі сын ці дачка правініліся, яны ведаюць, што на тату не падзейнічаюць угаворы-слёзы-просьбы – і пакарання не пазбегнуць. Затое тым жа дзядулем яны маніпулююць бессаромна. І калі я спрабую ўзгадаць бацьку наша дысцыплінаванае дзяцінства, ён адказвае: «Вы мае дзеці, і я вас выхоўваў. Гэта – мае ўнукі, якіх выхоўваеш ты, таму я іх магу песціць, колькі і калі захачу». (Усміхаецца.)
«Люблю адпачыць пад машынай»
Яшчэ са школьнай лавы Уладзімір падсеў на інтэлектуальную іголку – ён апантаны ігрок «Што? Дзе? Калі?». З сям’ёй часта выбіраецца ў падарожжа па Беларусі, і, напэўна, засталося мала мясцін, дзе яны не пабывалі. Ёсць у мужчыны і яшчэ адно хобі – «паляжаць» пад машынай.
– Я аўтамабіліст да мозга касцей – і гэта ў нас сямейная «хвароба», – усміхаецца Уладзімір. – Добра, што ў настаўнікаў адпачынак вялікі. Я тады купляю запчасці і магу на тыдзень залегчы пад аўтамабіль. «Балты» круціць – гэта маё! А падабаецца гэты занятак за тое, што там не толькі фізічна працуеш, а яшчэ і кумекаеш, што да чаго. Фізічная работа ў спалучэнні з разумовай – што можа быць лепш?! (Усміхаецца.)
Адным сказам пра галоўнае
Прадоўжыце фразу:
– Тата гэта…
– Неабходная апора.
– Дзеці гэта…
– Працяг цябе.
– Сям’я гэта…
– Найвышэйшая каштоўнасць, за якую трэба біцца. І не ў плане камусьці «фэйс начысціць», а з самім сабой, каб было камфортна другой палавінцы, дзецям, родным. Так, паўнацэнная нармальная сям’я – гэта вялікая праца, але яна таго вартая.
Фота з архіва сям’і Крывец