На добрую і годную службу – у Астраўцы прайшоў дзень прызыўніка
З 24 кастрычніка пачынаецца адпраўка маладога папаўнення ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Пуцёўку ў армейскае жыццё атрымалі і 43 жыхары Астравецкага раёна. Напярэдадні для іх у СШ №3 прайшоў дзень прызыўніка.
Для маладых абаронцаў Айчыны, якія вось-вось прыступяць да выканання армейскіх абавязкаў, гучала шмат добрых пажаданняў.
– Прыемна, што мы вярнуліся да правядзення гэтага мерапрыемства ў такім вось фармаце, думаю, яно будзе карысным, тым больш у гэтай школе другі год дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Адзінства” і большасць з яго ўдзельнкаў – хлопцы, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. – Прызыўнікам жадаю галоўнага: спакойнай службы ў наш неспакойны час. Не паддавайцеся на правакацыі і шчыра выконвайце свой воінскі абавязак.
– Абарона краіны заўсёды была ў пашане і лічыцца святым абавязкам яе грамадзян, – нагадаў юнакам ваенны камісар раёна Дзмітрый Багуслаўскі. – Спадзяюся, вы годна пройдзеце гэты этап жыцця, вернецеся дадому яшчэ больш мужнымі і адказнымі, а кола вашых сяброў дапоўніцца надзейнымі армейскімі таварышамі.
Да пажаданняў добрай і годнай службы таксама далучыліся старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Іосіф Грамбоўскі, благачынны Астравецкага благачыння Георгій Савіцкі і першы сакратар ГА БРСМ Вольга Максімава.
А вучні і настаўнікі СШ №3 падрыхтавалі для прызыўнікоў канцэрт.