Легенда пра збаночак і шклянку ад Яны Галінай
Бог паспяшаўся блаславіць народжанае дзіцятка – падарыў маці гліняны збанок. Напоўніў яго пяшчотай, любоўю, працаздольнасцю, справядлівасцю, адказнасцю. Жанчына здзівілася, калі ў гладышы ўбачыла ваду, а не малако.
– Малако толькі на кароткі тэрмін, а вада – на ўсё жыццё, – пачула яна шэпт.
Пакаштавала матуля ваду і зразумела, што збанок напоўнены мацярынскім скарбам. Нахіліла яна пасудзіну над дачушкай і жыццядайныя кроплі па адной пачалі скатвацца ў шклянку, якую маці зрабіла з нітак надзеі і дабрыні.
Праходзілі дні, месяцы, гады. Шлянка напаўнялася чароўнай вадкасцю. Дзяўчынка вырасла і сама стала маці. А гладыш, калісьці цалкам напоўнены вадой, амаль апусцеў – адзіная кропля ў ім засталася.
Унукі выраслі. Жанчына дачакалася праўнукаў. А як жа збаночак? Нахіліла жанчына яшчэ больш гладыш – апошняя кропля пакацілася ў шклянку. Шклянка поўная. Збанок пусты.
Яна ГАЛІНА, Астравец.