Калі чакаць першага снегу?
Сонечным, пагодлівым, цёплым, хоць пад раніцу ўсё ж крыху марозным, выдалася сёлета бабіна лета. Гэта найлепшы час для паэтаў, мастакоў, аматараў прыроды, якія любяць паблукаць па лесе, падслухоўваючы ў шэпце апалага лісця вершаваныя радкі, мелодыі, прызнанні ці проста рэха сваіх думак.
Але якой бы прыгожай ні была восень у сваю залатую пару, гэта, як правіла, час развітання… На парозе – напрадзім’е з яго замаразкамі, дажджамі, слатой, першым снегам…
Якой была восень у перыяд з 19 па 25 кастрычніка, расказваюць дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
У 1989, 2006, 2019 гадах бабіна лета ў гэты час працягвалася: тэмпература паветра днём дасягала +12-190С, а 19 кастрычніка 2019 года паднялася да 210С! Адносна цёпла было і ў 1996, 1998, 2005 гадах – +8-150С. У 2000 годзе начныя прымаразкі да -20С змяняліся дзённымі тэмпературамі да +130С.
А ў 1990 годзе бабіна лета закончылася 19 кастрычніка – і пачаліся дажджы, холад, начныя замаразкі. Прымаразкі ад нуля да +70С. У 1991 годзе Стэфан Рамэйка запісаў 24 кастрычніка: “Пераменная воблачнасць. Часам пралятаў снег”. Тэмпература тады была каля нуля градусаў. У 1992 годзе снег пайшоў 22 кастрычніка – і не спыняўся ўсю ноч і цэлы дзень. “Наснягала да 15 сантыметраў, ноччу моцна наліпала на дрэвы і правады, шмат дрэваў паламала і правадоў паабрывала”, -- запісаў у тым годзе варонскі натураліст.
У 1997 годзе першы снег выпаў 21 кастрычніка, затым ішоў яшчэ некалькі дзён, перамяжаючыся з дажджом, і 26-га, як сведчаць запісы Стэфана Рамэйкі, “… раставаць і не думаў”.
Холадна было ў гэты час і ў 1993, 1994, 1999, 2003, 2016 гадах.
У 2003 годзе 22 кастрычніка Стэфан Рамэйка запісаў: “Конь і карова ўжо ў хляве. Зарана!”
Народныя прыкметы
Калі снег выпадзе да таго як дрэвы скінуць лісты, то ён хутка растане.
23 кастрычніка, на Яўлампія, прыкмячалі, куды скіраваны рожкі Месяца: калі на поўнач – быць хуткай зіме і снег ляжа на сухую зямлю, калі ж на поўдзень – непагадзь прадоўжыцца яшчэ два тыдні.
Паводле запісаў
Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі
падрыхтавала Ніна РЫБІК.