Астраўчанкі Галіна Вяжбіцкая і Вольга Раткевіч атрымалі падзяку за сыноў

15:30 / 14.10.2022

Кожная маці бачыць шчасце ў сваіх дзецях і няма большага гонару, чым пачуць, што яны выраслі добрымі людзьмі.

Штогод 14 кастрычніка ў раённым ваенкамаце праходзіць урачыстасць, на якой уручаюць Падзячныя лісты жанчынам, чые сыны годна служаць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Сёлета ў ваенкамат на Дзень маці былі запрошаны астраўчанкі Галіна Вяжбіцкая і Вольга Раткевіч. Знешне спакойныя, але хваляванне і ўзрушанасць чыталіся ў у іх вачах, яны пачулі ў свой адрас шмат добрых слоў.

Першым жанчын павіншаваў ваенны камісар Астравецкага раёна Дзмітрый Багуслаўскі, які пажадаў ім заўсёды быць шчаслівымі маці, адчуваць любоў, клопат і апеку дзяцей, а таксама падзякаваў за выхаванне сыноў, якія зарэкамендавалі сябе дысцыплінаванымі і адказнымі ваеннаслужачымі.


Да яго слоў далучыўся і прадстаўнік вайсковай часці 97106 Аляксандр Амялішка:

– На свеце ёсць нямала слоў, якія можна аднесці да святых, і “мама” – адно з іх. Віншую вас са святам і ад імя камандавання вайсковай часці дзякую за сыноў, што ў нас служаць. Ілля і Уладзіслаў годна выконваюць свой абавязак, з адказнасцю і стараннасцю падыходзяць да любога баявога задання і карыстаюцца аўтарытэтам у камандзіраў і таварышаў. Іх поспех – ваша заслуга. Дык дазвольце вам за гэта падзякаваць.

І ўручыў Вользе Яўгенаўне і Галіне Рыгораўне Падзячныя лісты.




Канешне ж, не абышлося без сюрпрыза. Не паспела Вольга Раткевіч атрымаць узнагароду, як адчыніліся дзверы – і павіншаваць маму выйшаў сын Ілля, якога адпусцілі ў звальненне. Уладзіславу Вяжбіцкаму крыху не пашанцавала: у гэты дзень ён заступіў на баявое дзяжурства, але пры першай магчымасці таксама прыедзе дадому.

– Нічога страшнага, убачымся пазней, гэта ж армія, трэба – значыць трэба, –усміхнулася Галіна Рыгораўна. – А за добрыя словы дзякуй, вельмі прыемна. І радасна адчуваць гонар за сына.

– Калі патэлефанавалі з ваенкамата і запрасілі на сустрэчу, было нечакана і хвалююча, – падзялілася Вольга Яўгенаўна. – Адпраўляючы сына ў армію, напэўна, як і ўсе маці, перажывала. А цяпер бачу: расце сапраўдны мужчына. І я шчаслівая.




 

Текст:
Фото: Марина Мацкевич