Как стал офицером, рассказал островчанин Александр Игнатенко

11:02 / 04.10.2022
Пра тое, якую прафесійную сцежку абярэ, астравецкі гімназіст, актывіст і КВЗншчык Саша Ігнаценка ўсур’ёз задумаўся толькі ў выпускным класе – і выбар быў адназначным: ваенны.

– У перавагу гэтай сферы сыграла ролю некалькі фактараў: незалежнасць, стабільнасць, а яшчэ атрыманне дзвюх спецыяльнасцей – ваеннай і грамадзянскай, – тлумачыць выпускнік Ваеннай акадэміі, а цяпер старшы лейтэнант Аляксандр Ігнаценка.

ЖЫЦЦЁ КУРСАНЦКАЕ

Аляксандр атрымаў кваліфікацыі інжынера і спецыяліста па кіраванні.

– Галіна маёй спецыялізацыі – сувязь, – удакладняе наш зямляк. – Ваенная акадэмія раней давала здвоеную спецыяльнасць – цяпер не. Але ж мы і вучыліся 5 гадоў. Праўда, калі паступаў, было крыху іншае ўяўленне пра прафесію, чым аказалася потым.

– Спачатку ў Астравецкай бальніцы прайшоў медкамісію, прафадбор – анкетаванне ў ваенкамаце, затым у Гродне была медкамісія, ізноў жа – тэс­ты, а фізпадрыхтоўку здавалі ў вайсковай часці, – расказвае пра асаблівасці паступлення ў ваенную вну астраўчанін. – Не хваляваўся: са спортам сябраваў, займаўся лёгкай атлетыкай у ДЗЮСШ – у мяне 1-шы дарослы разрад, за вынікі цэнтралізаваннага тэсціравання таксама не турбаваўся: фізіка, мова, а матэматыка ўвогуле была любімым прадметам… 

Найбольш хвалявала Аляксанд­ра тое невядомае, што чакала наперадзе, хлопец разумеў, што давядзецца нялёгка. І напачатку цяжкавата было, асабліва фізічна, а яшчэ раннія пад’ёмы, да якіх ён не прывык.

– Што тычыцца ўкладу жыцця, то спачатку нават не разумееш, дзе ты і хто ты. З-за насычанага рэжыму нават не паспяваеш пра гэта падумаць, таму я і не заўважыў, як прызвычаіўся жыць па іншых правілах, – смяецца малады чалавек. – Звычайна першыя 2 гады курсанты жывуць у казарме, а потым – у інтэрнаце. А я прабыў у казарме 3,5 гады – перад нашым перасяленнем інтэрнат закрылі на капрамонт. Тэрыторыя акадэміі вялікая, усё знаходзіцца ў адным месцы: вучэбныя корпусы, казармы, парк тэхнікі, цір… – гэта вельмі зручна. Нарматывы здавалі штомесяц,  кожную сесію – экзамен па фізічнай падрыхтоўцы. Калі гаварыць пра іншыя прадметы: вучыцца нескладана – выкладалі даступна.

Першы час Аляксандр сумаваў – дахаты змог пры­ехаць толькі праз паўгода пасля паступлення. Сувязь з роднымі трымаў па тэлефоне – і толькі ў вольны час: пасля вячэры давалі мабільныя. Нязвыклай для курсанта Ігнаценкі была ежа: здаровая – усё варанае-паранае, яе, здаецца, і хапала, але ж гэта не хатняе смажанае-печанае. Таму,  калі пачаліся заняткі, на перапынках хлопцы проста апустошвалі аўтаматы з ежай – чарга выстройвалася чалавек па 30.

– На Дзень Незалежнасці мы ўдзельнічалі ў парадзе, да якога пачыналі рыхтавацца за 3-4 месяцы – спачатку ў акадэміі, потым у вайсковай часці, дзе была гарнізонная трэніроўка, а ў перадапошнія дні – на пло­шчы горада ў начны час, каб не замінаць дарожнаму руху. Дзесьці адну трэцюю ўсіх удзельнікаў параду складалі каробкі курсантаў – і кожная дэманстравала нейкую форму адзення – ад часоў Вялікай Айчыннай вайны да сучаснага абмундзіравання, – прыгадвае курсанцкія гады астраўчанін. 

– Да слова, у выпускнікоў акадэміі ёсць дзве прыгожыя традыцыі. Калі курсанты становяцца старшакурснікамі, усе выходзяць на пляцоўку і ў 00.00 крычаць: «Вышэй нас толькі зоркі!», а яшчэ – пра пагоны і пра тое, што ўжо яны самыя старэйшыя, – дзеліцца наш зямляк. – І падчас выпуску: пад каманду «Лік!» новаспечаныя лейтэнанты лічуць «Раз і… – два…» і праходзяць перад міністрам абароны (ён заўсёды прыязджае на гэту ўрачыстасць у акадэмію), і каб мы вярталіся на месца паходным крокам, таксама даюць каманду «Лік!», а ў гэты час усе выпускнікі крычаць «Вось і… – усё!» – замест належнага «Раз і – два…» – і падкідаюць фуражкі ўверх. Гэта прыгожа!

ПАСЛЯ СЛУЖБЫ – СЛУЖБА 

– Размяркоўвалі нас згодна са спецыялізацыяй, – расказвае Аляксандр. – Пасля выпуску лейтэнантам даюць месяц адпачынку – і яны адбываюць для далейшага праходжання службы.

Да слова, папярэдняга размеркавання ў курсантаў, як у звычайных студэнтаў, няма. 

Што тычыцца жылля – камандаванне стараецца ім забяспечыць, а калі няма магчымасці выдзеліць інтэрнат ці арэнднае жыллё, то Узброеныя Сілы кампенсуюць частку затрачаных сродкаў на здым кватэры. 

– Я закончыў вучобу ў 2020 годзе. Мяне накіравалі ў Валожын у брыгаду радыёэлектроннай разведкі – гэта ўсяго 70 кіламетраў ад дома, – працягвае наш зямляк. – У падначаленні афіцэры, прапаршчыкі і салдаты тэрміновай службы.



– Дарэчы, першы мой дзень у часці быў асаблівым: прыбыў, прадставіўся камандзіру, тэлефаную непасрэднаму начальніку запытаць, што рабіць, а мне ў адказ: «Ідзі ў казарму, пераапранайся – будзем нарматывы здаваць». Аказалася, у той дзень афіцэры здавалі фізпадрыхтоўку спарткамітэту – а ён, да слова, прыязджае раз у 3 гады. Падцягванне, 100-мятроўка, 3 кіламетры і паласа перашкод, якую мы і ў акадэміі ніколі не бегалі, – здаў усё, але ў канцы першага працоўнага дня валіўся з ног, – смеючыся, узгадвае Аляксандр Ігнаценка. 

– Першы звальніцельны, калі быў курсантам, таксама быў асаблівым. Ляцеў з акадэміі на крылах – усё ж паўгода дома не быў! І, даехаўшы да чыгуначнага вакзала, зразумеў, што квіток на цягнік, які праз пару хвілін адпраўляецца, купіць не паспею – чарга стаяла велізарная. А дахаты хацелася хутчэй трапіць! Упэўнены, што за праезд аплаціць можна ў вагоне, забег у электрычку, сяджу, апрануты па форме, і чакаю, калі будуць квіткі прадаваць. Заходзяць кантралёры з відэакамерай на куртцы і да мяне: «Ваш квіток?» Я ў адказ: «А ці не можна яго набыць?» – «Трэба было гэта зрабіць раней – плаціце штраф». Я і не адмаўляўся. А вакол мяне бабулькі сталі ўшчуваць на кантралёраў: «Салдацікі нас абараняюць – а вы!» Словам, перапалка доўжылася хвілін 15 – а я ўвесь гэты час сядзеў чырвоны ад сораму, прапаноўваючы аплаціць штраф, – усміхаецца астраўчанін. – «Шчаслівы» я на неспадзяванкі.

Наш зямляк расказаў, што тэрміновая служба ў арміі – гэта не страявая падрыхтоўка, як многія лічаць, а ў першую чаргу навучанне.

– Да нас накіроўваюць салдат, мы размяркоўваем іх па падраздзяленнях, – тлумачыць Аляксандр. – Мае падапечныя вучацца выконваць задачы, звязаныя са спецыфікай сувязі і разведкі. 

– Як і мае падначаленыя, займаюся навучаннем салдат тэрміновай службы, заступаю ў нарады, – працягвае старшы лейтэнант Ігнаценка. – У нас ёсць праграма, якую за паўгода навабранцам трэба засвоіць, – на падставе яе складаем штотыднёвы расклад заняткаў. Яго вывешваем у казарме, каб салдаты бачылі, калі і чым будуць займацца. У раскладзе выдзяляюцца асобныя дні: напрыклад, кожную пятніцу ў нас паркавы дзень – абслугоўваем сваю тэхніку; субота – гаспадарчы, калі наводзім парадак.

А ДОМА...

– Пасля службы, які б стомлены ні быў, адпачываю актыўна: прабежка на стадыёне абавязкова – такім чынам я «перазагружаюся». Захапляюся валейболам – некалькі разоў на тыдзень з такімі ж аматарамі гуляю. Але гэта не азначае, што я люблю выключна рух – паляжаць на канапе не адмоўлюся, – усміхаецца Аляксандр. 

Як і паглядзець добры, з сэнсам, фільм – да прыкладу, «Заўсёды гавары «так» з Джымам Керы ў галоўнай ролі. Як прызнаецца наш зямляк, гатовы пераглядаць яго зноў і зноў: па-першае, з-за харызматычнага  акцёра, па-другое, падабаецца ідэя: калі ты ў нешта верыш і моцна жадаеш, то гэта абавязкова будзе.

– А вось месца прыцягнення – гэта Астравец. Вельмі люблю свой горад, бо гэта мая радзіма, цёплыя ўспаміны… Дарэчы, з аднакласнікамі сустракаемся штогод, – дзеліцца наш зямляк. – Калі прыязджаю дамоў, мама заўсёды стараецца накарміць да адвалу. Яна чамусьці лічыць, што я галадаю, – і нягледзячы на ўсе мае довады, кожны раз стараецца накласці з сабой ежы. (Смяецца.) Вельмі люблю, калі маці гатуе смажаную курыцу. Увогуле маміна ўсё самае смачнае! І яшчэ адно месца, куды мяне цягне магнітам, – гэта Гродна: там жыве каханая дзяўчына.  
Праводзім паралелі

1. Казарма і інтэрнат. Істотная розніца: у інтэрнаце больш свабоднай прасторы – мы жылі па 4 чалавекі ў пакоі, а ў казарме, раздзеленай на 4 сектары, – 100. 

2. Валожын і Астравец. Гэта неба і зямля. Валожын – невялікі гарадок, кшталту Астраўца да забудовы. Астравец – гэта дом і родныя. Мой горад вельмі змяніўся: папрыгажэў, пашырэў. 

3. Форма і «грамадзянка». Па форме я хаджу на службу. Форма дысцыплінуе, адчуваеш адказнасць, разумеееш, што павінен быць прыкладам. Раней курыў і на падсвядомым узроўні не мог сабе дазволіць прайсці з цыгарэтай у форме. 

А ў «грамадзянцы» (люблю спартыўны стыль) я звычайны чалавек, нічога мяне не выдзяляе – хіба што прычоска. 

4. Саня Ігнаценка і лейтэнант Ігнаценка. Саня я для родных і сяброў. Паміж сабой з аднакурснікамі звярталіся па імёнах ці мянушках. А вось калі гучыць «лейтэнант Ігнаценка» – значыць, я на службе. Прызнацца, у першы час нязвыкла было чуць такі зварот. 

Текст: Рита Дремо